Знайсці
13.06.2023 / 13:455РусŁacБел

Актывіст Ілья Міронаў расказаў, навошта пісаў скаргі на Азаронка і як ставіцца да падазрэнняў у свой бок

Днямі валанцёр з Гомеля, які вядомы тым, што напісаў больш за 2000 лістоў палітвязням, з'ехаў у Літву. Ілью Міронава некалькі разоў кідалі за краты. «Мая маці сказала мне быць сумленным, вельмі за мяне перажывала, я і з'ехаў». Ён расказаў «Нашай Ніве» пра абставіны ад'езду і планы ў эміграцыі.

Ілью Міронава раней судзілі па крымінальнай справе — за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцэра. Яго абвінавацілі па артыкуле 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і далі паўтара года пазбаўлення волі, а таксама 200 базавых велічынь штрафу.

Пасля вызвалення актывіста неаднойчы адпраўлялі на суткі.

З'ехаў Ілья з Беларусі з прычын небяспекі.

«Некаторыя людзі казалі, што ў нейкі момант мне проста падкінуць наркотыкі ці наедуць мясцовыя гопнікі. Не адчуваю сябе дома ў бяспецы ў сувязі з ростам маёй вядомасці. З набыццём статусу «экстрэміста» (9 лютага 2023-га) я не магу займацца культурнай дзейнасцю, адна справа — маніторынг судоў, напісанне заяў, зваротаў, іншая — праца ў сферы культуры.

Ніякіх пытанняў на мяжы не ўзнікала, пашпартны кантроль на ўвесь аўтобус заняў прыкладна 25 хвілін. Віза ў мяне была зроблена яшчэ ў лютым. Тады зрабіў, каб была магчымасць у выпадку небяспекі хутка з'ехаць», — расказвае ён. 

У Гомелі 41-гадовы Ілья Міронаў вядомы як арганізатар рок-канцэртаў. Гэтай справай мужчына займаўся больш за 20 гадоў. 

«Вельмі люблю яшчэ рабіць стрымы з канцэртаў», — кажа ён. 

З 2017-га па 2019-ы Ілья працаваў кантралёрам на складзе ў Маскве, пазней — некалькі месяцаў у Польшчы на аўтазаводзе. 

«Да гэтага ў Беларусі быў проста іпэшнікам. Пасля падумаў, навошта траціць свае сілы і розум на гэта ўсё. Пастаянна са скрынямі, так можна і атупець. Вырашыў усё ж зноў пачаць займацца тым, што мне цікава», — расказвае ён пра сваю дзейнасць.

Сваёй сям'і ў Ільі няма. У Беларусі ў актывіста засталася 73-гадовая маці. 

«Яна першая сказала, што мне трэба з'язджаць, вельмі перажывае за мяне. Ганаруся сваёй маці. Яна і яшчэ некалькі сябровак блізка да сэрца ўспрымаюць усё, што са мной адбываецца. Проста сказала мне: «Ілья, май сумленне». І я вырашыў ехаць», — кажа ён.

Ілья Міронаў вядомы тым, што пісаў скаргі на прапагандыстаў Андрэя Мукавозчыка і Рыгора Азаронка, лукашысцкі тэлеграм-канал «Жоўтыя злівы». Але Міністэрства інфармацыі ніякіх парушэнняў у дзейнасці гэтых прапагандыстаў не пабачыла.

Актывіст не пагаджаецца з тым, што яго скаргі былі бессэнсоўнымі.

«Эфект на мае заявы ёсць. Яны адрэагавалі. Рана ці позна кожнаму, хто парушае закон, давядзецца адказваць. Усе іх адказы, дакументы захоўваюцца ў надзейных архівах. Яны спатрэбяцца, калі гэтых людзей будуць судзіць. Звычайна, калі мянялася ўлада, заўсёды спальвалі архівы. Таму трэба рабіць копіі.

