NASA адправіць дзве місіі на «пякельную планету» Венеру
NASA абвясціла, што адпраўляе дзве новыя місіі на Венеру, каб вывучыць атмасферу планеты і яе геалагічныя асаблівасці, піша ВВС.
Місіі, кожная з якіх атрымае фінансаванне ў памеры 500 мільёнаў даляраў, павінны пачацца ў 2028—30 гадах.
Адміністратар NASA Біл Нэльсан заявіў, што місіі дадуць «шанец даследаваць планету, на якой мы не былі больш за 30 гадоў».
Апошнім зондам ЗША, які наведаў планету, быў касмічны апарат «Магелан» у 1990 годзе.
«Гэтыя дзве місіі-сёстры імкнуцца зразумець, як Венера ператварылася ў пякельную планету, на паверхні якой можа плавіцца свінец», — сказаў Нэльсан.
Венера — другая планета ад Сонца і самая гарачая планета Сонечнай сістэмы з тэмпературай паверхні 500 па Цэльсіі.
Місія Davinci+ (глыбокае атмасфернае даследаванне высакародных газаў, хіміі і візуалізацыі Венеры) будзе даследаваць атмасферу планеты, каб атрымаць уяўленне аб тым, як яна фармавалася і эвалюцыянавала. Яна таксама павінна вызначыць, ці быў на Венеры калісьці акіян.
Чакаецца, што Davinci+ адправіць першыя высакаякасныя малюнкі геалагічных асаблівасцяў планеты. Навукоўцы лічаць, што гэтыя асаблівасці могуць быць супастаўныя з мацерыкамі на зямлі і мяркуюць, што Венера мае тэктоніку пліт.
Другая місія Veritas (выпраменьванні Венеры, радыёнавука, InSAR, тапаграфія і спектраскапія), складзе карту паверхні планеты, каб зразумець яе геалагічную гісторыю і даследаваць, чаму яна развівалася настолькі іначай, чым Зямля.
Місія будзе выкарыстоўваць радыёлакатар для вымярэння вышыні паверхні і вызначэння таго, ці адбываюцца вывяржэнні вулканаў і землятрусы да гэтага часу.
«Дзіўна, як мала мы ведаем пра Венеру, але сукупныя вынікі гэтых місій раскажуць нам пра яе — ад аблокаў на небе да вулканаў на яе паверхні і аж да самага ядра», — сказаў Том Вагнер з падраздзялення планетнай навукі NASA.
«Гэта будзе падобна да таго, быццам мы зноўку адкрылі планету», — дадаў ён.