Знайсці
17.11.2015 / 11:21РусŁacБел

Алег Дзярновіч: Каліноўскі ў Менску, старажытны горад, «сялянскі правадыр» і пачаткі беларускага кінематографа

Фото: «Лятучы ўніверсітэт» 

Мінулае заўсёды авеяна міфамі, і чым глыбей мы зазіраем у гісторыю – тым больш іх знаходзім. Міфалагізуюцца не толькі старажытныя асобы - такія, як Міндоўг, але і героі гісторыі, якой трошкі болей за сто пяцьдзесят год. Назва адкрытай лекцыі Алега Дзярновіча «Каліноўскі ў Менску: старажытны горад, «сялянскі правадыр» і пачаткі беларускага кінематографа. Як нам прымірыцца з ўласнай гісторыяй?» адсылае найперш да кінематаграфічных інтэрпрэтацый. Але якім чынам кіно дае адказы кандыдату гістарычных навук? І ці патрэбныя навуцы міфілагізаваныя героі? Гэтыя і іншыя пытанні Аляксей Чубат задае лектару.

– Алег Іванавіч, адкуль у вас узнікла жаданне даследаваць мастацкі твор, хоць бы і створаны на гістарычнай глебе? Мастацкае кіно – гэта ж скрозь бачанне рэжысёра, і навукі ў ім не так і шмат.

– Першы штрых заяўленай лекцыі ўзнік у 2013 г. пасля фестываля «Лістапад», на якім я паглядзеў арыгінальную стужку «Кастусь Каліноўскі». Яе ў 1927 г. зняў рэжысёр Уладзімір Гардзін. Я пабачыў у фільме кадры Менска, якога больш няма. Здымкі пакарання Каліноўскага адбываліся на Траецкай гары, дакладна на гэтым месцы цяпер стаіць Оперны тэатр. Дзякуючы гэтаму чорга-беламу кіно перад намі адрываецца ўся панарама Верхняга горада. Мяне, карэннага менчука, які цікавіцца гісторыяй свайго роднага месца, гэтыя ўнікальныя кадры вельмі кранулі. І таксама гэты фільм адкрыў для мяне разуменне механізмаў таго, як адбывалася міфалагізацыя Каліноўскага.

У фільме галоўнага героя вязуць на пакаранне па даўняй баракальнай вулцы, забудавай камяніцамі. І раптам становіцца зразумела, што гэта – Казьмадзем’янаўская. Яна была адной з прыгажэйшых муравананых вуліц у Менску. (Канчаткова будынкі на ёй былі разбураны падчас будаўніцства станцыі метро Няміга). Мне падалося вельмі сымбалічным, што мы глядзім фільм пра Каліноўскага і адначасова адкрываем фантастычныя кадры, звязаныя з гісторыяй сталіцы.

Уся мазаіка старажытнага Менска, які гістарычна моцна пацярпеў падчас Другой Сусветнай вайны і пасля яе, фігура Каліноўскага, беларусізацыя 1920-х гг. – розныя сюжэты сышліся для мяне ў адну панараму. Я зразумеў, што таксама і з дапамогай гэтага фільма быў створаны беларускі культ Каліноўскага. Бо раней, у XIX ст., наш герой не быў такой вядомай фігурай. І ні палякі, ні літоўцы не зрабілі яе знакавай. Пра гэта я і буду казаць на лекцыі.

– Кастусь Каліноўскі у жыцці быў такім, як у фільме?

– Фільм нельга ўспрымаць як гістарычна вывераны. Хаця вобраз сялянскага паўстанца, які паходзіць са шляхты, але змагаецца і са шляхецкімі прывілеямі, і з царскай уладай – не цалкам далёкі ад гістарычнай праўды. Каліноўскі меў шырокую, як бы зараз сказалі, сацыяльную праграму. Ён імкнуўся прыцягнуць да паўстання не толькі шляхту, але і сялян.

Мастацкі твор Уладзіміра Гардзіна спрабуе стварыць рэаліі 60-х гг. пазамінулага стагоддзя. Адначасова ён працуе на міфалагізацыю Кастуся Каліноўскага. На прыкладзе таго, як гэты фільм падае гістарычную асобу, я хацеў бы сказаць, што нам трэба знайсці паразуменне са сваёй гісторыяй, перастаць ёй помсціць. Дзіўна, але мы пастаянна агучваем незадаволенасць мінулым, маем прэтэнзіі да сваіх папярэднікаў. Спрабуем звесці рахункі і з Каліноўскім.

 Хіба мастацкі фільм, зняты ў БССР, дапаможа нам дамагчыся гістарычнай праўды?

