Знайсці
21.09.2021 / 18:08РусŁacБел

Будавалі калегіюм, а выйшла турма. Расказваем пра адну з самых старэйшых вязніц Беларусі

Няма ў горадзе над Нёманам больш трывалай установы, піша Андрэй Вашкевіч. Яна ніколі не пуставала.

Фота Андрэя Дынько.

Звесткі пра першыя турмы на тэрыторыі Гродна адносяцца да XVI стагоддзя. Самая першая знаходзілася пад уязной вежай Старога замка. Тут утрымліваліся шляхцічы, асуджаныя княжацкім або замкавым судом.

Гарадская турма, у сваю чаргу, размяшчалася ў ратушы на гарадскім Рынку. 

У Рэчы Паспалітай зняволенне не было асноўным метадам пакарання. Артыкулы Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, якія прадугледжвалі турэмныя тэрміны, адносна нешматлікія. У турму звычайна садзілі толькі на час следства. 

А тое, што стане ў будучыні турмой, будавалася зусім для іншага.

У XVII стагоддзі езуіты выкупілі цэлы квартал горада ў межах вуліц Рэзніцкая (цяпер Кірава) — Калючынская — Гараднічанская — Брыгіцкая (цяпер Карла Маркса) і пачалі будаваць сваю навучальную ўстанову — калегіум. Самыя старыя будынкі калегіума ўзведзеныя ў 1680-я гады і захаваліся да сёння. А пасля забароны ордэна езуітаў у 1773 годзе гэтыя будынкі адышлі часткова да Рыма-каталіцкай царквы, а часткова — гарадскім службам. У іх пасля і размясцілі турму.

Турэмны замак

У 1795 годзе беларускія землі адышлі да Расіі. Першае дзесяцігоддзе ХІХ стагоддзя гарадская турма па-ранейшаму размяшчалася ў ратушы. У той вязніцы было толькі 4 пакоі, адзін з якіх выкарыстоўваўся аховай. І толькі пасля вайны 1812 года паводле тыпавога праекта, складзенага ў 1811-м, у Гродне было распачата будаўніцтва «турэмнага замка». Ён быў дабудаваны і пачаў функцыянаваць у 1820 годзе, заняўшы тэрыторыю былых езуіцкіх агародаў. Самі будынкі калегіума тады яшчэ турме не належалі. 

Прылады для кляймення. Фота Андрэя Вашкевіча.

З боку вуліцы Калючынскай за сцяной знаходзіўся будынак-брама, дзе размяшчаліся пакоі варты, бальніца, а на другім паверсе — камеры для дваран. У асноўным будынку, так званай «турэмнай казарме», былі камеры для простага люду — досыць вялікія, асобныя для мужчын і жанчын. На другім паверсе гэтага будынка былі тры «сакрэтныя» камеры для асабліва небяспечных злачынцаў. Пазней там будуць трымаць палітычных вязняў. На тэрыторыі «турэмнага замка» таксама знаходзіліся агульныя прыбіральні, калодзеж, цэйхгаўз, бальніцы для мужчын і жанчын і асвечаная ў 1820-х гадах капліца Святога Пятра ў кайданах.

Дарога на Сібір

Першапачаткова гродзенская турма, як і большасць турмаў на захадзе і ў цэнтры Расійскай імперыі, планавалася як перасыльная. У ёй не павінны былі доўга трымаць зняволеных, бо амаль усіх у выніку чакала Сібір. Жыхары горада часцяком назіралі працэсію вязняў, закаваных у ручныя альбо нажныя кайданы. Для гэтых мэтаў у турме працавала адмысловая кузня: каваль раскоўваў вязняў на ноч, каб пасля зноў закаваць і адправіць далей.

