Знайсці
12.06.2012 / 10:4110РусŁacБел

Стадыёны Еўра-2012: чым здзівілі свет Польшча і Украіна

Піша блогер Darriuss + фоты арэн і апісанне архітэктурных і будаўнічых сакрэтаў.

Правядзенне любога буйнога спартыўнага турніру практычна заўсёды звязанае з маштабным новым будаўніцтвам. Арэны для спаборніцтваў, гатэлі, транспартная інфраструктура. Мінчукі ўжо змаглі пераканацца ў гэтым на ўласным вопыце нават у сувязі з адносна «камерным» сусветным чэмпіянатам па хакеі — што ўжо казаць пра падзеі сапраўды планетарнага размаху, такія як Алімпіяды і футбольныя чэмпіянаты. Да пачатку Еўра-2012 блогер Darriuss расказвае пра восем польскіх і ўкраінскіх стадыёнаў, якім наканавана найбліжэйшыя тры тыдні знаходзіцца ў цэнтры ўсеагульнай увагі.

Папярэдняе Еўра, якое адбылося 4 гады таму ў Аўстрыі і Швейцарыі, у сэнсе сапраўды прымеркаванага да яго будаўніцтва аказалася, зрэшты, досыць сціплым. Спецыяльна да чэмпіянату быў фактычна ўзведзены толькі адзін новы стадыён (у Клагенфурце),
астатнія 7 арэн ці ўжо былі пабудаваныя, ці падвергліся ў той ці іншай ступені рэнавацыі, часцяком звязанай толькі з пэўным (прычым часовым, на час турніру) пашырэннем іх ёмістасці.

У Польшчы і Украіне такое было немагчыма. Пераважная большасць футбольных арэн гэтых краін уяўляла сабой заняпалую спадчыну часоў будаўніцтва сацыялізму і не адпавядала нават мінімальным патрабаванням УЕФА.
Без новых стадыёнаў або кардынальнай рэканструкцыі існых было не абысціся. Краіны-суседзіпа-братэрску падзялілі фінансава цяжкую ношу:
з васьмі неабходных стадыёнаў 4 дасталіся Польшчы, другая ж палова, адпаведна, — Украіне. У якасці гарадоў, якія будуць прымаць матчы Еўра, былі вызначаныя Варшава, Познань, Гданьск, Уроцлаў, Кіеў, Львоў, Данецк і Харкаў, які апярэдзіў у канчатковым выніку Днепрапятроўск.

У больш выгадным становішчы апынулася, як ні дзіўна, Украіна. Рэч у тым, што толькі там да моманту выбару краін-арганізатараў Еўра (у 2007 годзе) будаўніцтва адной з неабходных арэн ужо было ў разгары, прычым вялося яно цалкам на прыватныя грошы. Гаворка, вядома, пра данецкую «Данбас-Арэну».

Украінскі мільярдэр Рынат Ахметаў, уладальнік газет, заводаў і, магчыма, нават параходаў, уклаў у будаўніцтва стадыёна для свайго ФК «Шахцёр», паводле розных ацэнак, да $400 млн.
За гэтыя грошы ў парку імя Ленінскага камсамола з’явілася суперсучаснае збудаванне, якое ўжо зрабілася новым сімвалам брутальнага пралетарскага Данецка. Будаўнічыя работы працягваліся крыху больш за тры гады: з чэрвеня 2006 па жнівень 2009.

Брытанскія архітэктары з кампаніі Arup Sport прапанавалі для «Данбас-Арэны» футурыстычны вобраз авальнага будынка з цалкам зашклёнымі фасадамі. Непатрабавальным мясцовым жыхарам атрыманы вынік нагадаў касмічную талерку, што прызямлілася пасярод парку.

