Знайсці
07.10.2012 / 09:1121РусŁacБел

Калі ў Маскве гаварылі па-мангольску: новы расійскі фільм «Арда» ламае гістарычныя стэрэатыпы

Сюжэт новага расійскага фільма «Арда» грунтуецца на зафіксаваным у летапісах выпадку.

Сярэдзіна XIV стагоддзя. Тайдула, маці хана Залатой Арды Джанібека, захварэла і выклікала да сябе маскоўскага мітрапаліта Аляксія. Той яе вылечыў малітвамі, і ў памяць пра гэта ў Маскве быў заснаваны Чудаў манастыр. Праўда, ёсць версія, што хварэла не Тайдула, а сам Джанібек. А яе «слепату» прыдумалі, каб схаваць інфармацыю пра хваробу хана. Бо і ў тыя дзікія часы ад здароўя кіраўніка дзяржавы наўпрост залежала трываласць палітычнай сістэмы.

Мітрапаліт Аляксій — адна з найцікавейшых постацяў свайго часу.

Ён быў аўтарам ідэі «збірання» земляў вакол Масквы, фактычна рэгентам пры маладым Дзмітрыю Данскім, ініцыяваў будаўніцтва «белакаменнага» Крамля, які не змаглі ўзяць нашы продкі пад загадам вялікага князя Альгерда.

Яскравае гістарычнае кіно ад рэжысёра Андрэя Прошкіна? Напалову.

Гэтая палова — першая. Дух эпохі падкрэслены мангольскай мовай герояў (як манголаў, так і маскоўцаў), чорным гумарам тых чорных часоў, прасякнуты простай мангольскай ідэалогіяй: «мы не злыя, нам проста трэба прастора, каб пасвіць авечак». (У ХХ стагоддзі такія погляды назвалі нацызмам.)

Без ідэалагічных шораў паказаныя адносіны Арды і Масквы, іх падабенства — норавы эліты, вечная пагроза голаду. Тут аўтары фільма блізкія па поглядах да «еўразійцаў» пачатку ХХ стагоддзя, Гумілёва і Блока, якія абвяшчалі: «Так, скіфы мы, так, азіяты».

Масква ўспрымаецца як частка Арды, толькі праваслаўная.
Цудоўна сыграў Віталій Хаеў цынічнага маскоўскага князя Івана Краснага. Князь успрымае татарву як непазбежнае зло, трымаецца запанібрата з ханскімі слугамі і, як толькі Аляксій выязджае за браму лячыць Тайдулу, прызначае новага мітрапаліта і загадвае рыхтаваць скарб, каб адкупляцца ад будучага татарскага наезду.

«Арда» нагадвае «Мангола» Бекмамбетава, але без эпічнага пафасу апошняга. Пафас у «Ардзе» іншы: «духоўны».
Ён праяўляецца ў другой частцы карціны і зводзіць на нішто сюжэтную дынаміку.

Аляксію не ўдаецца зрабіць «цуд» і вылечыць Тайдулу — зараз хан спаліць Маскву. Уладыка пакутуе, добраахвотна праходзіць у Ардзе «колы пекла», каштуе рабскага хлеба, губляе надзею. І тут раптам выяўляецца, што Тайдула адужала. Цягам амаль гадзіны гледачу даводзіцца правільная думка, што нават на вяршыні духоўнай і свецкай улады нельга ганарыцца. Бо цуды робіць не чалавек, але Бог праз чалавека. Цуд як вынік прасвятлення пасля перажытых пакутаў — як у «Цары» Лунгіна.

Поўнай перамогі дабра над злом, тыповага для блакбастара, не выйшла. Бо і ў XIV стагоддзі цяжка было іх адразу распазнаць.

Што ж у выніку? У Ардзе зноў пераварот, да ўлады прыходзіць унук Тайдулы, бабуля адмаўляецца яго дабраславіць, скача ў цемру са стойбішча. На Арду насоўваюцца міжусобіцы. Аляксій з’язджае ва ўратаваную ім Маскву, якую чакае цэнтралізацыя і перамога над Ардой. Пра ўсё гэта паведамляе гледачам закадравы голас у канцы фільма.

Сяргей Мікулевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031