Лукашэнка расказаў, ці задавальняе яго цана на газ
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю журналістам на палях саміту ЕАЭС у Бішкеку распавёў, што галоўнае ў цане на расійскі газ і ці задавальняе яна Беларусь, піша БелТА.
«Пытанне не ў тым, якія цэны ў нас. Пытанне, калі ўжо мы пайшлі на глыбокую кааперацыю з Расіяй (якраз прычына гэтаму і шаленства ў свеце, і войны, і пандэмія, і іншае), у тым, каб пры нашай цеснай інтэграцыі для суб'ектаў гаспадарання былі роўныя магчымасці», — заявіў ён.
Ён прывёў прыклад з цяплічнай гаспадаркай, дзе вельмі вялікая ўдзельная вага энергарэсурсаў у кошце прадукцыі: «Калі вы атрымліваеце па 60 або 80 даляраў, а мы на мяжы атрымліваем 120 даляраў, да прыкладу газ, ну якія тут роўныя ўмовы. Я не змагу свой тавар прадаць у вас на рынку. А калі і магу, то мне трэба зрэзаць зарплаты і іншае — іншае, каб канкурыраваць у цане».
У гэтым годзе Беларусь атрымлівала газ па 128 даляраў за 1000 кубаметраў.