Вакол стадыёна пасля заканчэння будоўлі быў разбіты сквер, спецыяльна пасаджаныя дрэвы, лісце якіх восенню набывае чырвона-аранжавую афарбоўку, блізкую да камандных колераў данецкага «Шахцёра». Усяго работы па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі абышліся Ахметаву ў $30 млн.

Адным з атракцыёнаў, закліканых пацешыць публіку, стаў, у прыватнасці, велізарны гранітны мяч, які ляжыць на «падушцы» з магутных бруй вады. Дзякуючы створанаму імі высокаму ціску мяч свабодна круціцца ўсімі ахвотнымі, нягледзячы на сваю вагу.

У цёмны час сутак стадыён эфектна падсвятляецца, што яшчэ больш узмацняе іншапланетнае ўражанне. Натуральна, «Данбас-Арэна» абсталяваная ўсёй патрэбнай інфраструктурай: ад парковак і ўстановаў грамадскага харчавання да крамаў фанацкай атрыбутыкі і клубнага музея.

Агульная ўмяшчальнасць стадыёна склала 51 тыс. гледачоў. Падчас Еўра-2012 тут пройдзе 5 матчаў: тры на групавой стадыі, чвэрцьфінал і адзін з двух паўфіналаў.

Калі «Данбас-Арэна» да моманту выйгрышу польска-ўкраінскай заяўкай конкурсу на права правядзення чэмпіянату была ўжо напалову гатовая, то з астатнімі, у тым ліку і двума галоўнымі, стадыёнамі турніру, справа ішла нашмат горш.

У Варшаве палякі вырашылі пабудаваць абсалютна новую арэну на месцы старога «Стадыёна дзесяцігоддзя» яшчэ 1950-х гадоў, ператворанага ў 1989-м у гіганцкі рынак,
так званы «Кірмаш Еўропы», той самы, дзе тысячы і тысячы былых савецкіх грамадзян у эпоху, калі гіпермаркетаў і гандлёвых галерэй у Беластоку яшчэ не існавала, рабілі першыя дробнааптовыя пакупкі з мэтай далучыць суайчыннікаў да няхітрых выгодаў заходняй цывілізацыі. Выглядаў «Стадыён дзесяцігоддзя» ў апошнія гады свайго існавання неяк так: трушчобы з рынкавых намётаў і закінутыя трыбуны, ужо зарослыя маладымі дрэвамі.

У 2007 годзе гэты варшаўскі «Чаркізон» быў знесены, а ўжо ў 2008-м на яго месцы пачалося будаўніцтва новай прыгожай арэны.

Як звычайна, архітэктары прапанавалі некалькі варыянтаў выгляду галоўнага стадыёна краіны. Напрыклад, такі:

Аднак урэшце

польскі ўрад выбраў праект гамбургскага бюро Gerkan, Marg und Partner: футбольная арэна на 58,5 тыс. гледачоў з магчымасцю трансфармацыі ў канцэртную пляцоўку.
Па суседстве было запланаванае ўзвядзенне басейна з аквапаркам, гатэля з кангрэс-цэнтрам, чыгуначнага вакзала і станцыі метрапалітэна. Да Еўра, праўда, паспелі пабудаваць толькі сам стадыён.

Своеасаблівасць аблічча пабудовы надае фасад, сфармаваны з кратаваных панеляў, афарбаваных у колеры нацыянальнага сцяга Польшчы.

У адрозненне ад «Данбас-Арэны», варшаўскі «Нацыянальны стадыён» уяўляе сабой адкрытае збудаванне.

Размешчаныя пад рознымі вугламі фасадныя панелі свабодна прапускаюць паветра і святло ўсярэдзіну канструкцыі арэны.

Пры гэтым стадыён спраектаваны з магчымасцю ператварэння ў крыты спартыўны і канцэртную залу. Трыбуны па перыметры накрытыя дахам, падвешаным на вантавай сістэме.

