Знайсці
12.10.2021 / 17:06

«Ала паўтарыла лёс маці». Падрабязнасці дзікай гісторыі ў Моталі, дзе жанчыну і яе 15-гадовага сына падазраюць у забойстве 

9 кастрычніка ў Іванаўскім раёне з ракі Ясельда вылавілі цела мужчыны. Гэта быў 36-гадовы жыхар Моталя, які ўжо чатыры дні быў у вышуку: сыйшоў з хаты і знік. Але на целе былі прыкметы гвалтоўнай смерці. А праз некалькі дзён затрымалі былую жонку мужчыны, яе сужыцеля і 15-гадовага сына. Цяпер усіх іх падазраюць у забойстве. «Наша Ніва» высветліла, што сёння вядома пра гэтую гісторыю.

33-гадовая Ала Міховіч жыла ў Моталі разам з чатырма дзецьмі. Старэйшы сын, 15-гадовы Жэня, быў ад першага шлюбу. Але з яго бацькам Ала даўно развялася, пасля мужчына павесіўся. Праўда, як кажуць знаёмыя, не праз каханне, а «праз бухло».

Павялічыць

Ала Міховіч. Фота: сацыяльныя сеткі

Затым жанчына сышлася з іншым кавалерам, Іванам. Нарадзіла ад яго траіх дзяцей, малодшаму цяпер тры гады. Але і гэты шлюб шчаслівым не стаў.

«Я 6 гадоў пражыла з Алай на адной вуліцы, была суседкай, — кажа знаёмая сям’і. — Бачыла яе жыццё на свае вочы. Ала працавала як конь, дзе толькі можна было, на любой працы.

Афіцыйна рабочай на аграгаспадарцы — там вельмі цяжкая праца, вельмі, пякельная праца. Прыборка капусты, кветак, апрацоўка іх ядамі, гэта не толькі цяжка, але ж і вельмі шкодна.

Акрамя таго, Ала падпрацоўвала ў фермераў, таксама разам з дзецьмі чарніцы збірала. У яе нават малыя працавалі на зборы чарніц, бо іх бацька проста нічым не хацеў дапамагаць. Не плаціў аліменты, там былі шалёныя даўгі.

Бывала, што Ала працавала нават за 10 рублёў на дзень, элементарна каб пракарміць дзяцей. Бывала, што і вопратку ім шукала па сметніцах. 

Іван то нідзе не працаваў, то ездзіў на падпрацоўкі. Піў. Ён не даваў жыцця Але. Я бачыла, як ён яе б’е, чула крыкі. Ведаю, што ён біў яе нават цяжарную. 

Я ёй неаднаразова казала: «Сыходзь! З’язджай!» — хай у нікуды, хай будзе цяжка, але ж усё лепш, чым такое. Але яна цярпела. Не ведаю чаму, як той казаў, псіхалогія ахвяры, ці што. У міліцыю звярталася, так, але мне невядома, каб гэта чымсьці заканчвалася».

Нягледзячы на ўсё гэта, Ала выйшла замуж за таго Івана аж двойчы. Спачатку трохі пажылі разам, пасля развяліся. Затым тое ж самае паўтарылі яшчэ раз.

«Можа, у Алы проста дах з’ехаў ад такога жыцця, проста яна больш не вытрывала»

Пасля другога разводу Іван жыў у сваёй маці. Але ж наведваўся да сваёй двойчы былой жонкі. Часам прыходзіў і да дзяцей, маўляў, мае права, ды і сама Ала аддавала малых былому мужу, калі трэба было працаваць.

«Ала не выпівала — ёй проста не было калі. Яна вельмі шмат працавала. Апошнім часам жыццё пачало больш-менш наладжвацца: ёй далі крэдыт як шматдзетнай, яна пабудавала дом, бо раней жыла ў нейкім амаль што хляве. 

І цяпер яна дзеля дзяцей проста ўсё рабіла. Нават навучылася класці плітку і рабіла гэта сама, бо не мела грошай наняць спецыяліста. Змагла машыну набыць. Так, «жыгулёнак», так, за 500 даляраў. Але ж сама зарабіла.

Ала працавала сумленна. Тыя ж чарніцы яна мне прывозіла ў любое надвор’е, — кажа яе былая суседка. — Дождж, холад, спёка — няважна, яна з дзецьмі едзе ў ягады, без выходных. А пасля яшчэ займаецца рамонтам у доме.

Прычым гэты Іван дапамагаў ёй будаваць дом для сваіх жа дзяцей — але зусім не проста так. У яго ж пастаянна раслі даўгі па аліментах, а за гэта і пасадзіць могуць. Дык Ала пісала яму распіскі, што нібыта атрымала ад яго грошы, за гэта Іван дапамагаў на будоўлі».

Адметна, што Ала мела планы на далейшае жыццё, як кажа суседка. Хацела засадзіць участак малінамі, радавалася, што ў яе добра купляюць. Планавала правесці электрычнае ацяпленне ў доме, назбірала на гэта грошы на тых чарніцах.

