Знайсці
26.11.2021 / 17:41

Даляр расце ўжо каторы дзень, а нафта працягвае таннець. Чаго чакаць беларусам?

Апошнімі днямі паціху пачалі расці і даляр, і еўра. Таксама стаў слабейшым і расійскі рубель, падаюць кошты на нафту. Чаго чакаць далей? Крызісу? Дэвальвацыі? Ці неяк наладзіцца? Спыталі ў эксперта.

Павялічыць

Адказвае эканаміст Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары Еўразія».

«Расійскі рубель сапраўды падае: за тыдзень даляр падаражэў з 72,8 да 75,6 расійскага рубля. Гэта 3,8%. 

У гэтага ёсць цэлы шэраг прычын і фактараў. Па-першае, на расійскі рубель ужо недзе з два тыдні цісне абвастрэнне сітуацыі на расійска-ўкраінскай мяжы. Але тут адзначу, што гэта цісне і на грыўну таксама.

Дадатковы фактар, які пачаў уплываць на ўсе валюты краін, якія развіваюцца, — гэта інфармацыя пра новы агрэсіўны штам каранавіруса з Паўднёвай Афрыкі. Праз гэта ва ўсім свеце растуць найбольш бяспечныя валюты: даляр, швейцарскі франк, ена. 

Акрамя таго, падае і кошт на сыравіну, у тым ліку і на нафту. Гэта таксама звязана са звесткамі пра новы штам. Бо ён азначае рызыку ўзмацнення пандэміі, новыя лакдаўны, каранціны і гэтак далей. То-бок, мінусы для эканомікі, адпаведна і мінусы для коштаў на сыравіну.

Падзенне коштаў на нафту маркі «Брэнт» — яшчэ адзін фактар, які таксама пачынае ціснуць на расійскі рубель. А калі расійскі рубель адметна падае адносна іншых валют, у Беларусі адбываецца стандартная рэакцыя: пачынаюць расці даляр і еўра. За тыдзень даляр падаражэў амаль на 3% адносна беларускага рубля. Еўра — больш чым на 2%».

Дык а чаго чакаць далей? Рост даляра павольна, але працягнецца?

«Усе фактары, якія ціснуць на расійскі рубль, працягнуць гэта рабіць як мінімум яшчэ тыдзень. А далей прагназаваць цяжка, бо могуць пачаць дзейнічаць новыя фактары, у тым ліку і новы пакет санкцый», — адказвае Вадзім Іосуб.

У 2021 годзе ўсе чакалі фінансавага крызісу ў Беларусі. Але яго не адбылося. Дык што, пранесла? Ці 2022 пачнецца з новых курсаў валют?

«Насамрэч, эканамічны крызіс і дэвальвацыя валюты — рэчы, якія не заўсёды залежаць адно ад іншага. Крызіс можа адбывацца без дэвальвацыі. Для людзей гэта сінонімы, бо гістарычна ў Беларусі эканамічныя крызісы суправаджаліся дэвальвацыяй, — тлумачыць Іосуб. — Але пад эканамічным крызісам правільна ўспрымаць менавіта рэцэсію: калі эканоміка пачынае не расці, а паніжацца, калі падаюць даходы і расце беспрацоўе.

Гэта значыць, калі ў людзей менш грошай і яны пачынаюць жыць горш. Дарэчы, апошні крызіс — не дэвальвацыя! — у Беларусі адбыўся ў 2016-2017 гадах, калі падаў унутраны валавы прадукт, падалі заробкі, але курс быў стабільны.

Для таго, каб курс рос, патрэбная ўмова: у людзей і прадпрыемстваў мусіць быць шмат рублёў, якія прадпрыемствы панясуць на біржу, а людзі ў абменнікі. Тады расце попыт на валюту, і курс пачынае расці. 

Для таго, каб было шмат рублёў, раней уключалі друкарскі станок і друкавалі грошы. Калі ж станок не ўключаць, то рублёў і ў прадпрыемстваў, і ў насельніцтва становіцца менш. І людзям проста няма з чым бегчы ў абменнікі. 

Калі ў адказ на крызіс станок не ўключаць, то можна атрымаць якраз эканамічны крызіс у выглядзе зніжэння даходаў і запавольвання эканомікі, што не будзе суправаджацца дэвальвацыяй». 

Ці ўключаць друкарскі станок?

«Пытанне ўключаць улады станок ці не — складанае, тут гадаць цяжка. Бо з аднаго боку, Нацбанк разумее, што гэта шкодна. У той жа час кіраўнікі хранічна стратных прадпрыемстваў і ўрад, які лабіруе інтарэсы гэтых прадпрыемстваў, могуць быць зацікаўленыя якраз у тым, каб надрукаваць грошай і падкінуць нашым заводам. І пакуль Нацбанк адстойваў сваю пазіцыю, але да чаго прывядуць гэтыя апаратныя спрэчкі ў будучыні — я гадаць не бяруся.

Але логіка тут дакладная: уключаць станок — значыць будзе дэвальвацыя. Не — можна абысціся без яе нават на фоне крызісу».

Але як падрыхтавацца да дэвальвацыі звычайнаму беларусу? Ці можа ён заўважыць нейкія прыкметы загадзя?

«Можна сказаць, што калі дзяржава ўключыць станок, то звычайны чалавек даведаецца пра гэта, убачыўшы курс даляра ў абменніку. 

Але некаторыя прыкметы можа бачыць і просты рабочы. Калі ў эканоміцы не ўсё добра, калі на яго прадпрыемстве не ўсё добра, продажы падаюць, але ў чалавека стабільна расце заробак — гэта першы званочак. Можна пачынаць рыхтавацца», — адказвае эканаміст. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31