Для футбольнага ж поля прызначаны спецыяльны высоўны дах, у звычайны час схаваны ў цэнтральным ядры арэны.
Да апошняга, дарэчы, падвешаныя і чатыры вялікія экраны на ўзор хакейных стадыёнаў.

У выпадку неабходнасці высоўны дах разгортваецца за 20 хвілін. Напаўпразрыстая мембрана зробленая са шкловалакна, пакрытага тэфлонам, і здольная вытрымліваць мокры снег таўшчынёй да 18 см.

Комплекс у разрэзе. Кончык шпіля цэнтральнага ядра знаходзіцца на вышыні 100 метраў над футбольным полем.

Сядзенні, як і фасад стадыёна, выкананыя ў колерах польскага сцяга. Зборная краіны правядзе тут два з трох матчаў групавой стадыі, у тым ліку матч-адкрыццё чэмпіянату, і ў далейшым арэна стане для яе хатняй. Як і ў Данецку, акрамя трох групавых матчаў тут адбудзецца па адным чвэрцьфінале і паўфінале Еўра.

«Нацыянальны стадыён» заняў годнае месца ў панараме правага берага Віслы. Асабліва эфектна ён глядзіцца ноччу на фоне вантавага Свентакшыскага моста. Збудаванне было скончанае за 3 гады і абышлося польскаму ўраду ў 500 млн еўра. Урачыстае адкрыццё адбылося ў студзені 2012-га.

Другі па ёмістасці польскі стадыён Еўра таксама быў пабудаваны спецыяльна да чэмпіянату. Ім стала гданьская Baltic Arena,
у 2010 годзе пасля заключэння спонсарскага кантракту з адной з мясцовых энергетычных кампаній пераназваная ў PGE Arena.

Дзюсельдорфскае архітэктурнае бюро Rhode-Kellermann-Wawrowsky, што да гэтага спраектавала стадыёны ў нямецкіх Гельзенкірхене і Гановеры, прапанавала ў якасці асноўнай мастацкай тэмы для арэны ў партовым Гданьску вобраз бурштыну, якім славіцца Балтыйскае мора.

Будаўнічыя працы пачаліся ў траўні 2009-га і працягваліся ўсяго два гады — урачыстае адкрыццё адбылося 19 ліпеня 2011-га. Дзіўная па нашых мерках аператыўнасць для збудавання такіх маштабаў.

Фасад і дах комплексу абліцаваныя полікарбанатнымі панелямі 6 розных адценняў, пераважна жоўтага і карычневага колераў, што, уласна, і робіць PGE Arena падобнай да кавалку апрацаванага і адпаліраванага бурштыну.

Панелі буйным планам. Усяго іх спатрэбілася 18 тыс. штук. З вонкавага боку фасада яны непразрыстыя.

Усярэдзіне ж панелі свабодна прапускаюць сонечнае святло. Карыстацца выдатным стадыёнам пасля заканчэння Еўра будуць фанаты гданьскага клуба «Лехія».

Яго ёмістасць склала 43 600 гледачоў. Акрамя трох традыцыйных матчаў групавой стадыі ў Гданьску будзе згуляны і адзін з чвэрцьфіналаў. Бюджэт праекта — 180 млн еўра.

Трэці польскі стадыён — ва Уроцлаве — таксама будаваўся спецыяльна да Еўра. Ахвотных выкупіць назву арэны не знайшлося. Так ён і вядомы да гэтага часу проста як «гарадскі стадыён».
Аўтарамі праекта ізноў сталі немцы, дакладней, польскае прадстаўніцтва франкфурцкай фірмы JSK Architekten.

Першапачатковая прапанова вылучалася фантастычным сілуэтам.

Затым фантазіі архітэктараў суцішыліся, і яны прапанавалі для ўроцлаўскай арэны канцэпт «стадыён-ліхтар», што, на іх думку, мае ўдала карэляваць з вобразам Уроцлава як дынамічнага сучаснага горада.

У рэальнасці да кітайскага ліхтарыка ўроцлаўскіх стадыён атрымаўся падобны нашмат менш, чым гэта было на рэндары, але ўсё ж нешта засталося. У адрозненне ад данецкага, варшаўскага і гданьскага сабратаў,

Stadion Miejski дзякуючы выкарыстанню напаўпразрыстых панеляў са шкловалакна, пакрытых тэфлонам, атрымаўся бясколерным, нібы загорнутым у паперу. Пры гэтым чатыры велізарныя сталёвыя кольцы, што па акружнасці апяразваюць арэну, надалі фасаду характэрную рэльефнасць.

Каляровым збудаванне робіцца ўначы. Паводле сучаснай стадыённай моды фасад можа афарбоўвацца ў любыя колеры ў залежнасці ад сітуацыі — тэфлонавыя паверхні ўяўляюць сабой ідэальны матэрыял для праекцыі на іх.

Разрэз комплексу. Ён быў пабудаваны ў 2009–2011 гадах, абышоўся польскаму ўраду ў 168 млн еўра і здольны мясціць 42 700 гледачоў. Падчас гульняў Еўра-2012 ён прыме толькі тры групавыя матчы, пасля чаго стане хатняй арэнай уроцлаўскага ФК «Шлёнск». «Начынне» ўсіх польска-ўкраінскіх еўрастадыёнаў прыкладна аднолькавае: кіёскі па продажы разнастайнай ежы, рэстараны, фітнэс-клубы, канферэнц-залы, крамы па продажы атрыбутыкі, адміністрацыйныя памяшканні.

Трыбуны гэтага стадыёна маюць асабліва стромкі ўхіл, што максімізуе агляд поля для гледачоў.

JSK Architekten акрамя архітэктурнай канцэпцыі самой арэны спраектавала таксама і яго інфраструктуру. У яе ўваходзіць эспланада, навакольны комплекс пешаходная зона вакол. З поўдня яна забяспечвае свабодны падыход да камбінаванага прыпынку трамвая і чыгуначных цягнікоў. З поўначы эспланада вядзе да вузлоў грамадскага транспарту: гарадскіх трамваяў і аўтобусаў, а таксама да аўтобуснага парку. Усё гэта дасць магчымасць значна палегчыць прыезд і ад’езд гасцей стадыёна падчас масавых мерапрыемстваў.

Нарэшце, чацвёрты польскі стадыён Еўра — у Познані (і гэтак жа, як і ўроцлаўскі, пакуль не атрымаў уласнага імені, застаўшыся проста «гарадскім») — адзіны з усёй чацвёркі, які пабудаваны не з нуля, а ёсць вынікам рэканструкцыі арэны, якая існавала з 1980 года. Прычым гэтая рэканструкцыя пачалася задоўга да еўрачэмпіянату і ўяўляла сабой звычайнае прывядзенне старога поля часоў ПНР да мінімальных стандартаў камфорту. З 2003 года пазнанскія ўлады павольна вялі работы па пашырэнні ёмістасці свайго стадыёна, пабудове падстрэшка над трыбунамі, прылады падагрэву поля, але пасля выбару Польшчы ў якасці адной з краін прадстаўнічага міжнароднага турніру гэтыя работы атрымалі новы імпульс і адпаведны размах.

Было прынятае рашэнне дадаткова надбудаваць дзве з чатырох трыбун другімі ярусамі, давёўшы агульную ўмяшчальнасць комплексу да 43 300 чалавек, і прывесці інфраструктуру ў адпаведнасць з патрабаваннямі УЕФА для такіх будынкаў. Праз такія надбудовы і перабудовы арэна і атрымалася ў выніку несіметрычнай.

