Знайсці
29.12.2011 / 10:451РусŁacБел

Дзяржкантроль разбярэ аўтасэрвіс па шрубках

Айчынныя прадпрымальнікі не маюць вялікай упэўненасці ў тым, што ў наступным годзе стаўленне дзяржавы да прыватнага бізнэсу істотна зменіцца ў лепшы бок. Хоць бы горш не стала.
А імавернасць таго, што для некаторых суб’ектаў гаспадарання ўмовы для вядзення бізнесу могуць пагоршыцца, існуе. У прыватнасці, як стала вядома Naviny.by, Камітэт дзяржкантролю збіраецца даступнымі яму метадамі навесці парадак у аўтасэрвісе.

У аналітычнай запісцы, накіраванай Камітэтам дзяржкантролю ва ўрад, выказваецца занепакоенасць масавым беззаконнем і шматлікімі парушэннямі ў сферы аказання паслуг па рамонце аўтамабіляў. КДК збіраецца пакласці гэтаму канец. Бізнэс-супольнасць жа з пазіцыяй КДК не згодная. Замест таго каб біць па галаве, трэба спачатку стварыць прымальныя ўмовы для вядзення бізнэсу, заяўляюць эксперты.

Паводле інфармацыі КДК, у першым паўгоддзі 2011 года кантралявальнымі органамі было праведзена больш за дзве тысячы праверак суб’ектаў аўтасэрвісу (каля 60% усіх дзйных у краіне).

Падчас праверак кантралёры дыягнаставалі наяўнасць хранічнай хваробы ў суб’ектаў гаспадарання — утойванне выручкі.

«Праверкі паказалі, што суб’екты гаспадарання працягваюць практыку прыёму ў рамонт аўтамабіляў без афармлення неабходных дакументаў, а таксама без належнага вядзення ўліку заявак і заказаў на аказанне паслуг аўтасэрвісу. Гэтыя парушэнні выяўленыя на кожнай другой з правераных станцый тэхабслугоўвання», — падкрэсліваецца ў аналітычнай запісцы КДК.

У пацверджанне гэтаму КДК прыводзіць шэраг прыкладаў. Так, «пры праверцы ТДА „Мобилтех“ (Віцебск) высветлена, што дзённая выручка станцыі ў перыяд з 27 ліпеня па 7 жніўня складала ад 200 да 500 тысяч рублёў. А ў дзень праверкі яна вырасла да 2 млн рублёў, гэта значыць у 4 разы».

Вынікі маніторынгу здаліся КДК засмучальнымі. Акрамя таго, кожнае чацвёртае парушэнне было звязана з невыкананнем патрабаванняў да сертыфікаваных паслуг. Таксама нормай у працы СТА, па словах кантралёраў, стала адмова спажыўцам у аказанні пэўных відаў паслуг аўтасэрвісу, прадугледжаных выдадзенымі сертыфікатамі адпаведнасці, з прычыны недастатковай тэхнічнай абсталяванасці аб’ектаў аўтасэрвісу.

«Улічваючы масавасць і множнасць парушэнняў заканадаўства пры аказанні паслуг аўтасэрвісу, КДК лічыць мэтазгодным на працягу 2012 года правядзенне паўсюднага пазапланавага інспекцыйнага кантролю ў дачыненні да суб’ектаў гаспадарання, якія аказваюць такія паслугі», — настойвае КДК. У камітэце мяркуюць, што гэта будзе эфектыўная мера, якая будзе садзейнічаць навядзенню парадку на СТА.

Але планы КДК, натуральна, насцярожылі прадпрымальнікаў, якія працуюць у аўтасэрвісе. На іх думку, умовы для вядзення бізнэсу і так не аптымальныя. Больш за тое, сфера настолькі зарэгуляваная, што не парушаць заканадаўства немагчыма.

«КДК патрабуе рэгістраваць дакументы, якія датычаць паслуг аўтасэрвісу. Але не каб палегчыць вядзенне дакументаўліку, а каб лягчэй было кантраляваць гэтую сферу.
А для бізнэсу дадатковая рэгістрацыя — гэта падаражэнне паслуг, бо ў гэтым выпадку давядзецца ўтрымліваць вялікі штат супрацоўнікаў. Гэта значыць маленькім аўтасэрвісам трэба шмат зарабляць, каб выконваць усе патрабаванні па рэгістрацыі», — канстатуе дырэктар адной з прыватных СТА.

Таксама бізнэс не згодны з прэтэнзіямі КДК адносна сертыфікацыі паслуг. «Ад бізнэсу патрабуюць рэгістраваць і пацвярджаць сертыфікатамі аказанне паслуг. Але ўсе аўтамабілі немагчыма ахапіць сертыфікатамі. Напрыклад, „Масквіч“ у нас афіцыйна ніхто не мае права абслугоўваць. Гэта значыць, што калі ўладальнік гэтай маркі прыязджае на СТА, то праца па рамонце аўтамабіля вядзецца нелегальна. Інакш прыйдзе дзяржкантроль, адбярэ выручку і накладзе штраф», — заяўляе суразмоўца.

Пры гэтым ён падкрэслівае:

улады хочуць зрабіць больш жорсткім кантроль, але самі так і не вырашылі галоўнай праблемы — функцыянавання нелегальнага гаражнага аўтасэрвісу.
Шэры аўтасэрвіс квітнее — працуе так, як лічыць патрэбным, не выконвае ніякіх умоваў і не плаціць падаткі. А легальны аўтасэрвіс імкнецца жыць па законе, але за гэта атрымлівае толькі наганяі і масавыя праверкі.

Старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін таксама перакананы, што кантралёрам трэба перш за ўсё наладзіць барацьбу з ценевым бізнэсам. «Гэта праблема людзей у пагонах. Яны павінныя адпрацоўваць свае зарплаты і пенсіі», — заявіў ён.

На думку Карагіна, дзяржорганам трэба правесці даследаванне на прадмет таго, якія праблемы ёсць у аўтасэрвіса: «А прыходзіць і біць па галаве — гэта хто заўгодна зробіць. І гэта няправільны метад. Трэба не праверкі праводзіць, а аказаць дапамогу для развіцця бізнэсу, дапамагчы яму стаць больш канкурэнтаздольным і аказваць якасныя паслугі».

naviny.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031