«Як вы ставіцеся да блакавання дарог?» — «Блакавання даішнікамі праспекта?» Затрыманы затроліў журналістку «СБ» ВІДЭА
Супрацоўнікі прэс-службы міліцыі працягваюць праводзіць «выхаваўчыя» допыты-інтэрв’ю з затрыманымі дэманстрантамі. Арыштанты, якія знаходзяцца ў няволі, часцяком на стрэсе агаворваюць сябе, спрабуючы атрымаць мінімальнае пакаранне. Некаторыя наадварот, спрабуюць жартаваць.
Адным з затрыманых 15 лістапада стаў 29-гадовы Алесь Гняўко. Інтэрнэт памятае, што гэтага хлопца затрымлівалі яшчэ ў 2007 годзе — з бел-чырвона-белым сцягам у Курапатах.
Цяпер жа Гняўко адвезлі ў Цэнтральнае РУУС, дзе яго дапытвала журналістка «Советской Белоруссіі» Людміла Гладкая. Правакацыйныя пытанні датычыліся дыялогавых пляцовак, пратэстаў і будучыні Беларусі.
***
— Што вы там рабілі?
— Гуляў.
— А першы раз там гуляеце?
— Ды не.
— А ведалі, што там будуць адбывацца пратэсты?
— Здагадваўся.
— Што вам дапамагло здагадацца?
— Навіны.
— Дзе?
— У інтэрнэце.
— А што вы чытаеце?
— Усё.
***
— Як вы адносіцеся да пратэстаў?
— Ды нармальна. Ва ўсім свеце пратэстуюць.
— А за што пратэстуюць у Беларусі?
— Тут, хутчэй, супраць, а не за што.
— Дык супраць чаго?
— Супраць дыктатуры. Усё.
***
— Як вы ставіцеся да блакіроўкі дарог?
— Блакіроўкі ДПС праспектаў?
— Не, калі пратэстуючыя людзі выходзяць на дарогу і не даюць праехаць ні грамадскаму транспарту, не асабістаму.
— Пратэстуючыя выходзяць на дарогу? Калі гэта абгрунтавана, то чаму не? Калі не абгрунтавана і ў гэтым няма ніякага сэнсу, то негатыўна.
І ўсё гэта суправаджаецца неперадавальна багатай мімікай Алеся Гняўко.
***
З Цэнтральнага РУУСа хлопца перавялі ў Жодзіна. Што яму інкрымінуецца, невядома. Бацькі Алеся Гняўко даведаліся пра затрыманне сына толькі з інфармацыі ў тэлеграм-канале «Нашай Нівы».