Знайсці
13.12.2021 / 19:22РусŁacБел

«Telegram заблакаваць вельмі праблематычна». Следчы расказаў, што ўскладняе барацьбу з кіберзлачынствамі ў Беларусі

Следчы Леанід Мельнік працуе ў цэнтральным апараце СК, спецыялізуецца на справах, звязаных з інфармацыйнай бяспекай. Ён склаў спіс, што замінае барацьбе з кіберзлачыннасцю ў Беларусі. У практыцы здараліся выпадкі, калі банк, каб не сапсаваць сваю рэпутацыю, утойваў злачынства. Таксама следчы адзначае, што працу ўскладняе немагчымасць заблакаваць пэўныя рэсурсы, найперш — Telegram. А непрызнанне ўлады ў Беларусі вядзе да таго, што іншыя дзяржавы адмаўляюць прадастаўляць інфармацыю, неабходную для раскрыцця кіберзлачынстваў.

Следчы Леанід Мельнік. Фота: пракуратура Мінскай вобласці

У 2014 годзе ў Беларусі былі змененыя правілы рэгістрацыі электронных кашалькоў. Гэта прывяло да таго, што карыстальнікі перайшлі на замежныя плацежныя сістэмы. Так адміністратыўны бар’ер ускосна ўскладніў працу беларускіх следчых з кіберзлачынствамі: адсачыць злачынныя аперацыі і датычных да іх асоб стала складаней.

Яшчэ адна праблема: у Беларусі няма нормаў, якія рэгламентуюць арышт на токены і электронныя грошы. Ёсць праблемы з кампетэнцыяй сілавікоў, абсталяваннем і методыкамі раскрыцця кіберзлачынстваў.

Таксама няма дакладных патрабаванняў, якія датычацца тэрмінаў і аб'ёму захоўвання інфармацыі ў журналах сервераў кампаній. У час расследавання адной са спраў высветлілася, што не ўсе арганізацыі вядуць такія журналы. 

Існуюць супярэчанні паміж жаданнем кампаній прадаставіць насельніцтву інфармацыйныя паслугі і магчымасцю зрабіць гэту паслугу бяспечнай. Так, у 2017 годзе мабільны аператар А1 запусціў паслугу v-banking, якой актыўна карысталіся злачынцы, яны афармлялі яе на трэціх асоб. 

Падчас расследавання крымінальнай справы, звязанай з крадзяжом з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі, стала вядома, што адзін з банкаў не звярнуўся своечасова ў праваахоўчыя органы, ведаючы аб праблеме. Аднак кіраўніцтва палічыла, што гэта нашкодзіць рэпутацыі банка, што паслужыла ўмовай для ўтойвання злачынства.

Яшчэ адна істотная праблема, як адзначае прадстаўнік СК, немагчымасць тэхнічна заблакаваць асобныя рэсурсы: «Прыклад — інтэрнэт-месенджар Telegram, заблакаваць які вельмі праблематычна».

Ёсць і відавочная праблема — занадта простыя паролі, якія ставяць карыстальнікі. Згодна з дакладам кампаніі Verizon, у 81% выпадкаў несанкцыянаваны доступ да даных быў атрыманы дзякуючы паролям, якія хакеры лёгка адгадалі. 

Апроч тэхнічных і юрыдычных праблем, ёсць і чыста палітычныя, адзначае следчы Мельнік. Непрызнанне палітычнай суб’ектнасці вядзе да таго, што замежныя дзяржавы адмаўляюць прадастаўляць Беларусі прававую дапамогу, злачынцы пра гэта ведаюць і карыстаюцца момантам.

Пры гэтым следчы адзначае, што «ва ўмовах дэстабілізацыі палітычнай абстаноўкі зацікаўленымі групамі і арганізацыямі, а таксама дзяржавамі токены і электронныя грошы могуць выкарыстоўвацца для фінансавання злачынных груповак, якія працуюць у інтарэсах тых арганізацый праз грамадскія аб'яднанні і палітычныя сілы».

Гэта ўпісваецца ў рыторыку прапаганды пра фінансаванне пратэстаў Беларусі з-за мяжы. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031