Знайсці
09.11.2022 / 14:3716РусŁacБел

Які колер пасуе касцёлу Святога Язэпа — белы ці жоўты? Эстэтычная спрэчка з-за перафарбоўкі святыні

Самы вялікі па плошчы стары мінскі храм — Святога Язэпа — падчас рэстаўрацыі змяніў колер. Звыклы белы фасад стаў пясочны. Праз гэта пачалася дыскусія — некаторыя абураюцца, што храм ператварылі ў «пернікавы домік». «Гэта за расійскім часам усё перафарбавалі ў казённы белы ці казённы жоўты», — кажа рэстаўратар.

Цяперашні будынак касцёла Святога Язэпа. Фота: t.me/spadczyna

Касцёл Святога Язэпа стаіць у Верхнім горадзе Мінска на вуліцы Кірылы і Мяфодзія. Гэта помнік архітэктуры позняга барока, ён мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Каталіцкая святыня ў камунальнай уласнасці. Улады шмат год абяцаюць аддаць храм вернікам, але там пакуль размешчаны архіў.

Рэстаўрацыйныя работы вядуцца пад кіраўніцтвам архітэктара Рамана Забелы з навукова-праектнага цэнтру «Рэстабіліс».

«Выгляд барочных храмаў, які вядомы нам, — вынік шматлікіх перафарбовак, бо барочныя храмы не былі аднатоннымі (і тым больш белымі), але нам амаль не даводзілася бачыць іх у гістарычнай афарбоўцы», — піша тэлеграм-канал «Спадчына» наконт рэстаўрацыі.

Аўтары згадваюць прыклады аднаўлення колеравага рашэння — Брыгіцкі касцёл у Гродне, касцёл Божага Цела ў Нясвіжы.

Ранейшы белы будынак касцёла Святога Язэпа. Фота: poshyk.info

Эксперт «Нашай Нівы», даследчык беларускай мінуўшчыны, які папрасіў аб ананімнасці, адзначае, што помнікі архітэктуры, якія мы бачым сёння, не заўжды мелі звыклы нам выгляд. Звычайна іх шчодра расквечвалі, адпаведна з густамі эпохаў і магчымасцямі ў розны час.

«У эпоху барока храмы былі рознакаляровымі. Афарбоўка імітавала розныя адценні каштоўных камянёў, часам дадавалі выявы скульптур, фрэскі на фасадах, — даводзіць эксперт. — А той выгляд, з якім мы зжыліся цягам апошніх двух стагоддзяў, храмы набылі за расійскім часам, калі ўсё было пафарбавана ў белае і жоўтае, што стала сінонімам казёншчыны. Часам, насамрэч, не маючы іншых магчымасцяў, храмы густа бялілі. У гэтым быў і рацыянальны сэнс: вапна забівае грыбкі і цвіль».

Эксперт лічыць, што новая афарбоўка зрабіла касцёл Святога Язэпа больш заўважным.

«Большасць нават менчукоў не здагадваецца пра ягонае існаванне і гісторыю, — даводзіць ён. — Таму гэта выдатны і бязбольны спосаб яго вярнуць у прастору горада! Для неабазнаных пакуль ён глядзіцца дзіўна. Але такому колераваму рашэнню папярэднічалі доўгія даследаванні і аналізы, зандажы сценаў, падбор колераў».

Гараджане тым часам дыскутуюць у сацсетках наконт удачлівасці абранага калеру.

«Пернікавы домік», — параўноўваюць.

«Раней проста не было каляровых фота, — мяркуе яшчэ адзін удзельнік дыскусіі, — а чыстая вапнавая пабелка была або бежавая, або блакітная. Так што каб і хацелі беленькім зрабіць, то не атрымалася б!»

Касцёл Святога Язепа цяпер. Фота: t.me/spadczyna

Некаторыя настойваюць, што для іх больш звыклы белы колер храма. Разам з тым яны прызнаюць, што каталіцкія храмы фарбавалі і ў жоўты.

«Калі не памыляюся, жоўты колер прыйшоў бліжэй да канца XVIII стагоддзя і быў больш характэрным для класіцызму», — гаворыцца ў адным з каментароў.

«Спадзяюся, гэтая каларыстыка мае нейкую навуковую абгрунтаванасць? Нехта ж мусіў перад рэстаўрацыяй рабіць даследаванне?» — задаюцца пытаннем у каментарах.

«Перад тым, як сцябацца, каторы б займеў сабе клопат пагаварыць з навуковым кіраўніком, дарэчы, не горшым архітэктарам-рэстаўратарам з маладога пакалення, але ўжо з пэўным досведам выканання работ на помніках архітэктуры», — адказваюць у адным з каментароў.

«Да кіраўніка прэтэнзій нуль, але выглядае дзіўнавата», — не пагаджаюцца.

На Віцебшчыне не засталося райцэнтраў, у якіх няма сталага каталіцкага храма. Асвяцілі касцёл у Сянне ФОТЫ

На мінскай царкве ўстанавілі самы вялікі купал у Беларусі. Яго вага — 12 тон

Мінскія ўлады адмовілі вернікам Чырвонага касцёла на просьбу маліцца ў касцёле або каля яго

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
17
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1
0
маленькая архітэктарка цемры/адказаць/
09.11.2022
Лол, мне дастаткова Лошыцкай сядзібы, якая да ўмяшальніцтва спецыялістаў ад лукавага глядзелася (яна "закінутая" была белая, з дахам чырвоным) куды лепш і адчувалася лепш - у ёй была душа
2
Valadzimir/адказаць/
09.11.2022
Паглядзеў, як фарбуюць фасады барочных каталіцкіх храмаў у Польшчы. Самы распаўсюджаны варыянт - у два колеры. Значна радзей - у тры колеры. Афарбоўку ў чатыры колеры, як зараз "аляпавата" размалявалі касьцёл у Мінске, не сустрэў ні разу. Да таго, проста жудасны кантраст паміж сьветлабежавым і цёмнакарычневым. Як вынік, як ужо адзначана, новая афарбоўка цалкам "зьела" вельмі прыгожую "вогнута-выпуклую" пластыку гэтага фасаду... Але для кагосьці атрымалася "красиво" і дажа "шикарно"... Ну дык! У Мінске ужэ многа чаво зделана "красиво", асобінна Акцябарская плошчадь!
0
ЯНКА/адказаць/
10.11.2022
маленькая архітэктарка цемры, да прыкладу, так званы Мід зьверху белы, а ў ніжняй частцы пясочнага колеру, што выглядае крыху дзіўнавата. Знаёмы па працы сказаў: гэта покуль зьверху рэстаўратары адмылі мармуравую абліцоўку. Бо мармур на будынку, маўляў, моцна пажаўцеў ад часу. Мо' й гэты храм трэ' будзе адмыць? :)
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031