Знайсці
30.03.2013 / 10:4945РусŁacБел

«Жыве Беларусь» як Паўночная Карэя — у Мінску адбыўся закрыты прагляд «фільма пра Франака»

Фільм Кшыштафа Лукашэвіча «пра Франака Вячорку» — дарэчы, так сказаў сам рэжысёр — крочыць па Еўропе. «Наша Ніва» трапіла на прагляд стужкі, якая стала самай абмяркоўванай у беларускім інтэрнэце задоўга да выхаду на экраны.

У мінскім гарадскім ваенкамаце размаўляюць на трасянцы — не вайскоўцы, а прызыўнікі, якія імкнуцца трапіць у войска, і пры гэтым з цяжкасцю чытаюць доўгія словы. Галоўны герой фільма Мірон Захарка чытае доўгія словы без праблем, у войска не хоча, пакутуе ад сардэчных захворванняў, атрымлівае адтэрміноўку і ідзе пасля наведвання ваенкамата на канцэрт, выступаць са сваім гуртам.

На канцэрце з’яўляюцца бел-чырвона-белыя сцягі, і канцэрт брутальна разганяюць. Пры дапамозе дыму і слезацечнага газа.

Пасля чаго Захарку адпраўляюць у войска. А перад гэтым збіваюць у ваенкамаце. І служыць ён будзе ў Чарнобыльскай зоне.

Фільм Кшыштафа Лукашэвіча больш за ўсё нагадвае класічную антыўтопію — горад ля вайсковай часткі выглядае ў лепшым выпадку як Прыпяць, і застаўляе прыгадаць начныя кашмары персанажаў сюррэалістычных фільмаў Бунюэля.

Галоўны герой вядзе ў войску блог, яму дапамагае ягоная дзяўчына, зразумела, што абое, пасля першай перамогі (дазвол прымаць прысягу па-беларуску) «атрымліваюць» па поўнай. У тэксце беларускай прысягі, аднекуль з’явілася слова «прэзідэнт», якое палітрук спецыяльна падкрэслівае кожны раз, калі зачытвае тэкст.

Дарэчы, плакаты з выявамі Лукашэнкі вісяць абсалютна паўсюль — ад цэнтральных вуліц Мазыра, якому «неабходна вярнуць статус Чарнобыльскай зоны», да задворкаў вайсковай часткі.

Беларусь у фільме Лукашэвіча больш нагадвае Савецкі Саюз ці Паўночную Карэю — амаль у любым кадры чырвоныя зоркі, серп і молат, а вялізны бюст Леніна ў вайсковай частцы дык увогуле прэтэндуе на персанаж другога плана. Па казарме гуляюць свіны грып і кароста.

Блог Захаркі ў інтэрнэце выклікае масавую цікавасць. У Мінску (які часткова ўсё ж такі знялі ў Мінску, прынамсі, «пейзажныя планы) на сценах з’яўляюцца графіці ў падтрымку хлопца. І ўвогуле, як кажа ягоная дзяўчына: «Ён за вас у войску сядзіць». А калі Захарка вырашае балатавацца ў дэпутаты, становіцца відавочна, што ён вынес сабе прысуд.

Па вялікім рахунку, да фільма ёсць адна прэтэнзія, аднак яна глабальная — калі б у пачатку не з’явіўся надпіс «заснавана на рэальных падзеях», то гіпербалізацыю, трэшавую гіпербалізацыю, як асноўны сцэнарны прыём, можна было б прабачыць.

Аднак з улікам таго, што «Жыве Беларусь!» гэта адзіны фільм пра нашу краіну, які паказваюць у Еўропе, і аўтары гэта ведалі, можна было б і застацца бліжэйшымі да праўды. Ніхто б нічога не згубіў — наадварот, магчыма ўздзеянне фільма на гледача было б мацнейшым, бо за паўтары гадзіны стамляешся глядзець на бясконцае збіццё беднага Захаркі і плакаты з выявай Лукашэнкі і подпісам «Усе на выбары!».

І яшчэ адзін немалаважны аспект — у фільме адсутнічае аптымізм. То бок ніхто не патрабуе хэпі-эндаў, тым больш героям яны не пагражаюць, аднак пад канец фільм усё больш нагадвае «1984» Оруэла,

і для гледачоў жаданне ведаць нешта большае пра Беларусь знікае разам са святлом, якое гасне, калі ў апошнім кадры зачыняюцца дзверы аўтазака.

Што тычыцца акцёрскай гульні, то тут фору ўсім дае Анатоль Кот у ролі генерала.
Вінсэнт у ролі Захаркі глядзіцца дастаткова ўпэўнена — ягонае акцёрскае майстэрства з часоў «Вышэй за неба» ўзрасло. Трэба ўзгадаць пра польскіх акцёраў, якія размаўляюць па-беларуску з польскім акцэнтам, як быццам дзеянне адбываецца не на Гомельшчыне, а ў ваколіцах Беластока. Караліна Грушка — вельмі таленавітая актрыса, аднак яе варта было б пераагучыць, а не рабіць яе гераіню напалову полькай. Камэа-ролю самога Франака можна і не заўважыць, але яна там ёсць.

Юрась Ускоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031