Сыну палітзняволенай Канеўскай далі тры гады калоніі за каментары ў адрас сілавікоў
У Гомельскім абласным судзе 17 чэрвеня вынесьлі прысуд 26-гадоваму Дзьмітрыю Канеўскаму. За «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК) суд пакараў яго пазбаўленьнем волі на 3 гады ў калёніі агульнага рэжыму, піша Радыё Свабода.
«Распальваньне варожасьці» — так сьледзтва і суд трактавалі нэгатыўныя камэнтары ў тэлеграме, якія Дзьмітрый пакінуў пад эмоцыямі, калі даведаўся, што ягоны прыяцель нібыта загінуў ад рук АМАП.
Дзьмітры — сын палітзьняволенай Тацяны Канеўскай. Увесну яе пакаралі 6 гадамі пазбаўленьня волі за «масавыя беспарадкі» і «пляны захопу будынкаў».
На судзе Дзьмітры тлумачыў, што сапраўды на эмоцыях напісаў камэнтары ў адным з тэлеграм-чатаў. Ён даведаўся, што нібыта ягонага саслужыўца забіў АМАП. І таму напісаў у «Тэлеграме» гнеўныя камэнтары ў бок міліцыі.
17 чэрвеня Дзьмітры Канеўскі выступіў у судзе з апошнім словам. Ён сказаў, што вельмі шкадуе пра свой учынак, цалкам раскайваецца, прасіў не караць яго сурова. «Гэта было зроблена ў гневе і злосьці», — дадаў малады чалавек.