Знайсці
20.11.2023 / 22:5511РусŁacБел

Новае расследаванне «Белпола» раскрывае таямніцы «ГардСэрвіса», заробкі яго работнікаў і атрыманне 5,5 мільёна даляраў з паветра мінскай Сцяпянкі 

Аб'яднанне былых сілавікоў сцвярджае, што кампанія «ГардСэрвіс» мае цэлы арсенал зброі і пры гэтым ахоўвае толькі двух чалавек — Віктара Шэймана і Аляксея Алексіна. А для свайго фінансавання яна распрацавала хітрую схему.

Віктар Шэйман. Скрын відэа ont_by / YouTube

Да студзеня 2020 года кампанія «ГардСэрвіс» мела назву «БелСек'юрыціГруп» і яе адзіным уласнікам была кампанія «Глобалкастам-менеджмент», якой валодалі дзве грамадзянкі Украіны — Ганна Пушкарова і Ганна Хмялеўская. Як раней высветлілі журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра, Пушкарову з Віктарам Шэйманам звязваюць даўнія адносіны. А вось Ганна Хмялеўская зʼяўляецца жонкай пляменніка былой жонкі Шэймана.

У чэрвені 2020 года Лукашэнка зрабіў «ГардСэрвіс» першай у гісторыі Беларусі прыватнай ахоўнай арганізацыяй з правам набыцця, захоўвання і выкарыстання службовай і грамадзянскай зброі.

Сам Шэйман прайшоў вайну ў Афганістане. У палітыку ён прыйшоў у 1990 годзе, калі стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, быў сярод лідараў Беларускага згуртавання вайскоўцаў і нават працаваў там намеснікам Мікалая Статкевіча. Пазнейшае збліжэнне з Лукашэнкам вызначыла яго далейшую карʼеру.

У ходзе першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе Шэйман адказваў за асабістую бяспеку Лукашэнкі.

Пасля выбараў ён стаў дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі. У 2000 годзе Шэйман, чалавек без юрыдычнай адукацыі, стаў генеральным пракурорам. Пазней ён узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта, зноў займаў пасаду дзяржсакратара Рады бяспекі, быў памочнікам Лукашэнкі па асабістых даручэннях, кіраўніком спраў. Цяпер ён займае пасаду спецпасланніка Лукашэнкі па пытаннях супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі.

Аляксандр Лукашэнка з падораным гранатамётам. Фота тг-канала Пул первого

Сувязь «ГардСэрвіса» з Кіраўніцтвам спраў прэзідэнта

Са жніўня 2020 года адзіным заснавальнікам «ГардСэрвіса» стаў Аляксандр Мятла — кіраўнік фонду «Памяць Афгана» і дырэктар «Лініі Сталіна». Але Мятла толькі юрыдычна ўзначальвае кампанію. Дэ-факта, як сцвярджаецца ў матэрыяле, гэтая фірма афіляваная з Кіраўніцтвам спраў Лукашэнкі і наўпрост падпарадкаваная Віктару Шэйману.

8 жніўня 2020 года Лукашэнка падпісаў распараджэнне, паводле якога беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама» (БФСТ «Дынама») павінна было перадаць «ГардСэрвісу» чатыры будынкі па вуліцы Карвата ў мінскай Сцяпянцы, дзе размяшчаліся цэнтры навучання спецыялістаў у сферы бяспекі, у тым ліку і замежных. Рынкавы кошт будынкаў, перададзеных з дзяржаўнай у прыватную ўласнасць, складае 1,3 мільёна долараў, сцвярджаюць расследавальнікі.

У матэрыяле расследавання звяртаецца ўвага на дакументы, якія пацвярджаюць сувязь Віктара Шэймана і «ГардСэрвіса». Так, у чэрвені 2021 года, калі Шэйман быў кіраўніком Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, намеснік дырэктара кампаніі Уладзімір Арэх піша яму дакладную запіску з пералікам выкананых работ па рамонце будынкаў «ГардСэрвіса» на вуліцы Карвата ў Мінску і просіць аплаціць паслугі падрадчыкаў.

