Знайсці
28.10.2023 / 17:2623РусŁacБел

Хто такі Валерый Мацкевіч і чым ён будзе займацца ў Кабінеце Ціханоўскай

Валерый Мацкевіч пачынаў кар’еру апазыцыйнага дзеяча ў «Маладым фронце», удзельнічаў ва ўсіх палітычных кампаніях 2000-х. Адыходзіў ад палітыкі і вяртаўся. А цяпер стаў кіраўніком апарата Аб’яднанага пераходнага кабінета. Расказваем асноўныя факты пра яго.

Валерый Мацкевіч з Паўлам Севярынцам. Фота: сацыяльныя сеткі

Бабруйчанін з «Маладога фронту»

Валерыю Мацкевічу 40 гадоў. Ён з Бабруйска. Па словах паплечнікаў, «вельмі амбітны, але з харызмай, добры аратар, калі выступае, то захапляе».

Да апазіцыйнай дзейнасці далучыўся ў 1999 годзе. Шаснаццацігадовым хлопцам удзельнічаў у Маршы Свабоды — шматтысячным шэсці супраць планаў інтэграцыі Беларусі і Расіі.

На Маршы Мацкевіч пазнаёміўся з Паўлам Севярынцам.

У 1999-м стварыў у Бабруйску філію «Маладога фронту», якая з 36 сябрамі стала адной з найвялікшых суполак моладзевай арганізацыі.

Тады ж зведаў першыя допыты ў КДБ і запалохванні.

У 2004 годзе Мацкевіч быў сярод беларускіх удзельнікаў Аранжавай рэвалюцыі ў Кіеве. У той час ён адказваў за супрацоўніцтва «Маладога фронту» з украінскімі моладзевымі арганізацыямі.

Сустракаўся з Меркель

Мацкевіч удзельнічаў у кампаніі «Байкот-2000», мабілізацыйнай кампаніі 2001 года. У 2005—2006 гадах працаваў рэгіянальным каардынатарам у камандзе Аляксандра Мілінкевіча, адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.

А ў 2010-м быў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Пасля выбараў выходзіў на плошчу на пратэсты.

У 2011 годзе, як прадстаўнік «Маладога фронту», у складзе дэлегацыі кааліцыі дэмакратычных сіл удзельнічаў у непублічнай сустрэчы ў Варшаве з федэральным канцлерам Германіі Ангелай Меркель. Паводле яго, нямецкі палітык тады казала ім, што вырасла ў ГДР і добра разумее, праз што беларусы праходзяць і перажываюць.

Быў на сустрэчах таксама са старшынёй Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу ды тагачасным прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.

Пратэстанцкі вернік і прадпрымальнік

У 2012 годзе Валерый адышоў ад палітыкі і сфакусаваўся на прадпрымальніцкай дзейнасці. Лічыў, што яна дапаможа яму ўзбагаціцца навыкамі ў стварэнні каманды. 

Быў кіруючым партнёрам у мінскай Школе прадпрымальнікаў для падлеткаў «Наследие 21». 

«Мы рыхтавалі іх да дарослага жыцця. Вучылі публічным выступам, майстэрству бізнэс-перамоваў і фінансавай граматнасці. Вучылі не здавацца па шляху да сваёй мэты», — кажа Мацкевіч.

Удзельнікамі школы сталі некалькі сотняў падлеткаў. Яе зачынілі ў 2020 годзе. 

Валерый Мацкевіч, 2016 год. Фота: сацыяльныя сеткі

Мацкевіч быў заўсёднікам на набажэнствах у пратэстанцкай царкве «Новае жыццё». Яго аднаверцы адзначаюць, што ён дысцыплінаваны евангельскі хрысціянін.

Быў у штабе Цапкалы

У 2020 годзе Мацкевіч далучыўся да выбарчага штаба Валерыя Цапкалы. У ім кіраваў «аператыўна-аналітычнай групай» і быў адказным за распрацоўку стратэгіі агітацыйнай кампаніі.

Мацкевіч кажа, што ў прэзідэнцкіх амбіцыях Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі ўбачыў шанец для пераменаў у Беларусі. Таму вярнуўся ў палітыку, каб быць унутры палітычных працэсаў і ўплываць на іх.

Уцякаў праз палескія балоты

У жніўні 2020 года Мацкевіч адседзеў тыдзень у ізалятары на Акрэсціна.

