Знайсці
13.02.2024 / 17:1819РусŁacБел

«Калі чытаць навіны — жопа, калі быць тут, то бачыш магчымасці». Беларускія актывісты — пра тое, чаму застаюцца ў краіне і падполлі

Затрыманні, рэпрэсіі, вайна, санкцыі і размовы пра тое, што Беларусь ператварылася ў канцлагер. А як яно адчуваецца ўнутры краіны? «Медыязона» пагутарыла з грамадскімі і культурніцкімі актывістамі, якія дагэтуль застаюцца ў Беларусі, пра страхі, адносіны да «Новай Беларусі» і матывацыю працягваць рух.

Імёны ўсіх герояў гэтага тэксту — змененыя, іх гісторыі — зашыфраваныя. Усе трое да рэпрэсій кіравалі культурнымі пляцоўкамі і арганізацыямі. Цяпер героі застаюцца ў Беларусі, працягваюць займацца культурай і прасоўваннем беларускай мовы, толькі падпольна.

Ігар, культурніцкі прадпрымальнік: «Любая культура развіваецца толькі на сваёй зямлі»

Колькі часу таму я зрабіў выбар застацца ў Беларусі. Прысвяціўшы сваю працу сферы культуры, разумею, што па-за межамі Беларусі для беларускай культуры нічога не зробіш. Гэта справядліва і для любой іншай краіны, любога народа. У эміграцыі можна толькі культурныя здабыткі захоўваць. Як музейныя экспанаты, але не болей. А вось развіццё, эвалюцыя, наогул жыццё культуры магчымае толькі на той зямлі, дзе яна нарадзілася і развівалася тысячагоддзямі.

Я люблю свой горад, зямлю, краіну. Тут пахаваныя ўсе мае продкі, я хачу, каб мае дзеці раслі і выхоўваліся мной тут. Каб у іх было сапраўднае адчуванне дома, каб іхнія карэньчыкі ўрасталі адразу ў тую зямельку, куды дзяды клаліся, і пераемнасць пакаленняў існавала не на словах, а насамрэч. З Беларусі я з’еду толькі калі будзе смяротная небяспека.

Цяпер у Беларусі цяжка зарабляць грошы: цэны растуць, узровень камфорту зніжаецца, некаторыя тавары ці зніклі, ці выраслі ў цане. Але радыкальнага абвалу не адбываецца. У Беларусі ніколі не было лёгкага жыцця. Прынамсі, не на маім вяку. Але дзе лёгка? Дзе добра? Лёгка і хутка зарабляюцца грошы за кошт чужога гора. Гэта не шлях сумленнага чалавека.

Наконт таго, што Беларусь — канцлагер: лухта. За канцлагер нам ужо адно кінахронікі раскажуць. І нягледзячы на ўсю трэшаніну, нават сучаснай Беларусі да адпаведнасці гэтаму статусу яшчэ вельмі далёка.

Што датычна свабодаў і магчымасцяў — я не памятаю часоў, калі радыкальна адрознівалася сітуацыя. Заўжды любая ініцыятыва знізу праварочвалася з жудасным рыпеннем і праз цяжкасці. Але ў выніку — вынаходлівасць у крыві кожнага беларуса. Мы звыклі знаходзіць магчымасці там, дзе іх нібы няма і быць не можа. І апошнія гады проста змянілі ўваходную стартавую раскладку.

Крыху часу спатрэбілася, каб агледзецца ў абноўленых умовах і далей існаваць у штатным рэжыме. Спрабуем, прабіваемся, дзе можам, дасягаем дробных поспехаў, цешымся, робім наступны крок. Колькі асфальтам поле не закатвай, а трава ўсё адно праб'ецца.

Вось што прыемна — за апошнія гады шмат да каго дайшло, што сама схема закаткі поля ў асфальт — ненармальная.

