Знайсці
07.05.2013 / 08:565РусŁacБел

«Харламаў»: стаць савецкім супермэнам

«Легенда № 17».

Жанр: Спартыўная драма

Рэжысёр: Мікалай Лебедзеў

Акцёры: Святлана Іванова, Алег Меньшыкаў, Уладзімір Мяньшоў, Раман Мадзянаў, Даніла Казлоўскі

Вядома, Савецкі Саюз ўперадзе планеты ўсёй у хакеі і балеце. У пракат выйшла стужка «Легенда № 17» пра культавага хакеіста Валерыя Харламава. Кіно, дарэчы, здымалі амаль цалкам у Беларусі — Мінск, Бабруйск, Наваполацк. Чаго-чаго, а якасных лядовых арэн і індустрыяльных пейзажаў у нас хапае. Акцёры некалькі месяцаў вучыліся добра катацца на лёдзе.

Ніхто не любіць у спорце (а можа і ў іншых сферах жыцця) правільных і пакладзістых. Заўзятарам падавай куміраў са складаным лёсам, каб не проста яго галам, ачкам, секундам радавацца, але і суперыжываць як чалавеку.

Напрыклад, як Марадона (яго геній мовай кіно раскрыў Кустурыца), як мінскі Пракоп. Пракапенка таксама памёр маладым, як і Харламаў.

Харламаў (акцёр — Даніла Казлоўскі) — унікальны хакеіст, самародак. Хай шчуплы і невысокі, але можа абвесці ўсіх супернікаў, закінуць прыгожую шайбу, вырашыць лёс гульні. Што яшчэ трэба для шчасця? Не, такі гулец савецкаму хакею (грамадству) непатрэбны. Бо індывідуаліст
, выбухны (перадаўся тэмперамент маці-іспанкі), непрадказальны. Лепш горшы гулец, але дысцыплінаваны. Супермэны — гэта не савецкія персанажы. Харламаву ж хацелася быць Супермэнам, не проста шасцяронкай зладжанага савецкага механізма, а адзіным і найлепшым.

Геніяльны трэнер Тарасаў (Алег Меньшыкаў) праганяе хакеістаў праз агонь, ваду і медныя трубы. Дыктатар, які не церпіць аднаасобнікаў, хай і шалёна таленавітых. Яго ненавідзяць, баяцца, паважаюць, любяць.

Тарасаў атрымаўся нават жывей за галоўнага героя. Філосаф, настаўнік, тыран.

Нават сённяшнім беларускіх трэнерам ёсць чаму павучыцца. Тарасаў кажа Харламаву: «Ты кватэру атрымаў, машыну, цяпер вось заслужанага. Я б сам даў табе заслужанага, але пазней, якая матывацыя ў цябе будзе цяпер гуляць?» А сённяшнія ж «зоркі» маюць нашмат болей за Харламава.

Адзін з найбольш драматычных момантаў фільма, калі Тарасаў загадвае камандзе пакінуць пляцоўку, бо яе засуджваюць. На трыбуне Брэжнеў, а ён заўзее за «Спартак». Гэта рэальная гісторыя. Тарасаў сапраўды зладзіў такі ўчынак, акт непадпарадкавання. За што паплаціўся. Праўда, у рэале Тарасаў усё ж пагадзіўся вывесці хакеістаў назад на гульню.

Як ва ўсіх спартовых фільмах герой падае, потым устае, пасля падае яшчэ ніжэй, а ўзлёт такі, што вышэй толькі неба.

Рэжысёр грае на настальгічных пачуццях людзей, што перажываюць праз «такую страну развалілі». Калі гучыць савецкі гімн, калі Харламаў кідаецца целам адбіваць шайбы, думаючы пра радзіму. І ўся краіна (так і было, запытайцеся ў бацькоў, калі не заспелі) сочыць за той гульнёй. І калі Тарасаў напрыканцы кажа: «Я ганаруся гэтай камандай», то чуецца «Я ганаруся гэтай краінай».

Канадцы ў фільме паказаныя карыкатурна, як немцы на «Беларусьфільме». Пыхлівыя, варожыя, агрэсіўныя. Яны б’юць цішком Харламава па нагах, але той устае і перамагае. На тое ён і савецкі Супермэн.

Дарэчы, у той хакейнай серыі 1972 года канадцы выйгралі ў СССР, але каму тое цікава.

PS. Уражанні не падманулі. Зазірнуў пасля напісання на водгукі чытачоў на kinopoisk.ru. Першае, што пабачыў: «Адчуваю вялікі гонар за сваю краіну, спорт, кінематограф». Зрэшты, калі адкінуць ідэалагічныя моманты, то фільм сапраўды атрымаўся някепскім.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031