Пазней, ратуючыся ад пераследу, прайшоў 40 кіламетраў праз палескія балоты і лясы ва Украіну. Пакінуць радзіму наважыўся ў кастрычніку 2020 года, калі ўжо не было ніякай магчымасці працаваць і існавала пагроза арышту.

«Як цяпер памятаю раўнюткую паласу, якая падзяляе Беларусь і Украіну ды ўкраінскі памежны патруль, які сустрэў у гушчары. Адзін з пагранічнікаў прамовіў: «Як вы прайшлі праз гэтыя непраходныя мясціны ў вашых туфлях і строі?» — згадвае ён.

Што такое апарат Кабінета Ціханоўскай

Валерый Мацкевіч будзе падпарадкоўваецца Ціханоўскай. Яго кандыдатура была ўхваленая ўсімі 5 прадстаўнікамі Кабінета.

Па словах Мацкевіча, апарат Кабінета — гэта сакратарыят, які займацца арганізацыйнай працай, рыхтуе аналітычныя, інфармацыйна-даведачныя матэрыялы. Акрамя таго, складае прапановы па рашэннях Кабінета, забяспечвае яго камунікацыю з медыя і каардынуе супрацу з партнёрскімі структурамі.

У структуру апарата ўваходзіць медыякаманда, прэс-сакратар, аддзел, які займаецца справаводствам, а таксама аддзел палітычнай аналітыкі.

Пасаду кіраўніка апарата ўвялі з-за павелічэння аб’ёму працы ў Кабінета. Задача кіраўніка — скаардынаваць узаемадзеянне аддзелаў, а таксама кантраляваць выкананне прынятых рашэнняў.

Мацкевіч пра сябе на новай пасадзе: Хопіць кваліфікацыі

У Валерыя Мацкевіча 25-гадовы стаж апазіцыйнай дзейнасці. Ён быў сярод кіраўнікоў «Маладога фронту», уваходзіў у аргкамітэт партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя».

Дзесяць гадоў працаваў у бізнэс-структурах. Быў у штабе вылучэнца на прэзідэнта Валерыя Цапкалы. Пасля трапіў у склад Аб’яднанага штаба Святланы Ціханоўскай і працаваў у камісіі па рэформе. Ён сябра Каардынацыйнай рады.

Валерый Мацкевіч на канферэнцыі «Новая Беларусь», 2022 год. Фота: «Наша Ніва»

Мацкевіч перакананы, што ў яго дастаткова досведу для новай пасады. З яго слоў, ён разумее важныя аспекты працы дэмакратычных сілаў, іх цяперашнюю канфігурацыю і здольны правільна ацэньваць сітуацыю. 

«Я з 1999 года ў працэсе, прайшоў праз прэзідэнцкія і парламенцкія кампаніі, таму магу звяртаць увагу на ключавыя моманты, якія чалавекам без адпаведнага досведу могуць быць не заўважныя», — даводзіць Мацкевіч.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Аб'яднаны пераходны кабінет апублікаваў справаздачу за паўгода працы

У Вільні праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь», Латушка і Пракоп'еў патрабуюць стварэння ўрада АНЛАЙН

«Галоўнае, што шмат беларусаў выказалі словы падтрымкі». Ціханоўская пракаментавала рэакцыю на сваё інтэрв'ю «Новой газете»

«Сур'ёзны сігнал усёй сілавой сістэме». Сілавікі Лукашэнкі аб’яўлены ў вышук

Лукашэнка павіншаваў нямецкі народ, але прайшоўся па кіраўніцтве краіны

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
28
Панылы сорам
16
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
2
2
Марына/адказаць/
29.10.2023
Ну зразумела ж, быў заўсёды там, дзе грошы.
0
Сяржук/адказаць/
29.10.2023
Мільёны беларусаў уздыхнулі з палёгкаю, калі даведаліся, што ўрэшце з'явіўся чалавек, каторы "разумее важныя аспекты працы дэмакратычных сілаў, іх цяперашнюю канфігурацыю". На 4-ы год узнік нехта, хто "здольны правільна ацэньваць сітуацыю".
З такімі кадрамі зараз пераможам на 101%!
0
Пытанне /адказаць/
31.10.2023
Вой, а адэпт рускага міра Валеры Цапкала, які ўласнаручна вазіў Лукашэнку на сматрыны ў Маскву, які фоткаўся з жонкай з каларадскімі стужкамі, валодае беларускай мовай?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031