Так, цяпер актыўных і неабыякавых стала менш, шмат хто з’ехаў. Мы ўсе звыклі існаваць у сваіх колах, якія не з’явіліся проста так, а фарміраваліся цягам часу. І цяпер нашы мікрасусветы разбітыя па розных прычынах. Але ідзе працэс перабудовы, фарміруюцца новыя колы стасункаў, формы ўзаемадзеяння і ўзаемадапамогі. І гэтых формаў стала нашмат больш, бо зачапіла амаль усіх. І новыя мікрасусветы — прасунутыя і ўдасканаленыя версіі папярэдніх. Таму не ўсё так кепска, як можа падавацца.

З 2020 года прайшло тры гады. Тыя падлеткі, што былі падлеткамі, скончылі школы і паступілі ў ВНУ. Я бачу новых людзей, іх цікавасць да беларускасці. І гэта ў сённяшніх рэаліях працэс падпольны, звонку нябачны. Але ён ідзе, ён нікуды не знік і хутчэй набраў моцы. Але людзі баяцца выносіць гэтыя свае цікаўнасці і схільнасці ў публічную прастору — абгрунтавана баяцца. Таму і ствараецца ўражанне, што ўсё заціхла, заглухла і ўсе сталі абыякавымі. Гэта ілюзія.

Мяркуючы па ўсім, з таго боку мяжы не тое, каб асабліва цікавіліся рэальнасцю тут. Складваецца ўражанне, што вымушаных эмігрантаў цалкам задавальняе прадстаўленне Беларусі як канцлагера, дзе ўсё жывое вынішчана, выпалена і закатана пад асфальт. Так, паўздыхаць над магілкай ды чарачку падняць на якім чарговым «з'ездзе», тужліва і пафасна пра страчаную радзіму пастагнаць.

Якімі б жорсткім не былі падзеі і наступствы 2020 года, лічу, што гэта на карысць развіцця беларускасці ў Беларусі. А вось уся гэтая двіжуха вакол новай Беларусі ў эміграцыі — вазюканне віламі па балотнай вадзе. Людзей яднае агульная радасць, агульнае гора і супольная праца. І звычайна гэтае яднанне — вымушаная мера.

Таму хоць зярнятка-зародак і можна сфармаваць недзе там, у Вільнях-Варшавах-Тбілісі, але кідаць яго можна толькі ў тутэйшую глебу. Тады і вырасце з яго нешта. А так — існуюць дзве Беларусі: рэальная і прыдуманая. І мала дзе паміж сабой перасякаюцца. Хацелася б паменей крывадушша, драматызму ды паболей супольнай працы. А тужліва чарачкі ўздымаць лепей ужо тут, пасля.

Станіслаў, культурніцкі актывіст: «Галоўнае, што ёсць у Беларусі — гэта людзі»

У Беларусі мяне натхняюць людзі. З аднаго боку, калі ты сядзіш дома і чытаеш навіны, то ўсё пужае. Але калі выходзіш на вуліцу, бачыш людзей, як добра яны рэагуюць на беларускую мову ў крамах, як яны табе ўсміхаюцца — гэта натхняе і дае энергію. Я цяпер сядзеў еў салату каля вакзала і побач праходзіў мінак, які сказаў мне «Смачна есці». Вось такое натхняе: людзі побач, што яны ёсць, што для іх можна адкрываць Беларусь. Гэта мне дае энергію нешта рабіць у Беларусі.

Нейкі час я жыў не ў Беларусі, і ў мяне нібыта апускаліся рукі. А тут я бачу сторыс людзей, якія нешта робяць, паказваюць сябе, і мне хацелася быць побач з гэтымі людзьмі. Едзеш каля поля, бачыш лес і разумееш, што цяпер ты можаш зрабіць усяго 1% са сваіх магчымасцяў. Але гэты 1% ты можаш зрабіць у Беларусі — і вось гэта галоўная матывацыя тут заставацца.

Так, самае складанае ў Беларусі цяпер — адсутнасць магчымасцяў, што іх становіцца ўсё менш і менш. І гэта не адбываецца адначасова, усё паступова.