Зрэшты, у пэўнай прыгажосці не адмовіш і ёй. Архітэктары кампаніі Modern Construction Systems, адказнай за працэс праектавання, спецыяльна да Еўра-2012 змянілі канструкцыю даху стадыёна: ён зрабіўся хвалістай мембранай, падзеленай на роўныя сегменты 9-метровай даўжыні. Мембрану вырашана было афарбаваць у «натуральны колер шоўку», якім аказаўся звычайны белы.

Усе работы былі завершаныя яшчэ да 2010 года, абышліся ў 180 млн еўра, і пазнанскі стадыён, такім чынам, стаў першым са здадзеных у краіне пад чэмпіянат і трэцім у абедзвюх краінах-гаспадынях пасля «Данбас-Арэны» і харкаўскага «Металіста».

«Шаўковы» гарадскі стадыён Познані ў начным афармленні:

Самы час вярнуцца ва Украіну, дзе ў Кіеве 8 кастрычніка 2011 быў адкрыты галоўны, самы вялікі, стадыён чэмпіянату Еўропы па футболе 2012 года.

Нацыянальны спартыўны комплекс «Алімпійскі», 70-тысячнік, які 1 ліпеня прыме фінальны матч Еўра, уяўляе сабой ужо чацвёртую інкарнацыю найбуйнейшага спартыўнага збудавання Украіны.

Першы стадыён на схілах Чарапанавай гары пачаў будавацца яшчэ ў 1936 годзе па праекце архітэктара М. Грачыны. Адкрыццю гэтага па-сталінску пышнага збудавання, галоўнай разынкай якога былі дрэвы, высаджаныя па акружнасці стадыёна, перашкодзіла вайна. Урэшце яно адбылося толькі ў 1946 годзе.

У 1966–1967 да трыбунаў быў дабудаваны другі ярус, пасля чаго ёмістасць павялічылася да фантастычных па цяперашніх мерках 100 тыс. чалавек. Нават пасля кардынальнай рэканструкцыі, распачатай у 1978 і прымеркаванай да маскоўскай Алімпіяды-80 (у Кіеве, як і ў Мінску, прайшлі адборачныя гульні алімпійскага футбольнага турніру), 100-тысячная змяшчальнасць захавалася. Кіеўскі «Алімпійскі» быў найбуйнейшым стадыёнам Еўропы.

У 1999 годзе лаўкі былі замененыя на індывідуальныя сядзенні, колькасць месцаў скарацілася да 83,5 тыс.

А ў 2008 годзе, пасля выйгрышу права на правядзенне Еўра, украінскі ўрад падпісаў кантракт на чацвёртую рэканструкцыю «Алімпійскага» з усё той жа нямецкай фірмай Gerkan, Marg und Partner (GMP). Яны ж былі аўтарамі і другой найбуйнейшай арэны чэмпіянату — новага Нацыянальнага стадыёна ў Варшаве. Зрэшты, нейкае падабенства архітэктурнага конкурсу праводзілася. Паступалі на яго прапановы кшталту наступных:

GMP жа прапанавала па-нямецку просты і стыльны дызайн, які прадугледжвае захаванне двух’ярусных трыбун старога «Алімпійскага» з пакрыццём іх спецыяльным тэнтавым дахам. Рытм апор, якія нясуць вантавую сістэму даху, і павінен быў фармаваць мастацкі вобраз галоўнага стадыёна чэмпіянату.
Атрымалася нядрэнна.

Мантаж апор-калон. Усяго іх усталявалі 80 штук, кожная вышынёй амаль 50 м і вагой 50 тон. У верхняй і сярэдняй частцы апоры аб’яднаныя бэлькамі, якія ўтвараюць ніжняе і верхняе кольцы.

На апоры падвешаная вантавая сістэма, на вантах, у сваю чаргу, размешчаныя 640 так званых «парасонікаў», што служаць для нацяжкі тэнтавай мембраны, адводу ападкаў і дадатковага асвятлення поля.

Навес выкананы з напаўпразрыстай сінтэтычнай мембраны.

