Знайсці
03.02.2024 / 23:1619РусŁacБел

Што стала з былымі міністрамі ўнутраных спраў 

Ведамства, створанае для барацьбы са злачыннасцю, у Беларусі ўспрымаецца як адзін з асноўных органаў пераследу за палітычнае іншадумства. Лукашэнка рэгулярна мяняе кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў. Пасля трагічнага лёсу Захаранкі ніводзін з яго наступнікаў не наважыўся аслухацца Лукашэнкі.

Фота: МУС, Tut.by, скрын дзяржТБ

Уладзімір Ягораў

Узначальваў міністэрства ў савецкай Беларусі (1990) і застаўся на гэтай пасадзе па атрыманні ёю незалежнасці да 1994 года.

Да Беларусі выхадзец з КДБ Ягораў кіраваў міністэрствам унутраных спраў Латвіі, але на пасадзе прабыў толькі год (1985—1986) і быў звольнены ў сувязі з пераводам на іншую працу.

Акурат у той час пачалася гарбачоўская перабудова. Кіраўніцтва СССР мусіла дэманстраваць прыхільнасць да рэфармавання структур улады ў нацыянальных рэспубліках. Сілавое ведамства ў Латвіі, якая краінамі Захаду лічылася акупаванай, пасля Ягорава ўзначаліў латыш.

Уладзімір Ягораў. Фота: kp.by

Затым Ягораў быў прадстаўніком МУС і КДБ СССР пры міністэрстве ўнутраных спраў Афганістану. У той час там ішла вайна, развязаная Савецкім Саюзам. Па вывадзе адтуль савецкіх войск (1989) Ягорава прызначылі начальнікам транспартнага ўпраўлення Міністэрства ўнутраных спраў СССР. 

З гэтай пасады яго і адправілі (1990) кіраваць беларускім ведамствам.

У сваіх успамінах былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык згадваў, што Ягораў не прымаў рэпрэсіўных мераў і быў схільны да кампрамісаў.

У 1993 ён выступіў з крытыкай Кебіча, дзейнасць якога ён называў антыканстытуцыйнай, за што праз нейкі час быў адпраўлены ў адстаўку.

25 студзеня 1994 года Вярхоўны Савет адхіліў Ягорава ад кіраўніцтва ведамства, бо той дапусціў арышт і выдачу Літве кіраўнікоў тамтэйшай кампартыі Міколаса Буракавічуса і Ёзаса Ермалавічуса, якіх на радзіме абвінавачвалі ў спробе дзяржаўнага перавароту ў студзені 1991 года. Камуністы перабывалі ў Беларусі нелегальна.

Праз паўгода Лукашэнка, стаўшы прэзідэнтам, прапанаваў Ягораву ўзначаліць КДБ.

У адстаўку сышоў у 1995-м, бо стаў дэпутатам Вярхоўнага савету 13 склікання. Пасля рэферэндуму 1996 года з дэпутатаў, лаяльных Лукашэнку, была сфармаваная Палата прадстаўнікоў. У ёй апынуўся і Ягораў. Да 2000 года старшыняваў у камісіі па нацыянальнай бяспецы.

Затым выйшаў на пенсію. Выхадзец з Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і гаварыў па-беларуску. У яго хаце вісела «Пагоня».

Генерал-палкоўнік Уладзімір Ягораў памёр 5 кастрычніка 2016 года ад перанесенага інсульту. Яму было 76 гадоў. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Уладзімір Данько

Кіраваў Міністэрствам унутраных спраў з лютага па ліпень 1994 года.

Гэта былі апошнія месяцы праўлення ўрада Вячаслава Кебіча, які хацеў стаць прэзідэнтам, але пераможцам выбараў стаў Лукашэнка.

У 1994-м на Данько ледзь не завялі крымінальную справу за збіццё Лукашэнкі.

Міліцыянеры не пусцілі палітыка ў апячатаны кабінет у Вярхоўным Савеце. Яму парвалі пінжак і паставілі пару сінякоў.

Уладзімір Данько

Пра інцыдэнт Лукашэнка не забыў і, прыйшоўшы да ўлады, звольніў Данько. Пазней ён напіша, што між ім і Лукашэнкам «мінулыя непаразуменні знятыя».

Ад 1995-га да 1999-га Данько быў кіраўніком Акадэміі МУС.

Узначаліць навучальную ўстанову яго прапанаваў тагачасны дзяржсакратар Віктар Шэйман, які запатрабаваў ад пракурора закрыць крымінальную справу супраць Данько.

Данько прыхільна ставіўся да беларускай мовы.