На катаржнікаў, якія выпраўляліся ў цяжкую слёзную дарогу за Урал, апранаўся так званы турэмны халат. Шылі яго з сукна рознай якасці. Ужо на этапе на спіну на гэты халат нашываўся бубновы туз чырвонага, чорнага або жоўтага колеру, паколькі гэты знак быў добрай мішэнню для стральбы салдатам канвою падчас уцёкаў. На галаве катаржнікі насілі ці традыцыйную бесказырку, ці больш арыгінальныя цёплыя шапкі.

Сімвал царскай улады

Аднак вельмі хутка, літаральна праз некалькі гадоў пасля паўстання 1830—1831 гадоў, гродзенская турма становіцца нечым большым, чым проста перасыльным пунктам на дарозе ў Сібір. Яна робіцца сімвалам і напамінам. Пачынаючы з паўстання 1830—1831 гадоў і асабліва з моманту, калі ў турме знаходзіцца павешаны ў 1833-м на загад Міхаіла Мураўёва, тады гродзенскага губернатара, паўстанец Міхал Валовіч, турма пачынае выконваць самую галоўную функцыю — нагадваць кожнаму жыхару губернскага Гродна, што любы пратэст супраць царскага самаўладдзя смяротна небяспечны. 

Камера XIX стагоддзя для ўтрымання катаржніка-паўстанца. Фота Андрэя Вашкевіча.

У час паўстання 1863—1864 гадоў зняволеных стала так шмат, што турэмнае ведамства спачатку арандавала, а пасля забрала сабе будынкі былога езуіцкага калегіума. Там размяшчалася вайскова-следчая камісія і былі змешчаныя ўдзельнікі паўстання, колькасць якіх адначасова даходзіла да пяцісот. У былых келлях езуітаў дошкамі або цэглай заклалі да сярэдзіны вокны, і на гэтым прыстасаванне езуіцкай бурсы пад турму скончылася. Двойчы з тэрыторыі турмы выходзілі канвоі з асуджанымі на расстрэл удзельнікамі паўстання. 

«Невыносны смурод»

Захавалася апісанне турмы, пакінутае Фантэск’ю Андэрсанам, англійскім пастарам і настаўнікам, які, абвінавачаны ў сувязі з паўстанцамі, правёў некалькі дзён у ёй летам 1863 года:

«Калі я зайшоў у камеру, мае органы пачуццяў былі атакаваныя самым невыносным смуродам ад нечыстотаў, якія пакінуў пасля сябе папярэдні зняволены. 

Пачалі апускацца вечаровыя цені, і тое слабое святло, што яшчэ заставалася, ледзь трапляла ў маю камеру; бо ў камеры было толькі адно акно, вельмі высока ад падлогі, і ягоная ніжняя частка была закладзена цэглай, а верхняя забітая дошкамі. Па сутнасці, толькі праз шчыліны ў некаторых з верхніх дошак можна было ўгледзець трохі блакітнага неба, ды і тое з цяжкасцямі, нават удзень.

Правёўшы ў адзіноце каля дзвюх гадзін, я пачуў, як адмыкаюць краты і мае дзверы, і ўбачыў іншага казака з брудным служкам, які паставіў на стол маю вячэру. Яна складалася з кавалка грубага хлеба і місы рэдкай і вельмі тлустай кашы, ад якой ішоў вельмі непрыемны пах».

Праз гродзенскую турму ў ХІХ стагоддзі прайшлі многія заслужаныя людзі. Тут пабывалі будучы знакаміты фізік Жыгімонт Урублеўскі, лекар Аляксандр Акінчыц, першы муж Элізы Ажэшка Пятро Ажэшка, будучы парыжскі фатограф Пятро Шумаў, тры разы праходзіў з этапам мала каму тады вядомы сацыяліст Фелікс Дзяржынскі… 

А яшчэ ўжо праз год пасля падаўлення паўстання тут апынуўся вядомы мастак Напалеон Орда, які пакінуў унікальныя малюнкі, напісаныя проста ў двары няіснага цяпер турэмнага замка. Праўда, сам будынак турэмнай казармы ён намаляваў толькі часткова (відаць ягоны кут з прыступкамі), аднак двухпавярховыя вароты, сцяна, калодзеж і цэйхгаўз прапісаныя ў яго вельмі добра. 