У нас, у Гомелі, нават былі выпадкі, калі ў міліцыі адмаўляліся выдаваць пратакол, каб не былі вядомы прозвішчы супрацоўнікаў, таму трэба абавязкова дамагацца таго, каб ведаць, хто чыніць гэтыя рэпрэсіі, збіраць дакументы», — тлумачыць ён. 

Ілья апісвае ўмовы ўтрымання ў гомельскім ІЧУ:

«Двух'ярусныя нары ў невялікім пакоі. У двухмеснай камеры было пяць чалавек. Нехта спаў на падлозе, на вузкай лаўцы.

Міліцыя, ахоўнікі проста выконваюць сваю працу. Ніякай агрэсіі ад іх не было».

У Вільні мужчыну прытуліла арганізацыя «Дапамога». Цяпер у Ільі ёсць часовае месца жыхарства.

«Байсол» дапамог, калі я выйшаў на свабоду, яны размясцілі збор. Сабралі для мяне пэўную суму. Таксама адгукнулася Рада культуры, прапанаваў ім свае паслугі па арганізацыі канцэртаў», — кажа ён. 

Як Ілья ставіцца да крытыкі ў свай адрас? Некаторыя лічаць, што актывіст завербаваны спецслужбамі. 

«Чым больш часу я заставаўся на волі пасля выхаду з СІЗА, тым больш стала распаўсюджвацца такіх плётак. Не звяртаю ўвагі на гэта. 

Для большасці проста чытатаць навіны — гэта ўжо подзвіг. Яны, мабыць, думаюць, што вось я хаджу на суды, пішу скаргі, сяджу на сутках ды яшчэ неяк весялюся, на канцэрты хаджу — штосьці з ім не так, агент. Гэтыя людзі проста трошкі зянонаўцы», — кажа ён.

Ілья побач з «Замкам», у якім часова жыве

У Вільні Ілля хацеў бы стварыць буйны музычны сайт на беларускай мове. 

«Каб у кожнага музыкі там быў свой акаўнт і ён мог самастойна мяняць інфармацыю, напрыклад, афішы. Патрэбна будзе мне знайсці айцішніка, але думаю, тут іх вельмі шмат. 

Яшчэ я напісаў кнігу «Гісторыя музыкі Гомельскай вобласці». Працаваў над ёй з 2011-га, атрымалася 600 старонак. Яна, праўда, на рускай мове. Хачу перакласці на беларускую, цяпер шмат выдавецтваў у выгнанні, думаю, што гэта таксама праблемай не будзе. Таксама хачу стварыць невялікую газету навін з афішамі для беларусаў. Напрыклад, чалавек засяляецца ў хостэл, а там на першым паверсе такі мінігайд па беларускіх культурных мерапрыемствах у эміграцыі. Будзе неяк лягчэй уліцца ў беларускую тусоўку.

Думаю, што тут зарэгіструюся іпэшнікам. Хацеў бы развівацца ў блогерстве, расказваць пра музыку і культуру, але ў нейкай буйной арганізацыі», — дзеліцца ён планамі. 

Чытайце таксама: 

Ілля Міронаў паскардзіўся на варварскі разгром кватэры

Ілля Міронаў: Мяне затрымалі за тое, што я пішу скаргі

Спявачка Мэрыем Герасіменка і валанцёр Ілья Міронаў трапілі ў спіс экстрэмістаў

«Нават бомж, які сядзеў са мной, выкінуў ежу, якую выдалі ў ІЧУ». Ілья Міронаў распавёў пра 12 сутак арышту

Агата Мурашка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
49
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
4
10
асвета/адказаць/
13.06.2023
Хацеў бы развівацца ў блогерстве, расказваць пра ... але ў нейкай буйной арганізацыі», — дзеліцца ён планамі

да сьветы абрацися - жонки самага буйнага блогера
13.06.2023
Ёсік, клічуць чалавека так, як ён вам скажа, што яго клічуць. Мабыць назваўся карэспандэнтам Ільля.
13.06.2023
Acab, Калі гэта так, то чаму «Наша Ніва» піша «Уладзімір Зяленскі», а не «Володымыр Зэлэнській»?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера