Знайсці
01.03.2016 / 08:5310РусŁacБел

Страхі Мінска 100 гадоў таму

Піша Паўліна Купрысь.

У 1901 годзе выйшла кніжка Дарафея Бохана «Мінскія паданні і легенды». Нейкія з іх ён пачуў ад старых мінчукоў, нешта, відаць, прыдумаў сам. Частку паданняў перадаў у вершаванай форме.

Усе паданні — вусцішныя, містычныя. Відавочна, яны адлюстравалі расповеды пра самыя загадкавыя мясціны ў Мінску.

Якіх куткоў баяліся мінчукі мінулых пакаленняў? Найперш гэта рэчка.

Вір Свіслачы, з якога выходзіць русалка — дзяўчыну ўтапіла тут уласная маці, калі яны пакахалі аднаго і таго ж хлопца. Тут жа — Вадзянік, не смешны, а страшны: ён плача начамі, узгадваючы сваю няверную жонку, з якой разам калісьці ўтапіўся, каб яна не сышла да іншага.

Рэчка Свіслач была на пачатку ХХ ст. такой.

Страх даўніх мінчукоў перад Свіслаччу лёгка патлумачыць. Штогод у ёй тапіліся самагубцы ды неасцярожныя купальшчыкі. Свіслач пагражала нават тым, хто сам у яе не сунуўся. У час вясновых паводак залівала ўвесь цяперашні праспект Пераможцаў каля Палаца спорту (а колісь Татарскія агароды і Людамант). Залівала таксама Ракаўскае прадмесце, частку Верхняга горада і цэнтральнага праспекта. Плынь несла па горадзе старыя хаты, гаспадарчыя пабудовы, мёртвую жывёлу, птушку, пацукоў. Тагачасная прэса пісала, што гаспадары праз некалькі дзён бадзянняў вяртаючыся дахаты, пабачылі свіняў, якія ратаваліся ад вады на гаспадарскіх ложках. Аднойчы фотааматары, чые хаты, відаць, не закранула бяда, радасна фатаграфавалі драўляную прыбіральню, вынесеную вадой у самы цэнтр горада. Радаснага, аднак, у тыя дні было мала. «Ад агню ёсць ратунак — вада, ад вады ж ратунку няма», — гэтак заўжды казала сваёй сям’і адна старая мінчанка.

Камароўскае балота — яшчэ адно нешчаслівае, загадкавае месца ва ўяўленнях нашых продкаў.

На балоце жылі чарты ды нячысцікі, на балоце знікалі людзі. У кнізе Бохана Камароўцы прысвечана адразу два паданні. Адно — пра старога манаха з замкавага манастыра, які, пазбыўшыся ўсіх страсцей, не мог толькі разлюбіць золата. Падчас малітваў у царкве яму стаў прыходзіць прывід разбойніка. Чарговы раз пабачыўшы прывіда, манах Антоній вырашыў раскапаць падлогу храма ў тым месцы. Раскапаўшы, знайшоў труну, а побач скрынку з золатам. У гэты момант у храме пачуўся крык — юродзівы Федзька Камар немаведама як прабраўся ў царкву. Антоній вымушаны быў паабяцаць Федзьку палову золата за маўчанне, але перш золата трэ было схаваць ад браціі. Закопваць скрыню пайшлі на балота: перайшлі Нямігу, Свіслач, прайшлі праз Старажоўку — і збочылі ў зарасці акацыі, ляшчыны ды папараці. У апошні момант, калі яма для скрынкі ўжо была выкапаная, манах пашкадаваў для Федзькі абяцанага золата. Федзька Камар раптам абярнуўся ў таго самага прывіду з царквы, засмяяўся дэманічна, а манах Антоній стаў правальвацца пад зямлю разам са сваёй скрынкай. Так і прапаў. А балота Камароўскае — у гонар загадкавага Федзькі.

Камароўку нярэдка залівала.

Яшчэ адна легенда звязаная з старой карчмой на Камароўцы, на выездзе з горада, якая к канцу ХІХ стагоддзя ўжо была закінутая, піша Дарафей Бохан. За карчмой была невядомая магіла.

Яе з’яўленне народ патлумачыў з дапамогай звыклых вобразаў: яўрэя-чараўніка, карчмара Іцкі, гожай дзеўкі і яе жаніха. Стары Іцка закахаўся ў сялянскую дачку Ганю, стаў сватацца, а калі яна груба адкінула ягоныя заляцанні

(Не равняйся, жид поганый,
С Ваней дорогим,
Ты не купишь бедной Анны
Золотом своим) —

з дапамогай чараў звёў яе з розуму. Няшчасную вар’ятку пахавалі на Камароўцы: пры Барысаўскай дарозе, за камароўскай карчмой.

Антысемітызм беларускіх сялян, падагрэты расійскімі чарнасоценцамі, «пасяліў» на балоце побач з традыцыйнымі дэманамі і духамі іншых «чужых» — габрэяў.

Няшчасным каханнем тлумачылі мясцовыя жыхары яшчэ адзін помнічак, што стаяў у раёне вуліцы Няміга, між цяперашнімі вуліцамі Караля да Калектарнай.

Помнік грунтоўны, з пліт, паходжанне якога аднак, было страчана з людской памяці. У канцы ХІХ стагоддзя пра якога казалі, нібы гэта помнік на магіле братоў, якія пазабівалі адно аднаго, закахаўшыся ў адну дзяўчыну.

Яшчэ адно вусцішнае месца для нашых продкаў — гэта, канечне, могілкі. Паданне пра «лучшее із здешніх хрістіанскіх кладбіщ» — Залатую Горку — Дарафей Бохан запісаў са слоў мясцовага, «не ручаясь, конечно, за історіческую верность расказуемого».

Гэта легенда пра жорсткага магната Z., які наводзіў страх на ўсе ваколіцы, аднак з часам стаў раскайвацца і ахвяраваць грошы цэрквам дзеля ўратавання сваёй душы. Ён вырашыў упрыгожыць і стары драўляны касцёлік на могілках на Залатой Горцы. Ікону замовіў мясцоваму мастаку (забыўшы, як несправядліва некалі таго пакрыўдзіў). Мастак стварыў ікону, а на ёй — неймавернай прыгажосці ўсёбачнае вока Хрыста са слязой на вейках. Магнату так спадабалася выява, што ён пашкадаваў яе для касцёла і павесіў у сваёй спальні. Зрабіў гэта дарма: адной ночы ікона засвяцілася, а калі граф стаў уцякаць, паляцела за ім. Ікона пераследавала мужчыну аж пакуль ён не аступіўся на мосце і не ўпаў у Свіслач, дзе ўтапіўся. Тады абраз пераляцеў у капліцу на залатагорскіх могілках, дзе і застаўся.

Легенды — адлюстраванне часу, яго страхаў, заганаў, патрэб. Сучасных мінчукоў мала пужае містыка стагадовай даўніны, многія тагачасныя вобразы для нас састарэлі. Але месцы з незвычайнай аўрай, звязаныя з загадкавымі гісторыямі — такія ёсць у кожным сучасным горадзе, бо сутнасць чалавека не змяняецца. Для нас, адукаваных і сучасных, усё адно ёсць нешта за мяжой разумення. Тое, чаго баімся, што не можам патлумачыць.

Якія містычныя, легендарныя месцы ёсць у сучасным Мінску?

Паўліна Купрысь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031