Знайсці
21.04.2020 / 09:3316РусŁacБел

«Дактары самі ў шоку — асабліва тыя, хто ніколі не працаваў з пнеўманіямі»: мінская доктарка, якая працуе з COVID-19, шчыра пра ўсё расказала

Летась Дар’я Чэхава скончыла ўніверсітэт і пачала працаваць тэрапэўтам у прыёмным пакоі 10-й мінскай клінікі. Цяпер яна адна з тых, хто працуе «на перадавой», ратуючы беларусаў ад COVID-19, піша «Радыё Свабода».

Яе допісы ў Twitter пра працу медыкаў падчас пандэміі каранавіруса збіраюць тысячы лайкаў. 

У спецпраекце «Свабоды» «На перадавой» доктарка Дар’я Чэхава апавядае пра пацыентаў, страх і расчараванне — не ў медыцыне, але ў сістэме, у якой працуе.

«Калі на пачатку месяца былі больш лёгкія формы, то цяпер гэта двухбаковая пнеўманія»

Доктарка працуе ў прыёмным аддзяленні, і яе праца змянілася, бо шпіталь перапрафілявалі пад інфекцыйны. Раней Дар’я заступала на змену, прымала пацыентаў з паліклінік ці хуткіх з рознымі дыягназамі. Цяпер — толькі каранавірус.

«Спачатку ў нас былі толькі кантакты першага ўзроўню, потым з'явіўся проста каранавірус, потым — з пнеўманіяй, — тлумачыць Дар’я. — Сёння ў прынцыпе нармальна, таму што цяпер мы прымаем пацыентаў толькі з пацверджаным каранавірусам і пнеўманіяй. Да нас іх пераводзяць з іншых устаноў. Груба кажучы, мы ведаем, што за суткі прыедзе 10 чалавек ці 20, часам 30 ці 40. І мы гатовыя іх прымаць».

У прыёмным пакоі адвялі асобную зону, якую падзялілі на «чыстую» і «брудную» часткі. Там ёсць спецыяльны шлюз, дзе медыкі здымаюць брудныя касцюмы, вешаюць іх пад кварцавую лямпу, здымаюць сродкі абароны, дэзынфікуюць усё і праціраюць септацыдам. Потым ідуць у «чыстую», а калі прывозяць пацыентаў, медыкаў выклікаюць у «брудную» і маніпуляцыі з касцюмам паўтараюцца.

«Па сутнасці, уся лякарня — гэта ўжо «брудная» зона», — прызнае доктарка.

Цяпер, кажа Чэхава, нашмат больш напружаная праца ў аддзяленнях.

«Усе лекары, якія ў нас ёсць, перапрафіляваліся ў інфекцыяністаў. І яны вымушаныя лячыць гэтых «цяжкіх» пацыентаў. Калі на пачатку месяца былі больш лёгкія формы COVID-19, то цяпер гэта каранавірус і двухбаковая пнеўманія. Гэтыя людзі быццам бы стабільныя візуальна, але потым ты глядзіш на іх анамнез, на іхнія здымкі і разумееш, што пацыент сапраўды цяжкі.

Дактары самі крыху ў шоку, асабліва неўролагі, хірургі, бо яны ўвогуле ніколі не працавалі з гэтымі пнеўманіямі. А тут ім трэба весьці пацыентаў з дастаткова сур’ёзнай пнеўманіяй у спалучэнні з сурʼёзным вірусам, які можа ўплываць на іншыя органы. Пры гэтым у людзей ёсць іншыя захворванні. То-бок трэба так спалучыць усё, так прызначыць лячэнне, каб не нашкодзіць пацыенту і вылечыць. І ў гэтым плане лекарам цяжка».

«У тых, хто на апараце ШВЛ, асаблівай дынамікі няма»

Дар’я лічыць, што рашэнне пакідаць дома пацыентаў, у якіх каранавірус працякае ў лёгкай форме, мае сэнс. Бо, кажа яна, цяжкіх пацыентаў з кожным днём становіцца ўсё болей, таму шпіталізаваць усіх немагчыма.