У дзяцінстве ён хадзіў у школу за 9 кіламетраў, бо яна была беларускамоўнай. Казаў, што знішчэннем беларускага школьніцтва займаліся «не настаўнікі і вучні, а начальнікі вышэй». Быўшы міліцыянтам, сілавік удзельнічаў у беларускамоўных літаратурных конкурсах.

Генерал-лейтэнант Уладзімір Данько памёр у 2018 годзе. Яму было 76 гадоў.

Юрый Захаранка

Узначальваў міністэрства з 1994 па 1995 год.

Быў у камандзе Лукашэнкі на выбарах 1994 года, але потым расчараваўся і сышоў у апазіцыю.

У адным з інтэрв’ю Захаранка згадаў гутарку з кіраўніком Рады бяспекі Віктарам Шэйманам, які настойваў, што міністр мусіць выканаць любы загад прэзідэнта.

«Людзей я расстрэльваць не буду, Канстытуцыю парушаць не буду», — тады адказаў кіраўнік сілавога ведамства.

Юрый Захаранка

У кастрычніку 1995-га Захаранку не толькі звольнілі, але і панізілі ў званні з генерал-маёра да палкоўніка. Нагодай для адхілення з пасады сталі нібы фінансавыя парушэнні.

Захаранка далучыўся да Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

На альтэрнатыўных выбарах 1999 года падтрымліваў кандыдатуру былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, шмат ездзіў па краіне, выступаў.

Захаранка знік 7 мая 1999 года.

Паводле былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева і экс-сілавіка Юрыя Гараўскага, Захаранка быў скрадзены так званым «эскадронам смерці» і забіты. Ягонае цела не знойдзена. Гараўскі даводзіў, што яно было спаленае ў крэматорыі Паўночных могілак Мінска.

Сям’я Захаранкі з’ехала ў Германію, дзе атрымала палітычны прытулак. Маці Улляна Рыгораўна памерла ў 2018 годзе ва ўзросце 95 гадоў. Да канца жыцця яна працягвала чакаць сына.

Валянцін Агалец

Узначальваў ведамства з 1995 па 1999 гады.

Быў намеснікам у Захаранкі. Камандаваў Унутранымі войскамі. Казаў, што гатовы выканаць любое даручэнне Лукашэнкі.

Валянцін Агалец (злева). Фота: mvd.gov.by

Агалец не прамінаў згадваць у рэдкіх інтэрв'ю (камунікаваць з журналістамі ён пазбягаў), што дзякуючы Лукашэнку ўдалося перамагчы злачыннасць, якая ўзняла галаву на пачатку 1990-х.

Агалец падтрымаў ідэю Шэймана аб стварэнні падраздзялення сілавікоў для выканання асаблівых даручэнняў.

Яно мелася «спыняць супрацьпраўную дзейнасць па-экстрэмісцку настроеных асобаў». Падраздзяленне пазней назавуць «эскадронам смерці».

Пры Агальцы на дэманстрацыях сталі выкатваць БТРы і вадамёты.

Сілавік у свой час быў паранены ў галаву, і яго падначаленыя называлі яго «генералам з куляю ў галаве».

Пасля адстаўкі Агалец быў прадстаўніком МУС пры пасольстве Беларусі ва Украіне, працаваў у Акадэміі кіравання. Узначальваў службу бяспекі мабільнага аператара Velcom. У 2012 годзе стала вядома, што ён звольніўся з гэтай пасады

Цяпер генерал-лейтэнанту Агальцу 73 гады.

Юрый Сівакоў

Кіраваў Міністэрствам унутраных спраў з 1999 па 2000 год. У гэты час пачаліся выкраданні апанентаў Лукашэнкі.

Юрый Сівакоў

Сцвярджаецца, што па загадзе Сівакова начальнік следчага ізалятара №1 Алег Алкаеў выдаваў кіраўніку спецпадраздзялення Дзмітрыю Паўлічэнку пісталет, якім забівалі асуджаных да смяротнага пакарання. Ім жа забівалі выкрадзеных палітыкаў.

Сівакоў казаў, што нясе віну за зніклых палітыкаў, а людзі ставяцца да яго, як «да чалавека бранябойна-тупагаловага, гатовага шчоўкнуць абцасамі і выканаць любы загад».

Па адстаўцы Сівакоў працаваў у Адміністрацыі Лукашэнкі, быў міністрам спорту і турызму. Выкладаў крыміналогію ў Мінскім інстытуце кіравання, быў у ім прарэктарам.

Цяпер ён старшыня Беларускай асацыяцыі ветэранаў спецназа МУС «Чэсць». Яму 77 гадоў.

Уладзімір Навумаў

Кіраваў міністэрствам з 2000 па 2009 гады.

