Знайсці
17.04.2024 / 10:248РусŁacБел

Часаў Яр. Чаму расіянам так важна захапіць гэты горад

Пасля акупацыі Аўдзееўкі ў канцы зімы, здаецца, Крэмль ужо вызначыў сваю новую мэту на Данбасе. Гэта гарадок Часаў Яр, які становіцца галоўнай арэнай бітвы гэтай вясной, піша ўкраінская служба BBC.

 

Украінскія вайскоўцы ў Часавым Яры. Фота: УСУ 

Зіма 2021 года. Да поўнамаштабнай вайны яшчэ год. Але Часаў Яр ужо напоўнены вайскоўцамі. 

Тут наводдаль густанаселенага раёна савецкіх 5-павярховікаў і прамысловых прадпрыемстваў размешчаны штаб Аперацыі абʼяднаных сіл (так раней называлася антытэрарыстычная аперацыя). 

Гэтая акалічнасць ператварыла звычайны данбаскі гарадок у магутны ўмацаваны раён, «крэпасць» украінскага войска. 

Цяпер, вясной 2024 года, расійскія войскі ўшчыльную наблізіліся да Часава Яра і знішчаюць яго паветранымі атакамі. 

Па даных галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Аляксандра Сырскага, Расія паставіла мэтай захапіць гэты горад да даты 9 мая — Дня Перамогі. 

Горад на пагорках

Калі б хто-небудзь з палкаводцаў мінулага хацеў бы пабудаваць крэпасць у данбаскіх стэпах, то лепшага месца чым Часаў Яр няма. 

Гэта самы высокі пункт на сотні кіламетраў вакол. Горад стаіць на пагорках, якія нібы сцены абараняюць яго з усходу і поўдня. Самы высокі пункт — 247 метраў, а, да прыкладу, у суседніх Канстанцінаўцы, Славянску і Краматорску — сярэднія вышыні ад 100 да 125 метраў. 

Агламерацыя гэтых гарадоў пасля расійскай акупацыі Данецка ў 2014 годзе фактычна стала адміністрацыйным цэнтрам падкантрольнай Украіне часткі Данецкай вобласці. Тут развіваліся прамысловыя прадпрыемствы, быў разгалінаваны транспартны вузел, у прыватнасці чыгуначны. 

Часаў Яр стаў «варотамі» да гэтай агламерацыі — з-за блізкасці да Канстанцінаўкі (7 км на захад) і Краматорска (25 км на паўночны захад). 

Тут жылі каля 13 тысяч жыхароў, але па стане на пачатак красавіка засталося каля 700, кажа «ВВС Украіна» кіраўнік горада Сяргей Чавус. З іх 80-85% — гэта пажылыя людзі, якія адмаўляюцца эвакуявацца. 

«Асноўны аргумент, які яны выкарыстоўваюць, заключаецца ў тым, што гэта «мой дом, я тут нарадзіўся і тут буду паміраць, калі забʼюць, дык забʼюць», — тлумачыць кіраўнік гарадской вайсковай адміністрацыі. 

З лютага 2023 года ў горадзе адсутнічае газа– і водазабеспячэнне, няма электрычнасці і слабая мабільная сувязь. Побыт тых, застаўся тут, забяспечваецца толькі дзякуючы генератарам і вадзе з свідравін. 

Усе шматпавярховікі маюць пашкоджанні ад абстрэлаў, з якіх 80% крытычныя, паказвае Чавус. 

Акрамя свайго дамінуючага рэльефу, Часаў Яр мае і водную перашкоду — на ўсходніх ускраінах працякае канал Северскі Данец — Данбас. 

Падчас бітвы за Бахмут летась гэты раён быў аператыўным тылам для ўкраінскай групоўкі, якая вяла баявыя дзеянні з праціўнікам на Бахмуцкім кірунку. Аднак з пачатку гэтага года сітуацыя змянілася. 

Яшчэ зімой Расія стварыла магутную групоўку — пераважна з сіл паветрана-дэсантных войскаў – і пачала рух да Часава Яра з суседняга Бахмута. Нягледзячы на запэўніванні ўкраінскага Генштаба, што там «створаныя некалькі палос абароны», ужо да пачатку красавіка армія РФ змагла ўшчыльную наблізіцца да ўсходніх ускраін горада з боку вёсак Багданаўка і Іванаўскае. 

Абедзве гэтыя вёскі не былі захопленыя цалкам, але расейцам удалося знайсці шчыліну паміж імі і ўклініцца ва ўкраінскую абарону.

 

Важна адзначыць, што пагоркі і большая частка забудовы Часава Яра знаходзяцца на заходнім беразе канала. І толькі новы мікрараён, што так і называецца «Канал», размешчаны на ўсходнім. 

Гарадскія ўлады кажуць, што гэты мікрараён знаходзіцца пад пастаяннымі абстрэламі і там не засталося ніводнага цывільнага. 

«Выжыць на «Канале» цывільным нерэальна. Там пастаянныя абстрэлы. Арта (артылерыя. — Рэд.) там не змаўкае, плюс прылёты КАБаў плюс FPV-дроны», — кажа Сяргей Чавус. 

Вось менавіта ў гэты мікрараён на крайнюю вуліцу Зялёную і ўдалося ў пачатку красавіка зайсці групе расійскіх вайскоўцаў. Украінскае камандаванне запэўнівае, што іх ужо выбілі, расійскія крыніцы сцвярджаюць пра адваротнае. 

Украінскія вайскоўцы, якія абараняюць горад, паказваюць, што расейцы часта выкарыстоўваюць «банзай-атакі». Гэта значыць спрабуюць невялікай калонай бранятэхнікі або на іншым транспарце імкліва прарвацца да мэты. Большая частка з іх знішчаецца, але астатнія спрабуюць зачапіцца за пазіцыю. 

Візуальнага пацверджання, што расейцы працягваюць знаходзіцца ў межах населенага пункта Часаў Яр па стане на сярэдзіну красавіка няма. Аднак, гэта не значыць, што сітуацыя на гэтым кірунку для УСУ палепшылася. 

Чаму так адбылося?

Як так атрымалася, што расійскія войскі змаглі ўшчыльную наблізіцца да стратэгічна важнага горада? 

Яшчэ ў канцы восені мінулага года РФ пачала рух на захад ад акупаванага Бахмута і змагла захапіць пасёлак Хромавае, які ляжыць на дарозе да Часава Яра. Пасля абодва бакі завязлі ў кровапралітных бітвах за суседнія вёскі Багданаўку (2 км на паўночны ўсход ад Часава Яра) і Іванаўскае (3 км на паўднёвы ўсход). 

Што да апошняй, то расійскія ўлады яшчэ ў канцы сакавіка заявілі аб узяцці пад кантроль гэтай вёскі, якую яны называюць старой савецкай назвай Краснае. Але ўкраінскія вайскоўцы адмаўляюць гэтую інфармацыю. 

Нягледзячы на гэта, армія РФ знайшла магчымасць прарвацца паміж гэтымі сёламі праз палі і лесапасадкі. 

Па даных крыніц, не ў апошнюю чаргу гэты прарыў адбыўся з-за няўдалых дзеянняў 67-й асобнай механізаванай брыгады УСУ, якая абараняла сектар. 

Гэтая вайсковая частка, створаная ў 2022 годзе на базе арганізацыі «Добраахвотніцкі ўкраінскі корпус «Правы сектар». Менавіта добраахвотнікі ДУК ПС і былі яе асновай. 

У той жа час, паводле звестак «BBC Украіна», якія пацвярджаюць крыніцы «Украінскай праўды», у 67-й брыгадзе былі непаразуменні паміж добраахвотнікамі «Правага сектара» і звычайнымі мабілізаванымі. 

Гэта прывяло да таго, што апошніх без належнай падрыхтоўкі адпраўлялі ўтрымліваць складаныя ўчасткі фронту. Пры ўзмацненні расійскага наступу некаторыя вайскоўцы 67-й брыгады не вытрымалі і пакінулі пазіцыі. 