І супу з блёкатам

Трагічныя гісторыі вязняў, як гэта звычайна бывае ў жыцці, перамяжоўваліся з камічнымі. Напрыклад, уцёкі з турмы планаваліся вельмі па-рознаму. Аднойчы зняволеныя пакармілі ахоўнікаў супам з… блёкатам, увагнаўшы іх у наркатычны сон. А яшчэ старая, пачатку ХХ стагоддзя, «Наша Ніва» пісала, што асуджаныя ўцякалі па вяроўцы з прасцінаў, разламаўшы перад тым аконныя краты. Дзе былі ў гэты час ахоўнікі, невядома. 

Увогуле, да сярэдзіны ХІХ стагоддзя турма рабіла дзіўнае ўражанне. Асуджаныя за не вельмі цяжкія злачынствы асобы хадзілі па яе тэрыторыі і нават выпускаліся за муры, каб збіраць міласціну, бо за дзяржаўныя грошы выжыць было проста немагчыма. 

Асноўным прадуктам для вязняў цягам ХІХ стагоддзя быў хлеб. Дзённая норма — два з паловай фунты (фунт — 400 грам). Цікава, што грошы да 1838 года выдаваліся на рукі, ежа куплялася праз падрадчыкаў індывідуальна, і толькі пазней прыйшла цэнтралізацыя. Калі вязень атрымліваў 12 капеек, то 9 ішло на хлеб, а рэшта на «прыварак»: капусту, буракі, бульбу, селядзец і г. д.

У турме таксама доўгія гады заставалася вакантнай пасада ка́та, які мусіў выконваць цялесныя пакаранні вязняў. Ката, як правіла, наймалі з ліку зняволеных. Ён жыў у асобным дамку на тэрыторыі турмы, значна лепш харчаваўся і апранаўся. Аднак яго страшэнна ненавідзелі зняволеныя, а таму ахвотныя заняць гэтую пасаду знаходзіліся рэдка.

Больш за тое, біццё зняволеных бізуном (а гэта была асноўная «праца» ката) патрабавала пэўнага прафесіяналізму: удары можна было наносіць не занадта моцна, а можна было некалькімі ўдарамі забіць чалавека. Часта таксама выкарыстоўваліся пакаранні калодкамі або дыбай. Вялікую цікавасць выклікае працэс «кляймення». Фактычна ў нашым разуменні гэта было татуіраванне чалавека знакам «ВОР», якое праводзіў турэмны лекар.

Месінг і Каханоўскі

1 верасня 1939 года на горад упалі першыя нямецкія бомбы. Адна з іх трапіла ў двор турмы, забіўшы і параніўшы некалькіх наглядчыкаў. 17 верасня 1939 года турэмная варта пакінула свае працоўныя месцы, а зняволеныя выйшлі на волю. Пасля казалі, што дзівакаваты Піліп Пестрак нібыта так прывык да сваёй камеры, што нават пасля вызвалення, ужо будучы фактычна савецкім чыноўнікам, некаторы час хадзіў у турму начаваць. Праўда, месца там было нядоўга, бо савецкія ўлады хутка напоўнілі турму сваімі ворагамі. 

Камуністы — вязні гродзенскай турмы пасля вызвалення ў 1939 годзе. У цэнтры — паэт Піліп Пестрак.

Кароткі час тут сядзеў нават вядомы артыст-ілюзіяніст яўрэйскага паходжання Вольф Месінг: гэта было ў 1940 годзе, калі ён ратаваўся ад нацыстаў уцёкамі ў СССР. Казалі, што менавіта ў Гродне Месінг прадэманстраваў свае здольнасці супрацоўнікам НКВД, пасля чаго адразу быў накіраваны ў Маскву. 

