Знайсці
13.04.2022 / 19:28РусŁacБел

АБСЕ: Беларусь не з'яўляецца бокам міжнароднага ўзброенага канфлікту

Эксперты Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе прызналі бакамі ўзброенага канфлікту Расію і Украіну, аднак не сталі надзяляць такім статусам Беларусь. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Маскоўскага механізму АБСЕ, апублікаваным на сайце арганізацыі.

Фота: Lisa Leutner / AP

«Хоць Беларусь дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападаў Расіі на Украіну, місія [АБСЕ] лічыць, што па стане на 1 красавіка яна не з'яўляецца бокам міжнароднага ўзброенага канфлікту, пакуль не здзяйсняе акты гвалту ці іншыя дзеянні, якія ўяўляюць сабой непасрэдны ўдзел у ваенных дзеяннях», — адзначаецца ў дакладзе. 

Таксама АБСЕ адмаўляецца лічыць бакамі канфлікту краіны НАТА «толькі на падставе факту паставак зброі або абмену разведвальнай інфармацыяй».

Разам з тым, на думку АБСЕ, і Беларусь, і НАТА павінны несці «павышаную адказнасць» у сувязі з тым, што падтрымліваюць бакі, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца таксама, што вайну Расіі з Украінай варта разглядаць у кантэксце гуманітарнага права ў дачыненні да міжнародных узброеных канфліктаў, у прыватнасці, чатырох Жэнеўскіх канвенцый і дадатковых пратаколаў да іх, якія абедзве краіны падпісалі.

Эксперты прыйшлі да высновы, што расійскія вайскоўцы нясуць адказнасць за абстрэл радзільні і драматычнага тэатра ў Марыупалі. У абодвух выпадках, на думку прадстаўнікоў арганізацыі, людзі, адказныя за гэта, здзейснілі ваенныя злачынствы. Абстрэл тэатра, у выніку якога загінулі каля 300 чалавек, эксперты АБСЕ назвалі «абуральным парушэннем» міжнароднага гуманітарнага права.

Аўтары даклада лічаць, што «мэтанакіраваныя забойствы» і «гвалтоўныя знікненні або выкраданні грамадзянскіх асоб», у тым ліку журналістаў і чыноўнікаў, якія здзейснілі прадстаўнікі Расеі, верагодна, можна кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавечнасці.

Пра злачынствы ў Бучы і іншых мясцовасцях на поўначы Украіны ў дакладзе нічога няма, бо ягоныя храналагічныя рамкі — з 24 лютага па 1 красавіка. Тады пра трагедыю гэтых мясцін яшчэ не мелася шмат інфармацыі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
6
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
4
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031