– Не паглядзеўшы гэты фільм, мы не зразумеем, адкуль пачаў фармавацца вобраз, які мы маем сёння. Але глядзець яго трэба ў кантэксце часу, калі стваралі стужку.

– А хто ён насамрэч, гэты спадар Каліноўскі? Ёсць канкрэтна выверанае навуковае меркаванне, што ён быў за чалавек?

– У савецкай гісторыяграфіі сфармуляваўся такі тэрмін, які, бадай, не варта адкідаць – рэвалюцыйны дэмакрат. Рэвалюцыйнасць – схільнасць Каліноўскага да радыкальных формаў барацьбы, а дэмакрат ён у тым, што адкідаў саслоўныя прывілеі. Канешне, Кастусь Каліноўскі быў чалавекам сваёй зямлі, нашага краю. Ён сапраўды даў канкрэтны імпульс з’яўленню беларускай нацыі.

– Нават так! А наколькі, у такім выпадку, яго асоба даследавана айчыннай гістарыяграфіяй?

– У Беларусі пра Каліноўскага шмат пісалі на ўзроўні публіцыстыкі, масавых жанраў. Ёсць навуковыя публікацыі пра яго асобу. Канешне, польскія навукоўцы ў свой час таксама падрабязна спыняліся на паўстанні 1863-64 гг. і асобе Каліноўскага. Але ў Польшчы яго імя не выносілася на ўзровень нацыянальнага сімвала, як гэта адбылося ў Беларусі ў 20-х гг. мінулага стагоддзя.

– Дык усё ж такі, мастацкае кіно на гістарычную тэматыку дапамагае гістарыяграфіі ці перашкаджае?

– Кіно і гістарыяграфія – розныя сферы функцыянавання культуры ў грамадстве. Прывяду такі прыклад. Напрыканцы XX ст. на прасторы СНД пачаў раскручвацца накірунак «фолк-хістары». У асноўным гэта працы на гістарычныя тэмы, якія створаны, у лепшым выпадку, аматарамі навукі. То бок, фактычна навуковымі яны не з’яляюцца, але карыстаюцца добрым попытам у масавага чытыча. Ілжэ-гістарычны пісьменнік звычайна абкладаецца дзясяткам кніг на вызначаную тэму, выдзірае з іх цытаты і на аснове гэтага піша сваё чытво. У такой псеўдагістарычнай дзейнасці цалкам адсутнічае праца з крыніцамі. Па выніку чытач мае своеасаблівы гістарычны прадукт. Часам такія опусы ствараюць самі навукоўцы, але з іншых галінаў навукі, якія не ўяўляюць сабе методыку гістарычнага даследавання. Узяць хаця б «Новую храналогію» акадэміка Анатолія Фаменка.

Падобная літаратура вядзе да моцнай трансфармацыі свядомасці. А потым на падставе такога вольнага абыходжання з гісторыяй здымаюцца нібыта навуковыя фільмы. Робяць іх без адпаведных кансультацый. Матыў самадзейных пісьменнікаў і рэжысёраў зразумелы – яны працуюць на масавую аўдыторыю, што ўрэшце прыносіць добрыя прыбыткі. Калі чытач, прачытаўшы адпаведныя кнігі, набярэцца міфаў, а праз некаторы час перад ім з’явяцца моцныя контраргументы, уся яго мадэль свету можа разбурыцца.

Але і навуковая гістарыяграфія фармуе пэўныя вобразы гістарычнай мінуўшчыны і надзяляе адметнымі рысамі асоб гісторыі. Маўляй, гэты чалавек быў такі і паводзіў сябе гэдак. Але гістарыяграфія робіць гэта на фактах, у кантэксце перыяду, які даследуе.

Стварэнне міфічных асобаў – рэч небяспечная. Канешне, на сённяшні дзень і ў бліжэйшы час міф здольны выканаць свае задачы – аб’яднаць людзей або пасварыць іх. Але далей, у будучыні, міф (гісторыя, высмактаная з пальца) пра нацыянальнага героя вам адпомсціць. Знойдзецца апанент, які глыбока вывучыць аналагічную тэму, і ў спрэчцы вы будзе выглядаць блякла. Гістарычны міф не можа быць пласцінкай, якая грае доўга.

– Значыць, трэба ўмець разбірацца, дзе міфалагізаваная гісторыя, а дзе –міф.

