Знайсці
29.09.2021 / 16:22РусŁacБел

Палітзняволенага рок-музыку Ігара Банцара з «хіміі» пераводзяць у калонію

Рашэнне аб пераводзе прыняў суд Чыгуначнага раёна Віцебска 29 верасня. Банцару прысудзілі 1 месяц і 25 дзён калоніі агульнага рэжыму, піша Радыё Свабода.

Ігар Банцар

Суд быў выязны, праходзіў у будынку папраўчай установы адкрытага тыпу нумар 9 Віцебска, дзе Банцар адбывае пакаранне з 17 чэрвеня. Паседжанне праходзіла фактычна ў закрытым рэжыме.

Справу разглядаў суддзя Алексіенка, пракурор — Краўцоў.

Суд вырашыў змяніць яму рэжым утрымання на больш жорсткі пасля некалькіх парушэнняў, якія былі ў Банцара на «хіміі», прыкладам, што ён быў непаголены або спазніўся на некалькі хвілін на адбой.

Банцара ўзялі пад варту адразу пасля абвяшчэння рашэння. Першы час ён правядзе ў СІЗА Віцебска, потым яго накіруюць у калонію.

Банцар меўся б выйсці на волю ў лютым 2022 года, калі б заставаўся на «хіміі». Банцар адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, каб «не здрадзіць самому сабе». Ён падкрэсліваў, што неаднаразова меў магчымасць выехаць з краіны, калі яго папярэджвалі, што яго пасадзяць, аднак абраў застацца на радзіме.

За апошні год ён двойчы доўга галадаў. Першы раз у сакавіку, калі сядзеў у гродзенскай турме падчас суду, 16 дзён без ежы і вады. Другі раз 19 дзён «на халоднай турэмнай вадзе з-пад крана», калі сядзеў у штрафным ізалятары на «хіміі». Ён моцна падарваў здароўе, у яго кепска працуе страўнік, ён значна саслабеў фізічна, хаця год таму быў у добрай спартыўнай форме.

Музыкант адзначыў, што трэцюю галадоўку ў турме ён ужо не перажыве, аднак не можа гарантаваць, што яе не будзе.

«Я не планую галадаваць у трэці раз, як я не планаваў і папярэднія галадоўкі. Аднак калі трэба адстойваць свае правы, абараняць сваю годнасць, гэта фактычна адзіны спосаб. Яшчэ можна «ўскрывацца» (рэзаць вены. — РС), але я супраць суіцыдаў», — зазначыў рок-музыкант.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031