У чэрвені 1941-га зняволеным турмы пашанцавала. На яе тэрыторыю зноў упалі нямецкія бомбы, разбурыўшы частку калегіума, аднак зняволеных не паспелі ні эвакуіраваць, ні расстраляць, як гэта было ў некаторых іншых беларускіх турмах. Немцы выпусцілі з турмы большасць палітычных зняволеных. Праўда, праз год яны ж пачалі ізноў вяртаць прадстаўнікоў гродзенскай інтэлігенцыі ў тыя самыя камеры. 

«Чырвоная» турма

Перыяд пасля Другой сусветнай вайны ў гісторыі турмы дасюль нікім толкам не апісаны. Вядома, што гродзенская турма ў СССР традыцыйна лічылася «чырвонай», дзе рэй вялі не зладзеі ў законе, а турэмная адміністрацыя. Сюды «на перавыхаванне» прысылалі закаранелых рэцыдывістаў. 

У 1982 годзе была апошняя на сённяшні момант спроба ўцёкаў з турмы, і яна мела трагічныя наступствы. Некалькі рэцыдывістаў задушылі аднаго ахоўніка і цяжка паранілі другога, вырваліся з турэмнага корпуса і кінуліся да сцяны. Сітуацыю выратаваў яшчэ адзін ахоўнік, які, дарэчы, па месцы працы раней характарызаваўся вельмі адмоўна. Ён не разгубіўся і пачаў страляць па зэках, параніўшы некалькіх з іх. 

За турэмную сцяну ўдалося вырвацца толькі дваім зняволеным, якія з высокай сцяны скочылі на дах тралейбуса, што праязджаў па вуліцы Кірава. Аднаго з іх адразу схапілі вайскоўцы, якія выходзілі з кінатэатра «Гродна», а вось другога злавілі толькі праз некалькі дзён. Суд прысудзіў пяцёх удзельнікаў уцёкаў да найвышэйшай меры пакарання — расстрэлу. 

Сёння гродзенская турма — адна з дзвюх «крытых» (гэта значыць у якіх адбываюць пакаранне замест калоніі) турмаў Беларусі. Колькі тут знаходзіцца вязняў — службовая таямніца. Асуджаныя на шматгадовыя тэрміны злачынцы сядзяць у карпусах былога калегіума езуітаў, а тыя, чые справы знаходзяцца ў судзе, — у пабудаваным у канцы ХІХ стагоддзя «корпусе адзіночнага ўтрымання». 

Гатэль замест турмы: пакуль у марах

І гродзенцы, і ўлады добра разумеюць, што знаходжанне велізарнай турмы ў самым турыстычным цэнтры горада эканамічна не апраўданае. Яшчэ ў 2007-м абласныя ўлады звярталіся да тагачаснага прэм’ера Беларусі Сяргея Сідорскага з просьбай да 2011 года збудаваць новую турму і вызваліць былы езуіцкі калегіум для турыстаў або якой установы. Маўляў, знаходзяцца ж карпусы Полацкага ўніверсітэта ў езуіцкім калегіуме часоў Баторыя! Аднак ініцыятыва засталася без адказу. 

Вуліца Калючынская ў 1950-х.

У 2019 годзе чарговую надзею падаў гродзенскі прадпрымальнік Станіслаў Сямашка, які акурат разбудоўвае насупраць турмы чарговую сваю гасцініцу. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Сямашка сказаў: «У цэнтры Гродна стаіць вялікая турма. У ідэале я б хацеў пабудаваць новую турму, сучасную. А ў гэтай знесці сцены і зрабіць музей… Турыст туды адразу пойдзе. Можа быць, гатэль таксама адкрыць: там не нумар будзе, а «хата»!»

Вельмі хацелася б дажыць да таго часу, калі шматгадовы сімвал нядолі саступіць месца гатэльным нумарам з пахам свежай кавы.

Андрэй Вашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031