«Трэба пакінуць рэзерв для тых, каму гэта больш патрэбна. Мы чакаем наплыў людзей у траўні, бо Вялікдзень, Радаўніца, потым парад. А гэта ўсё кантакты паміж людзьмі, таму, хутчэй за ўсё, захваральнасць будзе расці».

Доктарка лічыць, што не ўсе беларусы да канца разумеюць сур’ёзнасць сітуацыі з каранавірусам.

«Страшна, калі ты з гэтым працуеш, калі бачыш хворых людзей, вымушаных ляжаць на апаратах ШВЛ, якіх мы намагаемся лячыць, а яны не папраўляюцца. Калі яны прайшлі праз рэанімацыю, то, безумоўна, разумеюць, што такое каранавірус. Але вялікая праблема, што людзі не задумваюцца, працягваюць хадзіць па лякарнях, сустракацца адно з адным».

Акрамя працы ў «прыёмніку», Чэхава часам дзяжурыць у аддзяленнях.

«Не магу сказаць, што ў мяне ёсць свае пацыенты, але як дзяжурны доктар я павінна іх глядзець. Калі нехта новы паступае, я сама прызначаю лячэнне. Ведаю, што ў некаторых аддзяленнях ёсць дынаміка — нават кагосьці выпісваюць. Што да пацыентаў у рэанімацыі, то тут ёсць нюансы. У тых, хто на апараце ШВЛ, асаблівай дынамікі няма, хоць лячэнне добрае».

«Некаторыя калегі сышлі за свой кошт, а некаторыя звольніліся»

Паводле доктаркі, на пачатку году пра каранавірус медыкі не думалі. Нават у лютым яны былі ўпэўненыя, што ён не закране Беларусь.

«Калі ў нас у лякарні з'явіўся першы выпадак каранавіруса, адразу за ім пачалося як па наезджаным. Па праўдзе, мы не думалі, што ўсё так абернецца. Гэты вірус сапраўды вельмі кантагіёзны, то-бок адзін інфікаваны можа заразіць каля трох чалавек. Гэта даволі высокі паказнік заражальнасці.

Я шмат чула пра эпідэмію свінога грыпу ў 2009 годзе, але ў тым годзе я нават не была ўпэўненая, што збіраюся стаць лекаркай. Тое, што адбываецца цяпер, шмат для каго ўпершыню і нечакана. Нашая клініка ў прынцыпе была не гатовая да таго, каб стаць інфекцыйнай. Цяпер кожны дзень у нас перапланаванне, нейкія новаўвядзенні, штосьці намагаюцца зрабіць».

Усе дактары, кажа Дар’я, «крыху на нервах». Некаторыя яе калегі сышлі за свой кошт, а некаторыя і звольніліся — асабліва тыя, хто ва ўзросце.

«Усё ж такі ёсць дакладная карэляцыя паміж узростам і цяжкасцю ходу захворвання»

Дар’я засталася жыць дома, бо жыве з мужам. Але кажа, што калі б жыла з бацькамі, то дакладна ізалявалася б. З імі доктарка пакуль не бачыцца, бо разумее, што можа быць носьбітам інфекцыі, сама таго не ведаючы.

«У псіхалагічным плане [жыць] стала нашмат цяжэй, таму што ты трымаеш у галаве думку, што можаш заразіцца, прынесці гэта дадому. Ідзеш у краму ў масцы і ўсё роўна думаеш, што можаш быць крыніцай заразы. Я нікуды не хаджу. Дом — праца — дом. Так сабе рэжым жыцця. Пастаянная ізаляцыя вымушае замыкацца ў сабе, бо ні з кім не пакантактуеш, не пагутарыш. Час праводзім у коле калегаў, таму што з імі ёсць што абмеркаваць і яны цябе зразумеюць».

«24 гадзіны працы нон-стоп — гэта невыносна»

Мы пытаемся ў Чэхавай пра самы цяжкі дзень у працы з моманту, калі прыйшоў каранавірус. Яна кажа, што такіх было нямала.

«У асноўным яны былі ў канцы сакавіка, наша клініка яшчэ не была перапрафіляваная, але мы прымалі пнеўманіі з іншых лякарняў, якія былі перапрафіляваныя. Да нас ехала столькі пнеўманій, што не было куды падзецца, прыязджалі дзясяткамі. Гэта былі настолькі цяжкія дні, што мы не спраўляліся. У нас тады не было дадатковых ставак тэрапеўта. Спаць не клаліся ўвогуле. Прыходзілі на суткі ў 8.30 раніцы і ў 8.30 праз 24 гадзіны здавалі змену. 24 гадзіны працы нон-стоп — гэта было невыносна. Дапамагчы не было каму, бо пульманалогія таксама працавала напружана.

Быў момант пераходны, калі пачалі з'яўляцца пацыенты з каранавірусам, але яшчэ ніхто не быў да гэтага гатовы, у нас не было сродкаў засцярогі. Да мяне «заехала» вельмі спрэчная пацыентка. Я пераводзіла яе ў іншы шпіталь. У яе была двухбаковая пнеўманія і вельмі непрыгожы здымак лёгкіх. У выніку яна памерла. Сказалі, што гэта не каранавірус, але я не ведаю дакладна. У той момант у мяне ў галаве ўсё пераключылася. Я зразумела, што вось гэта… яно. Зразумела, што гэта ўжо тут і цяпер. Тая ж сітуацыя была, калі пачалі хварэць калегі. Здаецца, што цябе гэта не закране, але вось калега, з якім ты шмат часу быў побач, захворвае на каранавірус».

«Я прыйшла ў медыцыну не па грошы»

У сакавіку ўсім супрацоўнікам 10-й клінікі прыйшоў меншы заробак.

«Мы гэта актыўна абмяркоўвалі з лекарамі, медсёстрамі. Хаця ў сакавіку мы працавалі асабліва напружана. У плане фінансавай падтрымкі мы крыху расчараваныя. Мы так прыкінулі, што нам менш заплацілі ў сакавіку, каб потым заплаціць больш. Асабіста ў мяне тут ніякіх ілюзіяў няма, бо прыйшла ў медыцыну не па грошы. Хаця мяне гэта бянтэжыць, бо бачу, што людзі рызыкуюць сваім здароўем, а ў выніку атрымліваюць маленькі заробак. Гэта няправільна. Што тычыцца сродкаў індывідуальнай аховы, таксама пачалі з'яўляцца праблемы, таму хто дзе дастаў — гэта таксама пэўныя затраты».

Але Дар’я не шкадуе, што выбрала медыцыну. Яшчэ да таго, як скончыла ўніверсітэт, яна працавала медсястрой у рэанімацыі.

«Таму з рэальнай мэдыцынай я сутыкнулася ўжо тады. Мне падабаецца мая праца ў прыёмным аддзяленні. Гэта розныя выпадкі, добрая магчымасць чамусьці навучыцца. Калі з'явіўся каранавірус, мяне не расчаравала праца. Хутчэй расчаравала сістэма аховы здароўя, адсутнасць арганізацыі. Я не магу сказаць, што ў нас усё кепска. Нашая адміністрацыя за нас ваюе. Ведаю, што стараюцца выбіць сродкі аховы, грошай паболей».

Дар’я кажа, што засынае з думкамі аб працы: успамінае пацыентаў, якія ў іх былі аналізы, наколькі быў плённы дзень і што трэба выправіць: «Можа, я такі чалавек — мне заўсёды складана пераключыцца ад працы».

Пытанне пра тое, чаму б не пайсці ў адпачынак за свой кошт ці ўвогуле не звольніцца, для Чэхавай не новае.

«Муж супраць таго, што шмат працы, але я не магу кінуць калектыў. У мяне шмат хто пытаўся, маўляў, чаму ты не возьмеш адпачынак за свой кошт, чаму не сыдзеш адсюль. Але я разумею, што, калі сыду, гэта будзе сурʼёзны прабел у калектыве. Не магу сказаць, што баюся самога каранавіруса, але баюся, што выйду са строю на нейкі час і не будзе каму працаваць. Мой калега хварэе ўжо трэці тыдзень. Ён сябе добра адчувае, але сам факт, што яго няма, заўважны. Пакуль ёсць здароўе і сілы, працягваю працаваць».

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930