Скрын відэа osbbelpol / YouTube

Як вынікае з тэксту запіскі, форму для сваіх супрацоўнікаў «ГардСэрвіс» замовіў у РУП №4 горада Гомеля, што ўваходзіць у сістэму Дэпартамента выканання пакаранняў. Гэта таксама даказвае сувязь фірмы з рэжымам, кажуць журналісты.

Як сцвярджаецца ў матэрыяле, такімі дакладнымі запіскамі «ГардСэрвіс» пастаянна даваў справаздачу Кіраўніцтву спраў Лукашэнкі. Гэткая практыка не спынілася і пасля адстаўкі Шэймана з пасады кіраўніка.

У расследаванні адзначаецца, што, адпаведна дакументам, усе работы па распрацоўцы праектнай дакументацыі, рамонце і рэканструкцыі будынкаў праводзіліся арганізацыямі, якія ўваходзілі ў структуру Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. А мэбля «ГардСэрвісу» дасталася бясплатна ад Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва спраў.

Ход будаўніча-мантажных і іншых работ, напаўненне матэрыяльнай базы прыватнай фірмы «ГардСэрвіс» рэгулярна выносілася на абмеркаванне ў першага намесніка кіраўніка спраў Мікалая Селіванава, які займаў гэтую пасаду да 19 верасня 2022 года.

Што ўяўляе сабой «ГардСэрвіс»

На момант падрыхтоўкі матэрыялу «Белпола» ў «ГардСэрвісе» штатны расклад налічваў 64 адзінкі, з іх адміністрацыя складала 9 чалавек. На ўзбраенні знаходзілася 34 пісталеты МР 71 «Байкал», 2 пісталеты Glock 17, 3 пісталеты Макарава, 3 аўтаматы АКС-74У, 4 гладкаствольныя карабіны і адзін карабін з наразным ствалом.

У структуры «ГардСэрвіса» ёсць філія — Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў. У ім працуюць пяць штатных супрацоўнікаў і некалькі чалавек па дамовах падраду. Але з часу атрымання ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць у красавіку 2021 годзе былі арганізаваныя толькі адзінкавыя курсы для двух прадпрыемстваў Беларусі. А ў маі 2023 года на базе «ГардСэрвіса» былі праведзеныя адукацыйныя курсы для 21 госця з Зімбабвэ.

Як сцвярджаецца ў матэрыяле, «ГардСэрвіс» ад свайго заснавання не мае дырэктара. На гэты момант яго абавязкі выконвае намеснік дырэктара Аляксандр Кулакевіч. Ён курыруе ахоўную дзейнасць фірмы і мае аклад 4150 рублі 39 капеек. Такі ж аклад мае і іншы намеснік, пра якога ўжо згадвалася, Уладзімір Арэх.

У фірме на пасадзе начальніка кантрольна-рэвізійнага аддзела (у якім адсутнічаюць падначаленыя), з тым жа някепскім акладам працуе сын намінальнага заснавальніка «ГардСэрвіса» Міхаіл Мятла.

Звычайныя стралкі, якіх у фірме 11 чалавек, маюць аклад у 1162 рублі, старшыя стралкі (іх усяго 16) — 1395 рублёў. Чатыры інспектары аддзела аховы прыватных асобаў маюць аклад 2325 рублёў і адзін старшы інспектар — 2558 рублёў.

Кліенты «ГардСэрвіса»

Расследавальнікі «Белпола» сцвярджаюць, што паслугамі аховы, якія надае «ГардСэрвіс» фізічным асобам, карыстаўся як мінімум адзін чалавек. Гэта Віктар Шэйман. Ад яго імя ў лістападзе 2021 года былі заключаныя дзве дамовы. Адна на асабістую ахову, другая — на ахову маёмасці. З лістапада 2021 гад па верасень 2022 года па дамовах было заплачана 1 033 000 рублёў, ці па 45 тысяч рублёў штомесячна. Грошы ўносіліся наяўнымі.