«Я не ведаю, што там здарылася, я ў шоку і па сёння. Я даведалася па тэлефоне, ад сваёй маці — і проста страціла прытомнасць, — згадвае былая суседка Міховіч. — Можа, у Алы проста дах з’ехаў ад такога жыцця, проста яна больш не вытрывала. Не ведаю. Але мне Алу шкада. Бо да такога ўчынку чалавека трэба давесці.

Што там дакладна здарылася, пакуль сказаць цяжка. Усё, што мне дакладна вядома, — у Алы апошнім часам зноў былі прэтэнзіі да Івана наконт аліментаў. Ведаю, што яна ездзіла да судовых прыставаў. 

Але ходзяць чуткі, што Івана напаілі, вывезлі кудысьці, там забілі і пасля патапілі. Цела знайшлі з нажавой ранай. Зноў жа па чутках, гэта нібыта зрабіў 15-гадовы Жэня.

«Якраз ад Жэні я такога магла чакаць, з малых гадоў бачыў, як маму б’юць»

Гэты Жэня [якога цяпер падазраюць у саўдзеле ў забойстве — НН] — хлопчык праблемны. Яшчэ гады чатыры таму ён удзельнічаў у крадзяжы з узломам. Пасля яшчэ была гісторыя: тыпу заступіўся за сябра, штурхнуў хлопца, той упаў і зламаў руку. 

Павялічыць

Ала са старэйшым сынам Жэнем

Таму скажу шчыра: якраз ад Жэні я такога магла чакаць. Бо што ж вы хочаце, калі ўсё жыццё ён рос у такіх умовах, з малых гадоў бачыў, як маму б’юць… Тут нармальным застацца немагчыма, мне здаецца.

Па шчырасці, Івана мне не шкада. Бо чалавек нарабіў шмат кепскага ў сваім жыцці. Я сама лічу, што Іван мае дачыненне да смерці майго бацькі: яны разам ездзілі працаваць у Маскву, пасля Іван кінуў майго тату на грошы. І мой бацька ў Маскве быў забіты.

Івана дапытвалі, але нічога не даказалі. Але я ведаю, што Ала сказала яму: праўда ўсплыве, што ты там быў. За гэта Іван яе жорстка збіў.

А тры гады таму, ужо пасля другога разводу з Алай, Іван быў у Янаве і парэзаў там чалавека — за тое, што той не курыць! Спытаў цыгарэту, не знайшлося — ударыў нажом. За гэта Івану далі ўсяго толькі 1,5 года, можаце ўявіць?

Нягледзячы на тое, што мне вельмі шкада Алу, я не лічу яе невінаватай. Бо яна ж магла з’ехаць. Але і сам Іван да такога фіналу таксама датычны. Віна на ўсіх іх».

«Бацька бухаў, палез да маці Алы, яна абаранялася і па неасцярожнасці яго забіла»

Апошнім часам Ала сышлася з новым мужчынам, Аляксандрам. Яму 41 год. Ён таксама быў затрыманы па падазрэнні ў забойстве Івана.

«Аляксандр — таксама такі ж… Алкаш, калі шчыра, — характарызуе гэтага кавалера знаёмая Алы. — Нідзе не працаваў таксама.

Не ведаю, чаму яна пастаянна звязвалася з нейкімі алкаголікамі. Скажу так: Ала сябе проста не любіла. Можа, яшчэ дзіцячая траўма, ці што? Бо Ала фактычна паўтарыла лёс маці».

Маці Алы разам з ёю і яшчэ адной дачкой пераехала ў Моталь аднекуль з Гомельскай вобласці. 

«Гэта адбылося пасля таго, як маці Алы выйшла з турмы. Туды яна трапіла за тое, што па неасцярожнасці забіла мужа. Там бацька бухаў, палез да маці, яна абаранялася. 

Ад таго мужа ў яе было трое дзяцей. Пасля забойства сын перастаў падтрымліваць з ёю зносіны. Калі яна выйшла, то ўзяла Алу і яе сястру і пераехала ў Моталь. Тут выйшла замуж, нарадзіла яшчэ траіх, затым муж памёр ад раку. І цяпер яна жыве з іншым мужчынам. Але жанчына адэкватная, наколькі мне вядома.

Цяпер маці Алы працуе даяркай. Яе ўнукаў, дзяцей Алы, забралі пакуль што ў прытулак, але яе маці хоча аформіць апеку і забраць іх да сябе». 

Афіцыйна

Пакуль што Ала, яе кавалер Аляксандр і 15-гадовы сын Жэня пад вартай.

«З іх удзелам праводзяцца следчыя дзеянні. Следчым упраўленнем УСК па Брэсцкай вобласці распачата крымінальная справа па п. 15 ч. 2 арт. 139 (Забойства, здзейсненае групай асоб)», — рапартуе СК.

Цяпер Але Міховіч пагражае 25 гадоў калоніі, яе непаўналетняму сыну — 15 гадоў, а бойфрэнду Аляксандру — расстрэл.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31