Знайсці
22.01.2023 / 19:52 13

Пісьмо палітвязня: Не рабіце саступак Лукашэнку. Хай нашы пакуты не будуць дарэмныя. Час працуе не на яго, а на нас

Палітвязень, які выйшаў на волю, даслаў у «Нашу Ніву» водгук на зварот групы сваякоў палітвязняў. Рэдакцыя паразмаўляла з гэтым чалавекам асабіста. З меркаванняў бяспекі ён папрасіў не называць яго імені.

«Я, як былы палітвязень, які быў, размаўляў і суіснаваў працяглы час і ў СІЗА, і ў калоніі са шматлікімі палітвязнямі розных узростаў, прафесій і меркаванняў (было сярод іх і некалькі вядомых людзей), заяўляю, што любыя перамовы па вызваленні палітычных зняволеных у абмен на саступкі рэжыму Лукашэнкі абсалютна недапушчальныя ні ў якой форме. Гэта найперш плявок у бок саміх палітвязняў і таго, што мы зрабілі і за што мы селі за краты. 

«Мы з 2020 года ў турмах абмяркоўвалі»

Мы не хацелі ў турму, і мы наогул не павінны былі там апынуцца. Але мы не хочам, каб гэты жудасны досвед аказаўся марны. 

Не для таго мы прайшлі праз гэта, не для таго цярпелі нашы родныя, блізкія і сябры, не для таго нашы суайчыннікі ахвяравалі сваёй асабістай будучыняй, свабодай і нават жыццём, каб усё гэта рабілася разменнай манетай, якая дазволіць ацалець і застацца ва ўладзе нашаму галоўнаму кату Лукашэнку і яго памагатым.

Не для таго паміралі Тарайкоўскі, Віхор, Шутаў, Бандарэнка, Ашурак, каб галоўная прычына іх трагічнага лёсу працягвала заставацца ва ўладзе.

Па яго загадзе нас мучылі і катавалі ў засценках кожны дзень рознымі спосабамі. Мы з 2020 года ў турмах дрыгатліва абмяркоўвалі адзін з адным гэтую будучую перамогу, што мы сваю справу ўжо зрабілі, а людзі на волі, як у эстафеце, перанялі наш сцяг і ідуць наперад. Нават калі на волі ўсё безнадзейна, мы ў асноўнай сваёй масе працягваем верыць і ўяўляць, як вы руйнуеце нашых ворагаў і аднаўляеце справядлівасць.

Разам з гэтым я заўважаў, што мы кожны дзень там самі сабе ці адзін аднаму казалі: «Калі ж гэта, нарэшце, скончыцца»? І пад вось «гэтым» мы разумеем канец не толькі нашага крымінальнага тэрміну, які тамака можа быць вельмі лёгка падоўжаны, але і канец усяго абсурду і злачыннай, хлуслівай, чалавеканенавісніцкай сістэмы. 

Зразумейце, што наш выхад на волю ўзамен на саступкі не быў бы сапраўдным вызваленнем. З улікам таго, што адбываецца, мы проста выходзім з зоны меншай у зону большую, дзе ўсё стала толькі горш, а нашая ахвяра ні да чога не прывяла. Гэта стала б глыбокай псіхалагічнай траўмай, якая ў дзясяткі разоў больш сур'ёзная за траўму ад трапляння і знаходжання ў турме. 

«Масавасць рэпрэсій — доказ, што мы большасць»

Лукашэнка прайграў прэзідэнцкія выбары 2020 года і, каб утрымаць уладу, разгарнуў сапраўдны тэрор супраць уласнага народа. 

Найлепшым доказам нашай перамогі і адначасова галоўнай памылкай рэжыму Лукашэнкі былі нават не крывавыя першыя дні пасля выбараў, а менавіта 16 жніўня. Гэта той дзень, калі яны нам не перашкодзілі ўбачыць адно аднаго ў рэальнасці, а не ў інтэрнэце ці на якіх-небудзь падпольных сходках. Мы беспрэцэдэнтна зліліся ў адзіны гіганцкі людскі акіян, поўны шчырага шчасця, энтузіязму і свабоды. Нават аднаго гэтага стала дастаткова, каб назаўжды ідэйна і фізічна зафіксаваць нашу большасць, якую ніколі не перасягне ніводны ябацінг (не дапамагла і арэнда ўсіх у краіне пасажырскіх аўтобусаў, цягнікоў і самалётаў для прывозу бюджэтнікаў, іх у сотні разоў менш). Менавіта гэтая думка аб'ядноўвала большасць палітвязняў у імкненні абгрунтаваць сваё знаходжанне ў турме. Большасць не можа прайграць, думалі яны.