Да ўзначалення сілавога ведамства Навумаў год узначальваў службу бяспекі Лукашэнкі.

Супраць яго дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза. Былога міністра падазраюць у датычнасці да знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Уладзімір Навумаў

За дзевяць год знаходжання на міністэрскай пасадзе Навумаў перажыў дзве прэзідэнцкія выбарчыя кампаніі (2001, 2006). Пры ім разагналі Плошчу-2006 і пасадзілі экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна.

У 2008-м у Мінску на ўрачыстасці афіцыйнага Дня незалежнасці адбыўся тэракт. Распачатая крымінальная справа была пад кантролем Навумава.

Вынікамі расследавання Лукашэнка быў незадаволены і ахвярным казлом стаў міністр унутраных спраў.

Не выключана, што ў адстаўку Лукашэнка адправіў Навумава, бо акурат у той час пачалося пацяпленне адносінаў афіцыйнага Мінска з краінамі Захаду. Была запушчана праграма «Усходняе партнёрства». Звольніўшы Навумава, Лукашэнка разлічваў, што Захад успрыме адстаўку сілавіка за пазітыўны крок у наладжванні дыялогу.

Па адстаўцы ў Навумава засталася толькі пасада кіраўніка Федэрацыі хакея.

Былы міністр з’ехаў у Маскву. Працаваў у канцэрне «Растэхналогіі», які займаецца вырабам высокатэхналагічнай зброі.

У 2014-м атрымаў ордэн Айчыны ІІІ ступені за правядзенне ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі.

Цяпер Навумаву 67 гадоў.

Анатоль Куляшоў

Кіраваў міністэрствам з 2009 па 2012 гады.

Куляшоў аддаваў загад на разгон Плошчы ў 2010 годзе. Пазней ён заяўляў, што яму не сорамна за свае дзеянні, бо яны былі «ў рамках закона, у рамках сваіх паўнамоцтваў, якія ні на ёту не перавысіў».

За разгон плошчы Куляшову Лукашэнка павысіўся яго ў званні да генерал-лейтэнанта.

Куляшоў распарадзіўся, каб на апазіцыйных акцыях міліцыянты працавалі ў цывільным. З таго часу практыка выкарыстоўваць ціхароў стала звыклаю.

Анатоль Куляшоў

Калі адбыўся тэракт у метро, Куляшоў заявіў, што трое затрыманых прызналі віну і адзін з іх меў дачыненне да тэракту 2008 году.

Куляшоў у спісе беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.

Сілавік унесены туды за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і здушэнне пратэсту 19 снежня 2010 года. Нягледзячы на санкцыі, у 2012 годзе Куляшоў пабываў з візітам у Францыі на запрашэнне Інтэрполу.

Былі паведамленні, што там яго затрымалі на пазоў французскага адваката Уільяма Бурдона, які дзейнічаў ад імя ініцыятывы Free Belarus Now. Яна была заснаваная сем’ямі апазіцыйных палітыкаў і журналістаў, арыштаваных падчас разгону дэманстрацыі 19 снежня 2010 года. Французская пракуратура не стала пераследаваць беларускага чыноўніка.

Неўзабаве па вяртанні з Францыі Куляшоў сышоў у адстаўку па стане здароўя. У яго выявілі рак.

Па звальненні з міліцыі Куляшоў уладкаваўся дарадцам у выканаўчы камітэт СНД.

У 2018 годзе экс-сілавік быў прадстаўніком Савета міністраў унутраных спраў пры выканаўчым камітэце СНД.

Анатолю Куляшову цяпер 64 гады.

Ігар Шуневіч

Узначальваў міністэрства з 2012 па 2019 гады.

Шуневіч скончыў міліцэйскую акадэмію. Служыў на розных пасадах у органах МУС. У 2007-м быў намеснікам начальніка УУС Мінскага аблвыканкама. Потым яго прызначалі ў КДБ кіраваць следчым ўпраўленнем.

Ён сцвярджаў, што паміж МУС і КДБ не існуе вайны, а ўсе такія размовы — гэта інтрыгі.

Ігар Шуневіч

Шуневіч знакаміты сваімі неардынарнымі заявамі і ўчынкамі.

Пра гееў гаварыў, што «яны дзіравыя», а на афіцыйныя імпрэзы зʼяўляўся ў форме НКВД. Прыдумаў, як пакараць падлетка, які даў поўху скульптуры гарадавога. Хлопца прымусілі выбачацца перад помнікам і міліцыянтамі.

Сам Шуневіч адмовіўся выбачацца перад цыганамі, якіх масава затрымлівалі пасля загадкавай смерці магілёўскага міліцыянта ў 2019-м. Пазней высветлілася, што хлопец сам на сябе наклаў рукі.