Такая сітуацыя выклікала асуджэнне з боку Генштаба УСУ. Як сказана ў заяве «Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса», вышэйшае камандаванне Узброеных Сіл пачало «перафарматаванне брыгады», у прыватнасці перавод у іншыя воінскія часткі ўсіх камандзіраў і байцоў ДУК ПС, якія зʼяўляюцца яе баявым касцяком. 

«На камандзіраў падраздзяленняў адкрытыя службовыя расследаванні, не выключана, што адкрыюць крымінальныя справы паводле надуманых абвінавачванняў у невыкананні баявых распараджэнняў», — сказана ў заяве брыгады. 

16 красавіка камандаванне Сухапутных войскаў пацвердзіла, што прыняло рашэнне аб «рэарганізацыі» 67-й брыгады, у прыватнасці шляхам выдзялення штурмавога батальёна ў асобную частку. 

Аднак асноўная праблема ў абароне Часава Яра не ў гэтым. Расійскія войскі з усіх сіл імкнуцца скарыстацца момантам, пакуль маюць значную перавагу перад украінцамі ў колькасці асабістага складу, авіяцыі і ў колькасці боепрыпасаў. 

Украінскія ўлады кажуць аб суадносінах 1 да 10 па артылерыйскіх боепрыпасах на карысць РФ. Перавага ў авіяцыі дазваляе расейцам скідаць штодня 20-30 кіраваных авіяцыйных бомбаў на Часаў Яр.

Яны руйнуюць дамы, прамысловыя абʼекты, а таксама фартыфікацыйныя ўмацаванні УСУ як у самім горадзе, так і на подступах да яго. 

Што запланавала Расія?

«Калі паглядзець на карту вышынь, то становіцца зразумела што за Часавым Ярам адкрываецца раўніна, там стэп і адкрытая мясцовасць», — кажа ваенны аналітык і гісторык Міхаіл Жырахаў. 

Калі расійская армія зможа захапіць Часаў Яр, то ў яе «як на далоні» будзе ўся Краматорска-Славянская агламерацыя. Гэта дазволіць дальнабойнай артылерыі РФ узяць пад агнявы кантроль лагістычныя маршруты ўкраінскай арміі. 

Перш за ўсё гаворка ідзе аб чыгуначных вузлах — Канстанцінаўка і Краматорск. 

У той жа час, па даных Жырахава, на захад ад Часава Яра ўкраінскія вайскоўцы паскораным тэмпам узводзяць дзве фартыфікацыйныя лініі, каб ускладніць далейшы рух праціўніка. 

Але, на думку аналітыка, Расія не мае намеру штурмаваць горад, а паспрабуе абысці яго з поўдня і поўначы. Цяпер падраздзяленні РФ набліжаюцца на флангах да воднай перашкоды — канала Северскі Данец — Данбас. 

«Калі ў іх будзе такое ж прасоўванне, як мы бачылі апошнія 2-3 тыдні, то гэта (перапраўка праз канал) практычна непазбежна», — лічыць Жырахаў. 

У выпадку, калі расейцам атрымаецца прасунуцца на флангах, украінскі гарнізон у Часавым Яры будзе вымушаны адысці з горада, каб не апынуцца ў пастцы. 

Вайсковы аналітык групы «Інфармацыйны супраціў» Канстанцін Машавец мяркуе, што цяпер Расія ажыццяўляе «фармуючыя аперацыі». Гэта значыць адначасова фармуе паўднёвы і паўночны франты для правядзення пасля буйнога наступу на Краматорск і Славянск. 

«Яны ствараюць папярэднія ўмовы для арганізацыі буйнога наступу, — лічыць аналітык. — Але тут суперніку трэба будзе больш войскаў, прычым адчувальна больш». 

Акрамя таго, са слоў Машаўца, расійскае войска рызыкуе, прасоўваючыся да Часавага Яра, без развязання праблемы двух суседніх вёсак — Кляшчэеўкі і Андрэеўкі. 

