Знайсці
02.12.2023 / 00:0933РусŁacБел

«Чаму вы на мяне накінуліся?» На Брэстчыне забіў сябе стваральнік сабачага прытулку

Шмат гадоў Сяргей Нехень ратаваў сабак ад голаду і холаду — лячыў, рабіў прышчэпкі, спрабаваў знайсці новых гаспадароў. Ëн стварыў прытулак для жывёл у вёсцы Кабакі Бярозаўскага раёна. Але гэта стала прычынай шматлікіх канфліктаў з аднавяскоўцамі. Учора стала вядома, што Сяргей скончыў жыццё самагубствам.

Сяргей Нехень. Фота: Bereza.by

Ратуе сабак — замінае суседзям?

21 лістапада тэлеканал АНТ выпусціў у эфір сюжэт пад назвай «Ад жыцця сабачага», які быў прысвечаны дзейнасці Сяргея Нехеня. Аднавяскоўцы Сяргея былі незадаволены тым, што сабакі (а іх у самаробным прытулку было некалькі дзясяткаў) часта брэшуць, а часам збягаюць на вуліцу.

Леаніда Сцепанчук. Скрыншот сюжэта АНТ

Мясцовая жыхарка Леаніда Сцепанчук на відэа абураецца:

— Яны галодныя, раз яны брэшуць увесь час. Я аднойчы ноччу ўстала — мне не спалася — і яны брахалі.

Даволі эмацыянальна выказаўся і стараста аграгарадка Кабакі Анатоль Рамановіч:

— Пяцьдзясят чалавек сказалі на сходзе «не» гэтаму… ані прытулку, ані ператрымцы — нічому! Вось сёння я перамераў: ад майго дома да ўчастка, дзе знаходзяцца сабакі, — 35 метраў. Гэта значыць, ніякія санітарна-эпідэміялагічныя нормы не выконваюцца. Сабакі выюць круглыя суткі.

Прытулак. Скрыншот сюжэта АНТ

Трэба адзначыць, што сабакі (у кадры ТБ і ў рэпартажы раёнкі, які выходзіў нядаўна) не выглядалі няшчаснымі, відаць, што жывёлы накормленыя і пра іх клапоцяцца.

— Яны таксама заслугоўваюць права на жыццё, яны таксама божыя стварэнні, — неяк нясмела гаворыць Сяргей Нехень.

Ён паведаміў журналістцы пра тое, што шукае дапамогу праз тыкток. Казаў, што ахвотныя могуць перавесці грошы на яго картку, каб фінансава падтрымаць прытулак, а валанцёры часам прывозяць лекі для сабак і ежу: бо на тыдзень толькі дарослым сабакам трэба да 400 кілаграмаў мясной абрэзы.

Журналістка падкрэслівае, што сярод сотні мясцовых знайшоўся толькі адзін чалавек, які дапамагае Сяргею. Ён і прадэманстраваў жанчыне запасы корму, а таксама самаробныя вальеры, у якіх заслалі сена, каб сабакам было цяплей у маразы.

Яшчэ адна мясцовая жыхарка падышла да карэспандэнткі, каб абараніць Сяргея:

— Добры чалавек, Бог паслаў! У мяне [сабакі] таксама брэшуць, але што я зраблю? У мяне ўсе падабраныя. Камусьці ж гэта трэба рабіць.

Сяргей Нехень зрабіў жывёлам прышчэпкі і зарэгістраваў афіцыйна. Але казаў, што на зіму сабакам патрэбны лепшыя ўмовы: ацяпленне ды водаправод. І неабходна ўмацаваць агароджу, каб не збеглі.

Сяргей распавядаў, што звярнуўся па дапамогу да мясцовых уладаў — прасіў, каб выдзелілі дом ці зямлю ў Бярозаўскім раёне, дзе б можна было б зрабіць прытулак, які б нікому не перашкаджаў.

Людміла Паследняя, старшыня Першамайскага сельвыканкама, казала:

— Улады выклікалі валанцёраў. Валанцёры некалькі разоў выязджалі і бачылі, што самога гаспадара няма, сабакі някормленыя, нават вады ў іх не было. Небяспечна, як я кажу, для людзей. Былі складзеныя пратаколы з боку супрацоўнікаў РУУС. Заўсёды прапаную нейкую альтэрнатыву. Хутар — ён не ў межах аграгарадка, за вёскай. Але ён сказаў, што яму туды цяжка дабірацца.

Людміла Паследняя. Скрыншот сюжэта АНТ

Напрыканцы відэа ў бок Сяргея ляціць яшчэ адзін камень: быццам некаторыя людзі сцвярджаюць, што афіцыйна беспрацоўны валанцёр такім чынам проста знайшоў сабе заробак (раней мужчына працаваў электрыкам).

Чыноўнікі: Не можам выдзеліць участак пад прытулак

Раней, у маі, Сяргей звяртаўся па дапамогу ў Бярозаўскі райвыканкам.

Начальніца аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Ірына Рэзнікава распавядала ў эфіры «Белорусского времечка» на БТ, што чыноўнікі прапанавалі самастойна шукаць участак, які можна набыць. Яна расказала, што ёсць два ўчасткі, якія зараз выстаўленыя на продаж за адну базавую велічыню. Але ж да іх ад Кабакоў далёка — каля 40 кіламетраў, а машыны ў мужчыны няма.

Рэзнікава адзначыла, што афіцыйна яны не маюць права выдзеліць участак менавіта пад прытулак — такога варыянту ў беларускім заканадаўстве не прадугледжана.

Фота: Bereza.by

Вядучая ўдакладняла, ці з’яўляюцца бяздомныя жывёлы праблемай для раёна.

Я так не магу сказаць, адказала чыноўніца. У нас ёсць ЖКГ, якая адлоўлівае бяздомных жывёл. Каб паступала шмат скаргаў, я яшчэ не чула.

Хэйт — анлайн і афлайн

Пасля навіны пра самагубства Сяргея некаторыя яго знаёмыя на эмоцыях сталі сцвярджаць, што гэта з-за сюжэта АНТ мужчына вырашыў пайсці з жыцця.

Пасля таго сюжэта Сяргея сталі цкаваць яшчэ больш у інтэрнэце і не толькі, кажа адзін з яго знаёмых.Асабліва брыдка ад паводзін крывадушнага старасты, які сам выклікаў на яго неаднаразова міліцыю, санстанцыю, а зараз такі: «Ой, мы не дазволім сабачак усыпіць».

Хэйтараў у зоаабаронцы сапраўды хапала. І медыйнасць часам гуляла супраць яго. Ён быў вымушаны абмежаваць магчымасць пакідаць каментарыі ў сваім акаўнце. Адна з жанчын, якая запісвала відэа супраць Сяргея, ужо прызналася, што «крыху перабрала меру».

Шмат для каго ўчынак Сяргея стаў шокам, бо мужчына быў рэлігійным чалавекам.

Некалькі дзён таму супрацоўнікі АНТ звярталіся да Сяргея зноў. Тады ён апублікаваў у тыктоку скрыншот паведамлення ад дзяўчыны, якая прадставілася прадзюсаркай шоу «Ещё не вечер» на тэлеканале АНТ. Яна запрашала Сяргея прыняць удзел у запісе шоу і падзяліцца гісторыяй.

Сяргей прасіў у падпісчыкаў парады, ці трэба яму ўдзельнічаць у гэтым праекце. Меркаванні падзяліліся: нехта лічыў, што толькі так можна атрымаць больш падтрымкі, а нехта — што з-за гэтага будзе яшчэ большы скандал у вёсцы Кабакі. Яшчэ былі прапановы сабраць групу падтрымкі і ехаць разам.

Хтосьці раіў не марнаваць часу і звярнуцца адразу да Лукашэнкі: маўляў, ён сам вырас у вёсцы, любіць жывёл — то-бок павінен дапамагчы.

Апошнія дні

Тыя, хто ведаў Сяргея, кажуць, што апошнім часам у мужчыны была моцная дэпрэсія: нянавісць у інтэрнэце і рэальным жыцці, праблемы з уладамі, якія толькі для дзяржаўных СМІ казалі пра дапамогу, а насамрэч даймалі мужчыну праверкамі ды штрафамі…

На відэа, якое Сяргей выклаў у акаўнт за тры дні да самагубства, здаецца, што ён плача.

— Чаму вы на мяне накінуліся? Я не ведаю, дзе шукаць дапамогі і падтрымкі. Многія месцы свае не паказваю, дзе сабакі, бо я не ведаю, якая атака зноў пачнецца. А далей рабіце высновы самі.

Да гэтага Сяргей скардзіўся на тое, што не можа жыць спакойна:

— Учора некалькі разоў прыязджалі супрацоўнікі [міліцыі]. Усё добра, нават пацікавіліся, як я сябе адчуваю (Сяргей быў прастуджаны. — НН). Новы пратакол склалі. П'ю таблеткі, папраўлюся. Усё будзе добра. Бо нельга мне хварэць. Адказнасць вялікая. Усіх трэба карміць, усіх трэба паіць. Прарвёмся. У кагосьці і горай.