І большасць не прайграла. Барацьба з рэжымам Лукашэнкі набыла зусім іншыя формы і адценні. Толькі дурань ці агент могуць казаць, што «мы прайгралі 2020 год». Калі б мы сапраўды прайгралі, то не было б патрэбы ў рэпрэсіях такога маштабу. Масавасць рэпрэсій — гэта прызнанне, што яны меншасць, якая змагаецца з большасцю. 

Хоць яны і лічаць сябе пастухамі, а нас авечкамі, але яны баяцца нас дагэтуль, моцна баяцца помсты.

Майце самапавагу

Тыя, хто заклікае да перамоў з рэжымам, успомніце 2020 год. Майце самапавагу і будзьце паслядоўнымі ў сваіх прынцыпах. 

Цывілізаваныя людзі з тэрарыстамі ніякіх перамоў не вядуць, гэта базавы прынцып.

У кантэксце вайны ва Украіне час працуе не на Лукашэнку, а на нас. Гэта ён павінен спяшацца з крокамі насустрач.

Асноўныя санкцыі супраць яго ўводзілася з-за суўдзелу ў вайне, а не за нас, палітвязняў.

Любая ініцыятыва выпусціць хаця б частку палітвязняў, няхай гэта будзе па схеме Хершэ або яшчэ якім-небудзь чынам (нагадваю, у большасці палітычных няма другога еўрапейскага грамадзянства) абсурдная, бо дае магчымасць Лукашэнку выціснуць з краіны закладнікаў, атрымаць прызнанне, пазбегнуць кляйма ваеннага злачынцы, захаваць уладу і зняць частку санкцый, якія не ўводзіліся з-за рэпрэсій. 

Гэта раўназначна заклікам да Украіны здацца Расіі, каб спыніць гібель людзей. Гэта нонсэнс.

Гэтым самым у далёкатэрміновай перспектыве ў выйгрышы застаецца толькі рэжым, які зацікаўлены ў перамовах значна мацней за нас. Ён уступаць у вайну на баку Расіі баіцца значна больш, чым такога ж сцэнара баіцца Украіна і Захад. Нельга кідаць яму гэтае выратавальнае кола. Ён як ніколі раней зараз блізкі да паразы.

Калі вы гэта зробіце, то перакладзяце гэтую праблему на плечы і галовы вашых дзяцей, якія таксама ў будучыні апынуцца на Акрэсціна і ў іншых катавальнях».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
5
Бак Рокгат / адказаць
23.01.2023
Беларусы ўсе ж дзіўны народ. Калі ў 2020 годзе людзі прыйшлі пад турму на Акрэсціна, "валанцёры" пратэстоўцаў нават пад сцены вязніцы не пусцілі, гістэрыку ўзняўшы. Маўляў некага будуць біць, калі пачуюць воклічы. Студэнцікі ў гістэрыцы біліся нераўнуючы як манерныя віктарыянскія кабеты. Цяпер жа, калі становішча рэальна невыноснае, людзям даюць дзікія тэрміны а не 5-7 ці 15 сутак, аказваецца трэба ісці да канца і не рабіць саступак рэжыму. На шалі пакладзены лёсы канкрэтных людзей. Іх трэба ратаваць любым коштам. Хто не хоча каб яго ратавалі, хай сядзіць поўны тэрмін. Але за ўсіх казаць навошта? Ну каму будзе лепей, калі людзі выйдуць з турмы спрацаванымі ўркамі, хворымі на адкрытую форму сухотаў ці віч. Або, іншыя небяспечныя хваробы?
3
Смык / адказаць
23.01.2023
Vik, таму што на яго ўсе забыліся. А шмат пра каго наогул ня ведаюць.
0
не ьакі як ёсць / адказаць
23.01.2023
Бак Рокгат, нізто ж не спрачаецца. Праблема для вас толькі ў тым, што ёсць алўіны спосаб іх уратаваць, і вы яго добра ведаеце, як і ўсе астатнія.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2022 2023 2024
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31