У Беларусі людзі адчуваюць страх, адчуваю яго і я. Шмат людзей у Беларусі вымушаныя быць у эміграцыі не толькі ад уладаў, але нават ад сваіх знаёмых. З-за мяжы падзеі ў Беларусі па-рознаму ўспрымаюцца. У тым ліку і з-за падачы навін.

У 2022 годзе быў на канцэрце-трыб'юце «Нейра Дзюбель». Усё было супер: поўны зал, слэм, атмасфера кайф. Пасля ў СМІ з’яўляецца інфармацыя, што АМАП разагнаў канцэрт. Але папраўдзе было інакш. Так, АМАП прыехаў, але на іншае мерапрыемства, якое было пасля. Канешне, гэта жудасна, але калі ты сядзіш з-за мяжы і чытаеш навіны пра тое, як АМАП разагнаў канцэрт «Нейрадзюбеля», то думаеш, які жах. А насамрэч канцэрт прайшоў проста супер.

Таму калі чытаць навіны, то здаецца — жопа, але калі быць тут, то бачыш магчымасці. Канешне, адчуваецца, што жыццё замерла, шмат чаго робіцца непублічна. Але галоўнае, што ў Беларусі ёсць — гэта людзі. І нават не актывісты, галоўнае, што ёсць аўдыторыя. Таму нават калі ў Беларусі застанецца адзін актыўны чалавек: не праблема, галоўнае, каб ён рабіў нешта для тых, хто ў Беларусі.

Я перыядычна выязджаю за мяжу і ведаю людзей, якія выязджаюць і вяртаюцца. Для некаторых гэта як глыток свабоды: выехалі, калі складана, патусілі і вярнуліся. Разумею, што да гэтага можна па-рознаму ставіцца, але гэта трэба прызнаць як факт, такія людзі ёсць.

За палітычным жыццём у эміграцыі я не сачу і не бачу тых, хто гэтым цікавіцца. У людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, ёсць уласныя праблемы выжывання і многім проста па барабану, што адбываецца за мяжой.

Я адчуваю боль з кожным вымушана з’ехаўшым чалавекам. І праз год людзі працягнуць з’язджаць, нават тыя, хто зараз не збіраецца. А вось праз пяць гадоў я бачу пазітыў: спадзяюся на перамены і вяртанне беларусаў.

Аляксандр, грамадскі дзеяч: «Застаюся, каб на месцы ўплываць на будучыню Беларусі»

Унутраны фон у Беларусі цяпер зусім не натхняльны: надзвычай небяспечны і дэпрэсіўны. Сітуацыю цяпер можна параўнаць са знаходжаннем закладніка ў тэрарыстаў. Трэба рабіць выгляд, што ты іх слухаеш, старацца не зліць і паменш трапляцца на вочы, бо прыстрэляць. З іншага боку разумееш, што ў цябе ёсць свая краіна і, канешне, хочацца жыць у ёй. Хочацца, каб у Беларусі былі змены. Таму цяпер натхняе адзінае: заставацца, каб на месцы ўплываць на будучыню Беларусі, калі адкрыецца тая самая фортка магчымасцяў.

Тэзіс пра Беларусь-канцлагер цяпер распаўсюджаны. Але што мы маем на ўвазе, калі кажам пра гэта? У канцлагеры людзей масава знішчаюць — і вось у гэтым адрозненне. Улада не хоча знішчыць усіх абсалютна, яна проста хоча загнаць людзей у стойла, каб тыя паслухмяна выконвалі загады. Людзі, якія знаходзяцца і знаходзіліся ў гэтым стойле, могуць шчыра казаць, што нічога амаль і не змянілася ў Беларусі.