Выкладаў ён і відэа візітаў міліцыянераў.

— Як вашае нічога? — пытаецца чалавек у форме. — Сабак, кажуць, недзе тут выпускалі, бегалі.

Сяргей адказвае, што гэта нагавор.

@nekhen81mail.ru

♬ оригинальный звук - Сергей

Яшчэ ў адным відэа мужчына паказвае, што міліцыянеры прыехалі да дома старшыні:

— Зноў нейкая правакацыя, зноў выклікаў незразумела на што. Зноў будуць пісаць нейкі пратакол незразумелы. І вось так увесь час. Бачыце? Вунь пайшоў супрацоўнік нешта складаць. Стаміўся я вельмі.

Тыдзень таму Сяргей распавядаў, што яму далі штраф тры базавыя велічыні — за тое, што на яго ровары не было фары.

@nekhen81mail.ru

♬ оригинальный звук - Сергей

— Сустракаўся з праваабаронцамі. Не буду казаць, пра што мы размаўлялі, але ўсё будзе добра. Прынамсі, пакуль я ёсць, існую, жыву, сабакі будуць у бяспецы. Спадзяваюся, што нешта прапануюць. Можа, улады месца прапануюць. Усім зычу шчыра дабра. Я вернік. Як атрымалася, так атрымалася. Спрабуюць мяне знішчыць, утаптаць у бруд. Зрабіць мяне нейкай нікчэмнасцю. Вы ж усё бачыце — я здымаю ролікі, што ўсе сытыя, усе накормленыя. Зараз пайду і вазьму два пачкі круп, каб кашку далей варыць. Дзякуй за вашу маральную падтрымку. Без яе я б напэўна ўпаў на лапаткі. Мяне б проста з'елі, перамалолі, як сістэма перамолвае. Сабак бы ўсыпілі і забыліся б на Сярожу.

Апошняе відэа з’явілася ў тыктоку ўсяго дзень таму. Яго, здаецца, зняў чалавек, які прапаноўваў аддаць пад прытулак свой хутар каля Стоўбцаў — ён паказваў месца і, мабыць, даслаў Сяргею, а той апублікаваў. Мужчына пабачыў сюжэт АНТ і захацеў дапамагчы. Цяпер у каментарыях ён пацвярджае, што прапанова застаецца ў сіле, калі хтосьці захоча працягнуць справу Сяргея.

@elena_priyt

♬ оригинальный звук - ПРИЮТ Божий дар

Тым часам валанцёры б'юць трывогу. Трэба знайсці гаспадароў для сарака сабак — валанцёры хвалююцца, што чыноўнікі могуць вырашыць праблему, проста знішчыўшы жывёл. Зразумела, што адшукаць прытулак для такой колькасці сабак амаль што немагчыма, таму просяць тых, хто можа, забіраць хаця б па аднаму-два.

Падпісчыкі Сяргея абураныя і пішуць, што будуць патрабаваць адкрыць крымінальную справу за давядзенне да самагубства.

Валанцёры з розных краін выклалі ў тыктоку адкрыты ліст з патрабаваннем да ўладаў разабрацца ў сітуацыі. Яны таксама сцвярджаюць, што незадоўга да смерці стараста пагражаў Сяргею — казаў, што павесіць і яго, і яго сабак.

@oksanafrankfurt#гламурныймейк#Сережакабаки#Серёжаволонтер♬ оригинальный звук - КсюшаКиев

Чытайце таксама:

10 гадоў таму на яе ўпаў самазабойца, і жыццё дзяўчыны змянілася назаўжды. Але яна змагаецца за тое, каб быць шчаслівай

«У часці маўчаць, але ў войску так быць не павінна, што хлопцы страляюцца ў нарадзе». У Брэсце застрэліўся салдат тэрміновай службы — «Зеркало»

Памёр кіраўнік адной з найлепшых гаспадарак Зэльвенскага раёна. Па адной з версій, наклаў на сябе рукі

Ганна Стафановіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
12
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
131
Абуральна
46
6
Полиграф Шарикоподшипников/адказаць/
03.12.2023
В Новой Беларуси каждый будет обязан взять бродячую басю с улицы!
03.12.2023
Spaczuvaiu. Skada Czalaveka....U Jago byla dobrae serca....Ni vytrmau....
0
Ноўнэйм /адказаць/
03.12.2023
Стараста. Давёў чалавека
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031