Знайсці
03.05.2023 / 07:32РусŁacБел

Эрдаган заявіў, што ў Турцыі знайшлі вялікія запасы высакаякаснай нафты

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган абвясціў у аўторак пра адкрыццё новых запасаў нафты ў раёнах Джудзі і Габар у правінцыі Шырнак на паўднёвым усходзе краіны. Паводле яго слоў, вытворчая магутнасць новага радовішча ацэньваецца ў 100 тысяч бараляў у суткі, паведамляе агенцтва «Анадолу».

Рэджэп Таіп Эрдаган. Фота: Firdia Lisnawati / AP

«Хачу падзяліцца добрымі навінамі. Мы выявілі запасы нафты з вытворчай магутнасцю 100 000 бараляў у суткі ў Джудзі і Габары», — сказаў прэзідэнт Турцыі на цырымоніі адкрыцця самай буйной сонечнай электрастанцыі ў Еўропе (СЭС «Карапынар») і запуску іншых нядаўна завершаных аб'ектаў у цэнтральнай правінцыі Конья.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нядаўна знойдзеная нафта «мае высакаякасную структуру».

Турэцкі лідар падкрэсліў, што «Турцыя больш не будзе залежаць ад іншых у энергетыцы, стаўшы дзяржавай-экспарцёрам энергіі».

Эрдаган таксама сказаў, што нафта, знойдзеная на глыбіні 2600 метраў, будзе здабывацца «з дапамогай 100 свідравін. «Запасы змогуць задавальняць адну дзясятую частку нашага штодзённага спажывання», — дадаў ён.

Эрдаган таксама паведаміў, што нафтавая свідравіна ў Габары будзе названая ў гонар маладой настаўніцы музыкі Айбуке Ялчын, якая была забітая ў выніку тэракту Рабочай партыі Курдыстана ў 2017 годзе на паўднёвым усходзе Турцыі.

«Спадзяюся, што наша новае радовішча, свідравіна Айбуке Ялчын — 1, дасць больш нафты, чым здабываецца па ўсёй краіне», — дадаў ён.

Нагадаем, што 14 мая ў Турцыі пройдуць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары.

Чытаць таксама:

Эрдаган заяўляе, што турэцкая разведка забіла лідара «Ісламскай дзяржавы» у Сірыі

Эрдагану стала блага ў жывым эфіры

Эрдаган упершыню з'явіўся на публіцы пасля таго, як захварэў на страўнікавы грып

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера