Знайсці
15.06.2021 / 14:16РусŁacБел

«Публічна выкрыкваў лозунгі і рабіў гучныя воплескі рукамі»: Івану Багдзевічу просяць два гады калоніі

Суд Першамайскага раёна Мінска працягнуў разглядаць справу палітвязня Івана Багдзевіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Памочніца пракурора Іна Зубко запрасіла яму два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

Справу разглядае суддзя Сяргей. Абаронца — Агееў, паведамляе spring96.org.

Івана Багдзевіча абвінавачваюць у тым, што 12-13, 13-14, 14-15, 16, 23 жніўня, знаходзячыся ў розных кропках Мінска, ён «публічна выкрыкваў лозунгі і рабіў гучныя воплескі рукамі, тым самым здзяйсняў дзеянні, накіраваныя на працяглае парушэнне спакою грамадзян». Яны былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Сваімі дзеяннямі ён «абмежаваў права добрапрыстойных грамадзян на спакой, працу і іншае».

Іван Багдзевіч пагадзіўся даць паказанні ў адвольнай форме, надалей адмовіўся сведчыць паводле 27 артыкула Канстытуцыі РБ. Ён цалкам не прызнае віну. Адзначае, што не з'яўляецца ні адміністратарам, ні актыўным удзельнікам чатаў, у якіх чытаў навіны. Іван распавёў, што ўдзельнічае ў дзейнасці пошукавага выратавальнага атрада «Анёл»: ягоная дзейнасць не мае палітычнай накіраванасці. 

На пасяджэнні 10 чэрвеня двое сведак не з'явіліся ў суд праз стан здароўя, былі зачытаныя іх паказанні на папярэднім следстве. 

Першы сведка распавёў, што ў даты, пазначаныя ў абвінавачанні, Багдзевіч быў дома са сваёй сям'ёй і не ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах. Другі сведка расказаў, што яны насамрэч стэлефаноўваліся з Багдзевічам, аднак не ўдзельнічалі ў мерапрыемствах разам, яму таксама невядома, ці ўдзельнічаў у іх палітвязень. 

Сярод матэрыялаў справы — пратаколы допытаў, пастановы, рапарты, білінг тэлефона Багдзевіча (тэлефон прызналі рэчавым доказам), скрыншоты з сацыяльных сетак. Да справы далучаныя характарыстыкі з апошняга месца працы і ПВА «Анёл». 

На пасяджэнні 15 чэрвеня заслухалі тэлефонныя размовы Багдзевіча, а таксама прайшлі спрэчкі бакоў.

Пракурор папрасіла прызнаць Багдзеівча вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прызначыць яму пакаренне — два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У якасці змякчальных абставінаў яна папрасіла ўлічыць наяўнасць у абвінавачанага дзяцей, у якасці абцяжарвальных — нязнятую судзімасць, а таксама тое, што Багдзевіч не працаваў і прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. 

Адвакат падкрэсліў, што Багдзевіч не прызнае сваю віну ў поўным аб'ёме. Ён не адмаўляе факт знаходжання ў Менску, таму што быў валанцёрам у пошукавым атрадзе і сустракаўся ў горадзе са знаёмымі. Калі першапачаткова Багдзевіч быў затрыманы паводле арт. 293 КК, ён правёў у СІЗА шэсць месяцаў: за гэты час не было прад'яўлена ніводнага прамога доказу — фота, відэа, абвінавачанне грунтавалася выключна на размовах па тэлефоне. Таксама ні адзін сведка не паказаў, што ён пляскаў у далоні або выкрыкваў лозунгі, таму за аснову абвінавачання ўзялі геалакацыю і праслухоўку. Адвакат упэўнены, што віна Багдзевіча недаказаная, чалавек не павінен быць асуджаны на аснове здагадак.

Прысуд будзе абвешчаны 23 чэрвеня. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930