Гэта два населеныя пункты на поўдзень ад Бахмута і 10-12 км на паўднёвы ўсход ад Часава Яра. 

Іх украінскія сілы вызвалілі яшчэ мінулым летам у ходзе контрнаступлення і да гэтага часу ўтрымліваюць. «Тая групоўка (расейцаў), якая цяпер наступае на Часаў Яр і спрабуе прарвацца ў горад, відавочна, рызыкуе ў свой левы фланг атрымаць нейкія контрдзеі (ад УСУ)», — лічыць Машавец. 

Кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў мяркуе, што «вялікі наступ» на Данбасе Масква плануе ў пачатку лета, і ён упэўнены, што пасля Часава Яра расейцы хочуць рухацца ў бок Пакроўска, што 55 км на захад. Гэта ключавы транспартны вузел на мяжы Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей. 

«Яны (расійскія вайскоўцы) трохі прасунуцца ў бок Часавага Яра. Яны будуць рухацца ў напрамку горада Пакроўска, стратэгічны кірунак на Пакроўск», — сказаў кіраўнік ГУР у інтэрвʼю нямецкаму тэлеканалу ARD. 

Але ці паспее Крэмль да 9 мая развязаць першую задачу і ўзяць Часаў Яр? 

Міхаіл Жырахаў кажа, што асноўным паказчыкам будзе тое, ці зможа расійскае войска найбліжэйшым часам перасекчы канал Северскі Данец — Данбас (яго шырыня блізу 30 метраў) і стварыць плацдарм на Заходнім беразе. 

«Калі гэта адбудзецца, то гэта будзе паказчык, што ўжо нядоўга засталося [утрымліваць Часаў Яр]». 

Ва ўкраінскіх узброеных сілах запэўніваюць, што па стане на сярэдзіну красавіка сітуацыя ў гэтым раёне складаная, але кантралюемая. 

«Як жыхар гэтага горада ў душы я спадзяюся, што мы выстаім і нашы ворагі да нас так і не дойдуць», — адказвае кіраўнік Часава Яра Сяргей Чавус на пытанне аб далейшым развіцці падзей.

Чытайце таксама:

«Гэта ганьба для свету». Зяленскі раскрытыкаваў намер ЗША раздзяліць пытанне вайсковай дапамогі Ізраілю і Украіне

Расія дакладна прайграе ва Украіне — кітайскі эксперт 

Зяленскі: У нас засталося 0 ракет, таму расіяне знішчылі Трыпольскую ЦЭС

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
18
0
Стоп лукапудзеля/адказаць/
17.04.2024
Мушчына 30 лет, ахах, новы нараты- Кіеў за тры гады🤡 Ну так да, не сільна лягчэй, 250 000 Іванаў захараніць ва ўкраінскаму чарназёме і пры гэтым не дасягнуць ніводнай мэты.
3
Мушчына 30 лет/адказаць/
17.04.2024
Стоп лукапудзеля, да нет никакого нарратива, есть реальность, которую вам нравится игнорировать. У Украины сейчас очень плохи дела, это понимают и сами украинцы, если ничего не поменяется, то может и до взятия Киева дойти.
Какая разница, три года, четыре, пять, я не пойму?
Конечно россияне несут потери, а украинцы нет что ли? Если так считать, то просто людей у России больше, им их не жалко, хоть миллион погибнет, хоть два, от этого не легче, если Украина потерпит поражение.
Как в 2020 ходили и рассказывали что "МЫ УЖЕ ПОБЕДИЛИ", так и сейчас продолжаете.
Вы такие же "КИЕВ ЗА ТРИ ДНЯ" только с другой стороны. У вас в фантазиях Россия уже развалилась и репарации платит, а по факту неизвестно чем закончится, и сейчас ситуация не в пользу Украины явно.
0
Вот так 30 лет лукашизму дают о себе знать/адказаць/
17.04.2024
Пуdzh, здесь спойлер один - у тебя инородный предмет в одном месте и ты его даже не хочешь вынимать. А можа так и трэба.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера