Знайсці
22.05.2023 / 10:181РусŁacБел

«Фармат ГЦ размыўся». Як зараз жыве ГЦ Outleto, які хацеў скласці канкурэнцыю літоўскаму «Акропалісу»

ГЦ Outleto на праспекце Жукава ў Мінску называюць цэнтрам распродажу, домам высокіх скідак і першым аўтлет-цэнтрам у Беларусі. Менавіта так яго пазіцыянавалі, калі адчынялі ў 2015 годзе. Тут усе тавары збіраліся прадаваць са скідкамі да 90%, а ў развіццё ўкладваць 700 тысяч даляраў за год. Realt паглядзеў, як Outleto жыве сёння.

Забудоўшчыкам Outleto выступіў «БелГАЗаўтасэрвіс» — афіцыйны дыстрыб'ютар аўтамабіляў «ГАЗ» у Беларусі. Цяпер пра гэта нагадвае выставачны аўтамабіль каля ўвахода ў ГЦ. 

Старшыня рады дырэктараў ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «БелГАЗаўтасэрвіс» Міхаіл Супруновіч расказваў, што будаўніцтва комплексу каштавала 30 мільёнаў даляраў. У працоўную групу па кіраванні Outleto ўваходзілі літоўскія, латвійскія і беларускія спецыялісты. 

У планах было скласці канкурэнцыю літоўскаму «Акропалісу». 

«Нармальны ціхі гандлёвы цэнтр»

— Чыста маё меркаванне — гэта не зусім той фармат, — параўноўвае з літоўскімі ГЦ Іван, які часта бывае ў Outleto. — Гэта ціхі нармальны гандлёвы цэнтр, дзе няма пастаяннай дзвіжухі, кучы народу і чэргаў. Як для мяне, гэта, хутчэй, плюс, чым мінус. Але трэба ўлічваць, што я не вялікі фанат брэндаў і шопінгу ў цэлым. Зайсці нешта купіць і не выдаткаваць пры гэтым кучу часу і грошай — так. Але мэтанакіравана ехаць з іншага горада ці краіны — гэта наўрад ці.

Раней да ГЦ Outleto можна было даехаць бясплатным аўтобусам ад станцыі метро «Грушаўка». Цяпер такой опцыі няма, але грамадскага транспарту дастаткова: аўтобусы, тралейбусы і маршруткі ходзяць ад «Пушкінскай», «Інстытута культуры» і «Кавальскай Слабады».

— Пра Outleto мне запомніўся чамусьці менавіта гэты факт — бясплатны аўтобус, на якім можна было даехаць ад Грушаўкі. Шчыра кажучы, я не ведаю, ці карыстаўся ён папулярнасцю, бо сам на ім не ездзіў, — узгадвае мінчук Сяргей .

Але што там бясплатныя аўтобусы, спачатку хадзілі размовы, што ГЦ будзе арандаваць электрычкі, каб падвозіць пакупнікоў з іншых гарадоў, бо лічыцца, што ў ГЦ аўтлет-фармату людзі гатовы ехаць і за 140 кіламетраў. А ўкладваць у развіццё ГЦ планавалі больш за 700 тысяч даляраў на год.

Outleto — дастаткова кампактны гандлёвы цэнтр. Усяго тут два паверхі. 

Ёсць аўтлеты, але далёка не ўсе магазіны распрадаюць старыя калекцыі са скідкамі, многія працуюць у звычайным фармаце. 

У аўтлеце турэцкага брэнда LC Waikiki за 20 рублёў можна купіць жаночую блузку, за 40 — сукенку. Цэны тыя ж, што і на зніжках у іншых крамах сеткі, але скідак гэтых аб'ектыўна больш. Дарэчы, гэта не адзіны аўтлет гэтага брэнда ў Мінску — крама такога ж фармату ёсць у ГЦ Diamond.

Яшчэ з аўтлет-крамаў — адзенне Sister's, Colin's і Big Star, абутак ECCO, аксесуары «Галантэя». На першым паверсе — «Белювеліргандаль». У аўтлеце Kari прадаецца не толькі абутак і аксесуары, а ўсё — ад дробнай бытавой тэхнікі да ювелірных упрыгажэнняў.

На гэтым аўтлеты вядомых марак заканчваюцца. Ёсць некалькі стокаў і крам з невысокімі цэнамі і скідкамі. Напрыклад, у Sinsay прадаюцца сукенкі і басаножкі па 40 рублёў, сумку можна купіць танней як 30 рублёў, тут жа ёсць і дробязі для дома. Крама гэтага польскага брэнда працуе ў Outleto з 2020 года. Ён адкрыўся на месцы дзіцячага забаўляльнага цэнтра.

— Спачатку гэты ГЦ сапраўды ўспрымаўся як цэнтр аўтлет, цяпер жа, мне здаецца, гэта звычайны ГЦ з парай крам аўтлет-фармату, — дзеліцца меркаваннем адна з супрацоўніц ГЦ. — Аўтлеты можна сустрэць і ў іншых ГЦ. 

«Не хапае недарагога кафэ, пунктаў Wildberries і 21vek»

Прадавец лічыць, што фармат ГЦ размыўся, калі прыйшлі магазіны, якія сустракаюцца практычна ў кожным гандлёвым цэнтры. Яна мае на ўвазе Mark Formelle, «Мілу», «Востраў чысціні».

— Ды і той жа Kari. Ён хоць і лічыцца аўтлетам, зніжкавых пазіцый там не больш, чым у іншых крамах сеткі.

Яшчэ адна прадавец дзеліцца меркаваннем, што крам у Outleto дастаткова, а вось чаго не хапае, дык гэта пунктаў самавывазу інтэрнэт-крам і маркетплэйсаў.

— Думаю, з'яўленне тут пункта 21vek, Wildberries і Ozon станоўча адбілася б на трафіку, — лічыць яна.

Мяркуе, што не было б лішнім і недарагое кафэ.

— У ГЦ можна перакусіць у KFC, купіць шаўрму або сушы, выпіць кавы з марожаным, але вось паўнавартасна паабедаць не атрымаецца. Даводзіцца ісці ў кулінарыю «Суседзяў».

Да «Суседзяў» якарным арандатарам у ГЦ быў BIGGZ, а пасля яго — дыскаўнтар «Скарбонка». На падземным паверсе, па суседстве з паркінгам пару гадоў таму адкрыўся будаўнічы MILE.

— Гады тры таму зачыніўся аўтлет брэнда Koton, — успамінае адна з прадаўцоў. — Але масавага закрыцця я не назіраю. Большасць так ці інакш працягвае працаваць, і свабодных плошчаў у ГЦ асабліва і няма.

Чытайце таксама:

Да МКАД — 0 метраў. Што прадаецца ў адзіным дачным пасёлку ў межах Мінска

Каля МКАД пабудуюць новы раён на 105 тысяч жыхароў. Гэта як Наваполацк 

Кватэру ў Мінску на 28-м паверсе здаюць за 1300 даляраў. Што ў ёй такога?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
4
Ха-ха
14
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
5
0
Vалик/адказаць/
22.05.2023
Все ясно. Идея была хорошая, реализация как обычно... А вообще, чтобы было как за границей, надо быть заграницей!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031