Урад пераплавіў сённяшнія словы Лукашэнкі ў пастанову аб мараторыі на павышэнне цэнаў
Адпаведную пастанову № 669 «Аб часовых мерах па стабілізацыі цэнаў» падпісаў Раман Галоўчанка пасля нарады ў Лукашэнкі. Асноўная яе задача, як сцвярджае ўрадавая прэс-служба — «гарантыя справядлівых цэн».
Фота: Мінск-Навіны
Згодна з пастановай, з 6 кастрычніка 2022 года юрыдычныя асобы ўсіх формаў уласнасці і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія робяць вытворчасць (увоз) і (або) рэалізацыю тавараў на ўнутраны рынак або аказваюць паслугі на тэрыторыі Беларусі, не змогуць павысіць цэны на ўсе тавары, як харчовыя, так і нехарчовыя, і паслугі.
Не дапускаецца таксама павышэнне цэнаў (тарыфаў) у выніку адмены акцый, зніжак і распродажаў.
️Рашэнні аб павышэнні цэнаў будуць цяпер прымаць цэнтральныя органы дзяржаўнага кіравання, дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам, прытым «толькі ў выпадку эканамічнай мэтазгоднасці».
️Усталяванне цэнаў (тарыфаў) на тавары (паслугі), якія да 6 кастрычніка 2022 года не былі зробленыя (не ўвозіліся, не рэалізоўваліся, не аказваліся) у Беларусі, таксама мусіць узгадняцца з цэнтральнымі органамі дзяржаўнага кіравання, дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі ўраду, з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам.
️Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, іншым рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму даручана кантраляваць насычэнне рынку таварамі (паслугамі). Таксама ім даюцца паўнамоцтвы на прыпыненне працы аб'ектаў, дзеянні спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) у выпадку парушэння патрабаванняў гэтай пастановы.