Другім кліентам зʼяўляўся адзін з набліжаных да Лукашэнкі бізнэсоўцаў Аляксей Алексін. Ён заключыў дамову на ахову сядзібы «Радавое гняздо» плошчай 3,7 га. Штомесяц бізнэсмен пералічвае за паслугі «ГардСэрвісу» 9016 долараў наяўнымі праз давераную асобу.

Паводле дамовы, па 100 базавых велічынь штрафу павінна заплаціць фірма «ГардСэрвіс» у выпадку, калі стане публічна вядомы які-небудзь факт пра сядзібу Алексіна, аўтамабілі, родзічаў і асобаў, якія маюць доступ на тэрыторыю. У ахове задзейнічаныя 8 стралкоў. Асобна з кожным Алексін заключыў дамовы аб выкошванні і комплекснай прыборцы тэрыторыі. За гэта яны штомесяц дадаткова атрымліваюць 854 рублі.

Новы бізнэс «ГардСервіса»

Як сцвярджаецца ў матэрыяле, усяго ў «ГардСэрвіса» не больш за 10 кліентаў і плацяжы не пакрываюць выдаткаў. Для таго, каб вырашыць праблему, сцвярджаюць расследавальнікі, была прыдуманая хітрая схема.

2 чэрвеня 2021 года ад БФСТ «Дынама» «ГардСэрвісу» перадалі яшчэ два будынкі, якія знаходзяцца побач з тымі, дзе размяшчаецца фірма на вуліцы Карвата. Адзін з будынкаў доўгі час знаходзіўся ў арэндзе ў іншай прыватнай фірмы. Арэндная плата складала дзясяткі тысяч рублёў. Цяпер яны сталі прыходзіць на рахунак «ГардСэрвісу».

Але ў далейшым, як сведчаць дакументы, што трапілі ў рукі «Белпола», на тэрыторыі, на якой размяшчаюцца гэтыя два будынкі, было вырашана пабудаваць жылы дом. Для гэтага была знойдзена кампанія, якая ўзяла на сябе выкуп будынкаў і будаўніцтва дома. Ёй стала адна з фірмаў групы кампаній «Тапас». Аднак затрыманне ўладальніка кампаніі Паўла Белага, хакеіста каманды Аляксандра Лукашэнкі, можа змяніць планы.

Скрын відэа osbbelpol / YouTube

Як сцвярджаецца ў матэрыяле, нават калі забудоўнік зменіцца, памер выплаты для «ГардСэрвіса» застанецца тым жа. Як вынікае з дакумента, які маецца ў распараджэнні «Белпола», забудоўнік павінен падзяліцца з «ГардСэрвісам» паловай чыстага прыбытку па камерцыйнай забудове жылля (каля 4,4 мільёна долараў) і заплаціць кампаніі кампенсацыю за знос старых будынкаў (звыш 1,1 мільёна долараў). 5,5 мільёна даляра — фантастычны даход на роўным месцы. Яго магла б атрымаць дзяржава, а атрымае прыватная структура — «свае людзі».

Чытайце яшчэ:

«Мае дастаткова шырокі функцыянал». Belpol запусціў уласны сайт

«Белпол»: У Віктара Бабарыкі — збоі ў сэрцы

Былі міліцыянерамі, а сталі дальнабойшчыкамі ў ЕС

У цэнтры Мінска пабудаваная рэзідэнцыя старшыні Усебеларускага народнага сходу? Там ён зможа не толькі працаваць і жыць, але і лячыцца

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
7
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
32
0
воохр/адказаць/
21.11.2023
Шейман если только за год потратил на свою охрану больше миллиона, то во сколько казне обходится содержание целого подразделения госохраны Кочановой? https://d-zholik.livejournal.com/111778.html
21.11.2023
Одно время этот страшный гардсервис чуть не к вагнеру приравнивали. А там значит 50 человек бонзам на дачах траву косят.
21.11.2023
00, бобики косят траву у своих хозяев, а верхушка в это время косит миллионы, распиливая госсобственность на миллионы.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930