Малады чалавек у Клімавічах парэзаў сябе і прыдумаў злачынства, каб толькі застацца на ноч у дзяўчыны
20-гадовы навучэнец каледжа з Касцюковіцкага раёна прыехаў у Клімавічы да дзяўчыны, якая яму падабалася. Увесь дзень ён правёў з ёй, а ўвечары збіраўся ехаць дадому. Аднак з’язджаць маладому чалавеку так не хацелася, што дзеля таго, каб застацца начаваць у бацькоў дзяўчыны, ён вырашыў прыкінуцца ахвярай злачынства.
Па дарозе да вакзала малады чалавек знайшоў разбітую пляшку і аскепкам шкла парэзаў на сабе адзенне, нанёс драпіны на жываце. Таксама хлопец схаваў сваю сумку з мабільнікам, пашпартам і дробнай сумай грошай у бязлюдным месцы. Затым пагрукаўся ў найбліжэйшы дом, гаспадыні якога распавёў, што на яго напала двое мужчын.
Жанчына патэлефанавала ў міліцыю. У раённым аддзеле міліцыі хлопец расказаў гісторыю пра напад, а таксама заявіў, што ў скрадзенай сумцы было шмат грошай.
Як піша «Голас Касцюкоўшчыны» навучэнца каледжа на міліцэйскай машыне павезлі на пазначанае ім «месца злачынства». Аднак ніякіх слядоў здзейсненага гвалту там супрацоўнікі міліцыі не выявілі. У такой сітуацыі малады чалавек змушаны быў прызнацца, што здзейсніў загадзя лжывы данос, і паказаў, дзе схаваў торбу з рэчамі.
У выніку 20-гадовага касцюковіцкага фантазёра суд прыгаварыў да пазбаўлення волі на адзін год з выпрабавальным тэрмінам.