Індывідуальнымі сядзеннямі фармуецца абстрактная мазаіка ў колерах нацыянальнага сцяга Украіны.

Агульны выгляд новага «Алімпійскага»:

Работы па рэканструкцыі стадыёна ў абмежаваных умовах цэнтра Кіева ішлі пакутліва доўга са значным, паводле ўкраінскага звычаю, перавышэннем першапачатковага каштарысу. Урэшце рэканструкцыя галоўнай арэны чэмпіянату і краіны абышлася Украіне ў $500–550 млн.

Яшчэ адным украінскім стадыёнам да Еўра, абмежаваўшыся толькі рэнавацыяй, стаў Харкаўскі спарткомплекс «Металіст». Ён быў адкрыты яшчэ ў 1926 годзе і першапачаткова меў вельмі брутальны выгляд.

Пасля серыі рэканструкцый, у 2007 годзе, галоўная арэна другога па велічыні ўкраінскага горада выглядала так:

У 2007 годзе Харкаў выбралі ў якасці аднаго з васьмі гарадоў, якія прымуць матчы Еўра-2012.
Тут жа пачалася перабудова «Металіста», якая, як і ў выпадку з «Данбас-Арэнай», у асноўным вяла на грошы ўладальніка мясцовага аднайменнага футбольнага клуба.

Вакол чашы стадыёна былі ўсталяваныя 24 металічныя апоры, якія падтрымліваюць новы дах арэны. За характэрны выгляд «Металіст» тут жа празвалі «Павуком».

Яго адкрыццё пасля рамонту адбылося ў снежні 2009 года. Стадыён, які змяшчае пасля рэканструкцыі 38 тыс. чалавек, атрымаўся, скажам наўпрост, з самым сціплым абліччам. Затое і абышоўся танней за ўсё — усяго ў $75 млн.

Нарэшце, апошні, чацвёрты ва Украіне і восьмы ў абедзвюх краінах стадыён адкрыўся ў кастрычніку 2011 года на самай ускраіне Львова. Праект распрацавала венскае бюро Albert Wimmer ZT GmbH, якое плённа працавала ў аналагічнай ролі перад папярэднім, аўстра-швейцарскім Еўра.

Хоць будаўнічыя работы пачаліся яшчэ ў лістападзе 2008 года, неўзабаве праз нерэгулярнае фінансаванне іх тэмпы істотна скараціліся, што два гады прыносіла нямала галаўнога болю чыноўнікам УЕФА. Сур’ёзна разглядалася пытанне аб пераносе запланаваных у Львове матчаў у які-небудзь іншы горад. У кастрычніку 2010-га, за год да планаванай здачы аб’екта, выглядаў ён наступным чынам:

Пагрозы еўрапейскіх футбольных бюракратаў усё ж падзейнічалі, грошы на дабудаванне знайшліся, і ў звыклай для савецкага чалавека абстаноўцы аўралу і штурмаўшчыны «Арэна Львів» 29 кастрычніка 2011 была ўрачыста адкрытая.

Будаўніцтва самага маленькага стадыёна Еўра-2012 (каля 35 тыс. гледачоў) абышлося ўкраінскай казне ў 211 млн еўра.

Як і яго Харкаўскі сабрат, львоўскі стадыён прыме ўсяго 3 матчы групавога этапу чэмпіянату, а ў далейшым стане хатняй арэнай клуба «Карпаты».

Складана было чакаць з’яўлення да Еўра-2012 у не самых багатых краінах кантынента васьмі стадыёнаў-шэдэўраў. Тым не менш агульны ўзровень архітэктуры турніру, асабліва ў параўнанні з яго папярэднікамі, досыць высокі.
Усё яшчэ хочацца верыць, што такія ж уражанні застануцца і па выніках 2014 года ў адной маленькай, але надзвычай гордай краіне якраз паміж Украінай і Польшчай.

Darriuss, Дзяніс Блішч, realt.onliner.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031