Знайсці
25.05.2022 / 10:55РусŁacБел

«Спала па 3—4 гадзіны». Школьніца распавяла, як ёй даўся апошні год вучобы

Выпускніца адной са слуцкіх школ распавяла, якім для яе быў апошні навучальны год. Чаму яна спала па 3—4 гадзіны на суткі, і на які вынік у выніку спадзяваецца, паведамляе kurjer.info.

«Мне казалі, што будзе цяжка, але я не думала, што настолькі, — распавяла Вераніка (імя гераіні змененае па яе просьбе). — Чатырохгадзінны сон, апатыя, істэрыкі і недахоп часу — усё гэта пераследвала мяне ўвесь год.

Многія думаюць, што ў 11-м класе настаўнікі лаяльней ставяцца да вучобы і паспяховасці, але гэта зусім не так. Педагогаў не цікавіць, што акрамя іх прадмета ёсць іншыя і як мінімум адзін рэпетытар. Адбываецца эмацыянальны ціск. Напрыклад, з-за страху неатэстацыі. За пропуск кантрольнай работы даводзілася ісці на заняткі, нават калі адчувала сябе хворай.

Бывала, што перад самым выхадам у школу ў мяне здараліся істэрыкі, я проста не хацела туды ісці.

Старалася супакоіць сябе думкамі, што не ў адной мяне складаны перыяд, што трэба браць сябе ў рукі і памятаць, дзеля чаго ты вучышся.

Напэўна, самай напружанай стала трэцяя чвэрць. Яна самая вялікая і насычаная па аб'ёме інфармацыі. Бывалі дні, калі я спала па 3-4 гадзіны, каб паспець зрабіць усё хатняе заданне.

Выдаліла сацсеткі

Па той колькасці часу, што я спала, мне здаецца, што неяк не так распараджалася сваім часам. Хоць спрабавала пераразмеркаваць яго.

Каб не марнаваць час на непатрэбныя рэчы, яшчэ на пачатку года выдаліла ўсе сацыяльныя сеткі, каб не адцягвалі ўвагу. Перш за ўсё TikTok. Думаю, усім вядома, колькі часу ён забірае. Спачатку цягнула зазірнуць туды, але потым прывыкла. Ні кроплі не пашкадавала, што так зрабіла.

Гэты год быў заняты думкамі толькі пра вучобу. Я адкладала ўсе прагулкі з сябрамі на выхадных, бо хацела выспацца. Мне вельмі не хапала простых бесклапотных зносін з сябрамі. Успамінала часта сумесныя паездкі, калі мы шмат размаўлялі і жартавалі.

Ад вялікай колькасці інфармацыі балела галава

Кожны дзень я ўставала ў 6 раніцы, каб сабрацца ў школу і паўтарыць вусныя прадметы. Навучальны дзень доўжыцца звычайна да 3 гадзін дня. Пасля школы старалася гадзіну выдзеліць на адпачынак, а потым ішла да рэпетытара.

Дадому вярталася прыкладна ў сем гадзін вечара. Да гэтага часу ад вялікай колькасці інфармацыі ўжо балела галава, але ўсё роўна на заўтра трэба было рабіць хатняе заданне. Больш за ўсё часу сыходзіла на англійскую мову. Каб нармальна вывучыць білет, мне патрабуецца мінімум чатыры гадзіны. Акрамя англійскай, ёсць яшчэ іншыя прадметы, па якіх гэтак жа патрабуюць ведаў.

Усе дні тыдня праходзяць прыкладна гэтак жа, бо ў мяне яшчэ адзін рэпетытар і курсы. Я разумею, што мне патрэбны добры атэстат, таму прыкладваю столькі сіл. Паводле тых ацэнак, якія я бачу цяпер, магу спадзявацца, што справілася з задачай.

З асабістага досведу

Што я зразумела за гэты год і магу параіць іншым з асабістага вопыту.

Самае галоўнае — вызначыцца з тым, кім хочаш быць, тады ясна, якім прадметам надаць увагу, што прыйдзецца здаваць. Калі гэта зрабіць на пачатку года, будзе больш часу на падрыхтоўку. Абавязкова расставіць правільна прыярытэты. Я ўпэўненая, што кожны сутыкнецца з гэтым.

Па магчымасці схадзіць на ўсе этапы рэпетыцыйнага тэставання. Там можна навучыцца запаўняць бланкі адказаў і азнаёміцца з тэматыкай тэставых заданняў.

Абавязкова берагчы сваё здароўе.

Я вельмі спадзяваюся, што мае старанні і намаганні былі недарэмнымі».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031