Куды цяжэй тым людзям, унутраныя свабоды якіх выходзяць за межы паесці і паспаць. Яны адчуваюць гэты канцлагер, бо пазбаўленыя магчымасці выконваць і адстойваць свае грамадзянскія правы. Людзей прымушаюць маўчаць, і гэтае самае цяжкае. Бо нават у сваім коле сярод сваіх знаёмых не прынята гучна выказваць свае думкі. Хто ведае, як гэтыя словы могуць абярнуцца пасля.

Гэта, дарэчы, фенаменальна, бо раней такога не было. Я ў грамадскім актывізме з 2001 года, і ніколі не было такога, што ты не можаш выказаць сваю думку. Заўсёды можна было выказаць сваё меркаванне ў коле знаёмых, унутры партыі, у сеціве і гэта не лічылася нечым страшным.

Цяпер цяжка ўсім: і тым, хто з’ехаў, і тым, хто застаўся. Частка маіх родзічаў у эміграцыі, і я ведаю, што гэта. Вельмі няпроста ўладкоўвацца за мяжой і перажываць ад’езд з радзімы.

Калі казаць пра палітычнае жыццё, то ўсе спрэчкі — цалкам нармальная з’ява. Людзі з абсалютна розным узроўнем палітычнай культуры і адказнасці спрабуюць аб’яднацца. Канешне, будзе шмат спрэчак, гэта безумоўна.

Што наконт будучыні Беларусі, то я заўжды прыгадваю прымаўку. Спачатку памерлі тыя, хто думаў, што гэта ўсё ненадоўга. Пасля памерлі тыя, хто думаў, што гэта назаўжды. Засталіся толькі тыя, хто нічога не думаў і рабіў, што мог.

Чытайце таксама:

Маці экс-палітвязня, якая з’ехала ў Вільню, праз вайбер асудзілі за Едастаўку. Працэс быў незвычайным з усіх бакоў

«Пры выездзе з краіны беларусы застаюцца гэткай жа часткай нацыі, як і тыя, хто жыве на радзіме»

«Негатыўнае стаўленне да беларусаў з боку ўкраінцаў — праз неразуменне, што адбываецца ўнутры Беларусі» — былы ўкраінскі пасол

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
31
Панылы сорам
20
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
6
0
Проста жыхар/адказаць/
13.02.2024
Anatol Starkou, згодны. Але чаму вы, не зазнаўшы палітычнага пераследу, не хочаце вяртацца ў сваю кватэру ва Ўруччы?
13.02.2024
Нажаль не пакінулі выбару. Сярод з'ехаўшых 50% каўбаснікаў, хатаскрайнікаў прыстасаванцаў, якія не жадаюць вучыць беларускую мову, або размаўляць на ёй. Там, за мяжой ім нічога за гэта не пагражае. Але яны хутчэй вывучаць польскую або ангельскую, толькі не ўспомняць беларускую мову. Нацыянальнае адраджэнне будзе, але гэта супольная праца ўсёй нацыі, і тых, хто застаўся, і тых, хто з'ехаў. Маскалі пішчом накінуліся на беларускую мову менавіта з тае нагоды, што знішчаючы мову - яны знішчаюць народ. Хартыя вонь перакладае розныя еўрадаклады з ангельскай мовы на "русскій язык". Робячы так. яны працуюць на карысць ворагаў беларушчыны, яны пагаджаюцца з маскоўскай палітыкай ў сэнсе таго, што ну добра, беларуская мова там для якой "Паўлінкі" пракаціць, а "нормальные дела надо делать на нормальном языке".
3
Anatol Starkou/адказаць/
14.02.2024
Проста жыхар,Я тут з год таму пісаў: "Гэта для вас я лукашыст кадэбіст і фээсбэшнік, а для ўлады такіж, як вы". Так што сказ складзены неправільна. А прамы адказ такі: Тут маё ўсё ў Штатах - мая будучая магілка, якую я купіў, кватэра, якую я купіў, дачка і ўнукі. А ў Мінску ва Ўруччы-2 трохкомнатная, якую я афармляю ўнукам Лукашэнкі. Паспець бы аформіць. Мы ж з ім немаладыя.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031