– Слушна. Папулярызацыя гісторыі і фолк-хістары – гэта не адное і тое ж. У заходняй пісьмовай практыцы ёсць традыцыя папулярызаваць гісторыю. Да таго ж, на папулярныя кнігі выходзіць шэраг рэцэнзій. Таму ў Еўропе разабрацца, дзе вартае чытанне, а дзе так сабе, можна. І кніга, напісаная для масавага чытання ў стылістыцы фольк-гістары, ніколі не ўстане ў шэраг з літаратурай, якая папулярызуе гісторыю. Увогуле, рэцэнзаванне ў Еўропе – неад’емная частка кніжнага рынка. А ў Беларусі адчуваецца праблема нават з рэцэнзаваннем навуковай літаратуры. Сітуацыю ў нас можа справіць падвышэнне культуры айчыннага рэцэнзавання.

– Давайце параўнаем гісторыю пра Каліноўскага з гісторыяй іншай асобы – з Міндоўгам. У канцы XIII ст. памяць пра яго падцёрлася, але – у наступным стагоддзі пра Міндоўга зноў загаварылі. Успомнілі, як я мяркую, бо з’явілася палітычная патрэба. Калі так, яго асоба ўжо тады была міфалагізавана. Ці можам мы сёння стварыць гістарычна праўдзівае ўяўленне пра Міндоўга, карыстаючыся крыніцамі XIV ст.?

– Часы Міндоўга былі так даўно, што сёння ён паўстае перад намі ў трох асобах. Першая – Міндоўг, стваральнік літоўскай дзяржавы. Ад яго сучасная Літоўская Рэспубліка вядзе свой палітычны радавод, а Дзень каранацыі Міндоўга з’яўляецца афіцыным святам Літоўскай дзяржавы. Другая – беларускі Міндоўг, стваральнік ліцьвінскай дзяржавы. Трэцяя – Міндоўг ёсць адным з літоўскіх князёў, які ўсталяваў кантроль над Наваградкам.

Нямецкія канцылярысты XV ст. ведалі больш пра Міндоўна, чым канцылярысты Вітаўта. Гэта звязана з тым, што нямецкі Тэўтонскі ордэн меў традыцыю весці архіў, таму іх памяць пра мінулае была глыбейшая. Каб зразумець, міфілагізаваная асоба ці пра яе штосьці прыдумалі, усе дакументы трэба вывучаць у гістарычным кантэксце. Што, дарэчы, абсалютна бракуе фолк-хістары. Педантычную працу з крыніцамі нават не ўсе навукоўцы вядуць, а ў адэптаў ілжэ-гісторыі такое пытанне і не паўстае.

– Дзе ж мяжа паміж папулярызацыяй гісторыі і яе прадукаваннем для масавага спажыўца? Уладзімір Гардзін міфалагізаваў гістарычную асобу ці прыдумаў новы міф?

– Канешне, не толькі масавая свядомасць, але нават і школьная адукацыя патрабуюць колькі дзесяткаў ключавых герояў гісторыі. Калі такі спіс складзены, непазбежна міфалагізацыя тых ці іншых персанажаў, перабольшванне іх якасцей. Асноўным крытэрам, які можа ўтрымаць нас у нішы навуковай папулярызацыі, бадай, з’яўляецца тое, што нам трэба адхрэшчвацца ад ідэалізацыі гістарычных персанажаў. Калі ў герояў былі адмоўныя рысы ці яны рабілі дрэнныя ўчынкі – пра гэта варта казаць. Бо боль і параза ад разбурэння нацыянальнага міфа будзе неўтаймаванай, пераўзыходзячай радасць гістарычнага самалюбавання.

З гэтага пункту погляду рэжысёр фільма «Кастусь Каліноўскі», па меншай меры, далучыўся да міфалагізавання гістарычнай асобы. Але – ідэалагічная замова задала свае рамкі.

– Сп. Дзярновіч, вы запрашаеце на сваю 2,5-гадовую Школу ВКЛ не толькі гісторыкаў. Калі ў вашыя навучэнцы патрапіць рэжысёр – мастак, а не праўдашукальнік – вы будзе перайначваць яго на гістарычны лад?

– Адкажу так: творчая інтэрпрэтацыя гісторыі – запатрабаваная дзейнасць. Калі на курс патрапіць рэжысёр і потым здыме па-мастацку арыгінальны фільм пра Каліноўскага ці Міндоўга, мне будзе вельмі прыемна. І смутак накрые ў тым выпадку, калі я ўбачу ў фільме наўмысную фальсіфікацыю. Прынамсі, на курсе Школа ВКЛ будзе панаваць думка, што паміж міфалагізаванай і міфічнай гісторыяй (або гістарычным міфам) нельга ставіць знак роўнасці. І што мастацкая інтэрпрэтацыя павінна мець пад сабой навуковую глебу.

fly-uni.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031