Знайсці
07.09.2021 / 11:04РусŁacБел

У Добрушы судзяць рэпера за песню з абразай Лукашэнкі

У Добрушы 6 верасня пачаўся суд над 22-гадовым музыкантам Яўгенам Пятровым, які абвінавачваецца ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368), паведамляе «Гомельская вясна».

У песні «Лукашэнка, сыходзь», на думку абвінавачвання, утрымліваецца радок з абразай Аляксандра Лукашэнкі. Працэс зрабілі закрытым.

Яўгена Пятрова затрымалі 4 чэрвеня. Супрацоўнікі ГУБАЗіК, каб знайсці маладзёна, які не жыў па месцы рэгістрацыі ў Добрушы, стварылі фэйкавы акаўнт. Ад імя дзяўчыны напісалі яму ў асабістыя паведамленні і папрасілі напісаць песню (маладзён падпрацоўваў стварэннем музычных трэкаў).

На сустрэчу замест дзяўчыны-кліенткі прыйшлі следчыя. Хлопца дапыталі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на 72 гадзіны, пасля якіх выставілі абвінавачанне і адпусцілі пад падпіску аб нявыяздзе.

Яўген віны не прызнае. Ён лічыць, што ў песні, якую ён напісаў летась падчас выбарчай кампаніі, не было абразы, бо пасля абразлівага слова стаяў пытальнік.

Але эксперты, якія праводзілі лінгвістычную экспертызу тэксту песні, прыйшлі да высновы, што ў тэксце ўсё ж такі ёсць абраза.

«Мяне вельмі ўсхвалявала тое, што адбывалася ў Беларусі падчас выбарчай кампаніі, — патлумачыў хлопец. — Нерэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, затрыманні актывістаў, палітыкаў, блогераў (Сяргея Ціханоўскага). Брутальныя дзеянні сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў. Усё гэта падштурхнула мяне да стварэння гэтай песні, за якую мяне судзяць».

23 жніўня за рэпост гэтай песні суд пакараў годам калоніі 22-гадовага гамельчука Сяргея Балахонава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера