Выйшаў з друку першы том збору твораў гісторыка Мікалая Улашчыка
У 1360-старонкавым томе — працы па археаграфii i крынiцазнаўстве.
Падрыхтоўка Збору твораў Мікалая Ўлашчыка ў трох тамох пачалася ў 2009 годзе.
Патрэба такога выданьня была прадыктаваная ненармальнаю сытуацыяй, што склалася з папулярызацыяй творчае спадчыны гэтага найбуйнейшага беларускага гісторыка XX ст.
Беларускія выдавецтвы ахвотна выдавалі Ўлашчыкавы публікацыі, якія ў існасьці былі другараднымі для ягонага творчага профілю: дзёньнікі, этнаграфічныя нарысы, ліставаньне й да таго падобнае.
Але асноўны творчы даробак, зьвязаны ўласна з гістарычнымі дасьледаваньнямі, у сыстэмным выглядзе ніколі не выдаваўся пасьля сьмерці дасьледніка.
Дзяржаўныя выдаўцы ня браліся за такі праект з ідэалягічных і палітычных прычынаў, прыватныя — праз агромную колькасьць выдаткаў, якія непазьбежна цягне за сабою такая праца.
З мэтаю збору твораў Мікалая Ўлашчыка быў створаны часовы рэдакцыйны калектыў, у які ўвайшлі гісторыкі Дзьмітры Віцько, Максім Гальпяровіч, Дзяніс Столяр і Аляксандар Пашкевіч. У рамках праекту плянуюць выдаць фактычна ўсе працы Мікалая Ўлашчыка, якія рэдакцыйны калектыў клясыфікаваў як навуковыя.
Выхад 2 тому Збору твораў Мікалая Ўлашчыка чакаецца ў другой палове 2017 году.
Першы том збору твораў вядомага беларускага гiсторыка ўключае ў сябе крынiцазнаўчыя i археаграфiчныя даследаваннi, г. зн. манаграфii «Нарысы па археаграфii i крынiцазнаўству гiсторыi Беларусi феадальнага перыяду» i «Уводзiны ў вывучэнне беларуска-лiтоўскага летапiсання», артыкулы, рэцэнзii i прадмовы да розных публiкацый на адпаведную тэматыку, а таксама два пасмяротныя выданнi, якiя планавалiся як трэцяя i чацвёртая кнiгi гэтай тэматычнай серыi: «Нарысы па археаграфii i крынiцазнаўстве гiсторыi Беларусi дасавецкага перыяду: частка другая» i «Мемуары i дзённiкi як крынiцы па гiсторыi Беларусi».
Кніга мае 1360 старонак і цьвёрдую вокладку, а геаграфічны ды іменны паказьнікі складаюць 78 старонак.
Інфармацыя пра тое, як атрымаць кнігу, ёсць на сайце часопіса Arche.