Шуневіч быў адным з аўтараў дэкрэта «Аб дармаедах», які выклікаў масавыя пратэсты ў 2017 годзе.

Шуневіч з сынам Лукашэнкі — Віктарам — ганяе на байках.

Паводле Шуневіча, ён сам папрасіў Лукашэнку аб адстаўцы, бо пачаў разумець, «што трэба забяспечваць пэўную дынаміку, пераемнасць, хуткасць і эфектыўнасць рашэнняў». Афіцыйна Шуневіча звольнілі па згодзе бакоў.

У 2020 годзе Шуневіч стаў генеральным дырэктарам хакейнага клуба «Дынама», дзе да гэтага быў старшынёй назіральнай рады.

Праз год заўзяты паляўнічы ўзяўся кіраваць Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў.

Цяпер генерал-лейтэнанту ў адстаўцы Шуневічу 56 гадоў. Для беларускага чыноўніка з такім досведам — гэта не ўзрост для адпачынку.

Юрый Караеў

Узначальваў ведамства з 2019 па 2020 год.

У адстаўку быў адпраўлены, калі была збіта актыўная хваля пратэстаў пасля выбараў 2020 года.

Да прызначэння на пасаду міністра Караеў сем гадоў камандаваў унутранымі войскамі.

Юрый Караеў. Фота: скрын відэа tvr.by / YouTube

У снежні 2019-га ён заяўляў, што міліцыя будзе пазбаўляцца іміджу карнага органа.

Аднак усяго праз паўгода прадстаўнікі яго ведамства затрымлівалі і збівалі ўдзельнікаў пратэсту, што сам Караеў пацвярджаў.

13 жніўня 2020 года міністр у эфіры тэлеканала АНТ выбачаўся за траўмы выпадковых людзей на вулічных акцыях пратэсту.

Лукашэнка заявіў, што выбачэнне не было з ім узгодненае і наагул выбачацца не было за што.

У кастрычніку 2020-га страціў пасаду ды пайшоў у памочнікі Лукашэнкі — інспектарам па Гродзенскай вобласці.

За дзень да адстаўкі Караеў спрабаваў апраўдацца за свае выбачэнні, гаворачы, што з мірных пратэстаў пачынаецца разбурэнне дзяржавы, а пратэстоўцам «прынцыпова і спакойна далі адпор».

Пазней ён заяўляў, што «любы бунтаўшчык, паўстанец, пратэстун, рэвалюцыянер — гэта прыхільнік цёмнай сілы».

Цяпер генерал-маёру Караеву 57 гадоў. 

Іван Кубракоў

Кіруе міністэрствам з 2020 года і дагэтуль.

Кубракоў ужо напачатку лета 2020-га апраўдваў жорсткія затрыманні мінчукоў іх агрэсіўнымі паводзінамі.

Іван Кубракоў

Кубракоў сцвярджаў, што ў жніўні 2020 года яго сямʼя апынулася пад атакай грамадства. У той час ён узначальваў мінскую міліцыю.

Актыўнасць галоўнага міліцыянера сталіцы не засталася па-за ўвагай Лукашэнкі.

Кубракоў палохае правакацыямі, а беларусам, якія выехалі за мяжу, абяцае, што іх дастануць, але могуць быць паблажкі для тых, хто звернецца ў камісію па вяртанні.

Кубракоў ужо некалькі разоў трапляў пад жорсткую крытыку Лукашэнкі. Пры ім неаднаразова публікаваліся злівы размоў сілавікоў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Як склаліся лёсы былых кіраўнікоў КДБ

За гады савецкай улады толькі адзін беларус узначальваў спецслужбы БССР

Як склаўся лёс сiлавiкоў, што душылі народ у 2020 годзе

Герасіменка, Ярмошын, Паўлаў, Ладуцька, Шорац. Як склаўся лёс былых мэраў Мінска пасля адстаўкі?

«Зубры» 2000-х: дзе яны цяпер і чым займаюцца

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
12
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
10
Сумна
9
Абуральна
39
0
дочка Максима Дизайнера/адказаць/
04.02.2024
а место на самом деле...
так нельзя делать.
но некоторым причастным оказывается модно...

а я когда-то верила в наш 3акон
дура
0
але.я/адказаць/
04.02.2024
[Рэд. выдалена]
0
дочка Максима Дизайнера/адказаць/
04.02.2024
Ёсік, яшчэ пра банда
рэнку (ці як яго там?)
раскажыця

сістэма найперш пажырае сваіх дзяцей
старо, як мір
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930