Знайсці
05.04.2024 / 10:184РусŁacБел

У Віцебскай вобласці за адну базавую прадаюць сядзібу, звязаную з беларускім рухам

Сядзіба Малыя Дольцы ва Ушацкім раёне вядомая тым, што тут была пастаўлена адна з першых беларускіх п'ес, пра якую было забаронена пісаць за савецкім часам. «Наша Ніва» разабралася, як п'еса ўзнікла і за што трапіла ў няміласць. 

Сядзібны дом у Малых Дольцах. Фота: суполка «Тихая моя родина….»

Камітэт дзяржаўнай маёмасці Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта прапануе ўсяго за 40 рублёў шляхецкую сядзібу ў вёсцы Новае Жыццё, якая да 2013 года выкарыстоўвалася ў якасці канторы мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемствам.

Сядзібны дом накрыты і закансерваваны. Побач захаваліся фрагменты парку.

Паколькі сядзіба Малыя Дольцы з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, то абавязковая ўмова продажу — правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ у наступныя пяць гадоў. Аўкцыён пройдзе 30 красавіка.

Галоўны фасад сядзібы. Фота: суполка «Тихая моя родина….»

Мураваны сядзібны дом быў пабудаваны ў 1848 годзе. У той час маёнтак быў уласнасцю роду Вярэнькаў. Пасля смерці прадстаўніка роду Феліцыяна Вярэнькі ў 1873 годзе маёнтак перайшоў да ягонай дачкі Юзэфы. Юзэфа была ў шлюбе з падпалкоўнікам Донатам Сушынскім, які ўдзельнічаў у абароне Севастопаля ў час Крымскай вайны.

Апошнімі ўладальнікамі ў час Першай сусветнай вайны, відаць, былі сыны Доната — спачатку Альфрэд, а пасля Эдвард. Эдвард Сушынскі яшчэ перад вайной адзначыўся ў беларускім руху. 

У 1906 годзе пачалі выходзіць першыя легальныя беларускія газеты «Наша Доля» і «Наша Ніва», а ў Пецярбургу выдатны беларускі дзеяч Вацлаў Іваноўскі наладзіў дзейнасць першага беларускага легальнага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». 

У 1909 годзе Вацлаў Іваноўскі апынуўся ў Дольцах, дзе спрычыніўся разам з мясцовымі шляхціцамі да стварэння адной з першых беларускіх п'ес. Акалічнасці вандроўкі вядомыя з ліста самога Іваноўскага, надрукаванага ў 1942 годзе ў 31-м нумары «Беларускай газеты», да рэдакцыі якой ён звяртаўся з тлумачэннем.

Вацлаў Іваноўскі ў 1904 годзе. Фота: Wikimedia Commons

«Угледзеўшы на афішы Менскага Беларускага тэатра «Міхалку» нейкага «Далецкага» — не магу дзеля аховы праўды стрымацца, каб не прасіць паважаную рэдакцыю змясціць у газеце гэтых некалькі радкоў.

У 1909 годзе нагадаў я зрабіць чароднае падарожжа па Беларусі і выбраў маршрут падарожжа Віцебск — Васілішкі праз Лепель, Чашнікі, Даўгінава, Крывічы, Вішнева, Ляды.

Прыладай падарожжа быў мой верны ангельскі веласіпед — «Каза», як мы тады казалі: «што за рог трымаеш, а нагамі круціш». На ім багажу раме, фатаграфічны апарат, тузіна плітак у касетах, 4 тузіны на багажніку, на рулі заплечны хатулёк, у ім змена порця, ручнік, мыла, крыху цукру, гарбаты, харчоў, накідка ад дажджу, прылада правіць «Казу», торба праз плячо, на карты з празрыстаю пярэдняю сценкаю ў кішэні — пасведчанне этнаграфічнага аддзела Музею цара Аляксандра III, малы браўнінг, а на корку няпоўных 30 гадоў жыцця — багаж не вялікі.

Гэтак, выехаўшы з Лепля, даехаў я да Долец-Сушынскіх, дзе была кампанія беларускае моладзі — студэнтаў з Сушынскім Адвардам і Ганнай, тады студэнтамі, на чале.

У Дольцах даведаўся я, што за нядзелю ў паблізнай — яшчэ ўніяцкай каплічцы маецца быць хвэст — і вось добра было б паставіць беларускае прадстаўленне.

Беларускага матар'ялу сцэнічнага не было пад рукамі, дый наагул бадай не было. Перашукаўшы мясцовую бібліятэчку, знайшлі жменю польскіх сцэнічных твораў і між імі — першаабраз «Міхалкі» пад іншым загалоўкам.

Вось і ўзяліся за работу — ніжэйпадпісаны перакладаў, справядлівей паводле асноведзі арыгіналу імправізаваў беларускі тэкст, а чатыры пісалі, адразу пісалі чатыры экзэмпляры.

У колішніх старасвецкіх калідораў сядзібы не засталося нават перакрыццяў. Фота: суполка «Тихая моя родина….»

За два дні тэкст быў гатовы — у чатыры дні яго вывучылі, прарэпетавалі, зрабілі сцэну ў вялізным старасвецкім калідоры двара ў Дольцах.

Выступала Ганна Сушынская, як Юлька, за Адэлю быў студэнт Тэхналагічнага інстытуту з Пецярбургу — прозвішча, на жаль, не памятаю. За бацьку — малады хлапчук — сусед Сушынскіх, таксама не памятаю прозвішча, Адварды Сушынскі быў за суфлёра, а ніжэйпадпісаны рэжысёра й канферансье.

Прадстаўленне было папярэджана пралогам. Удача сярод колькі сотняў сабраных на хвэст надзвычайная.

Пасля прадстаўлення, укінуўшы ў свой багаж яшчэ й экзэмпляр тэксту «Міхалкі», пагнаў я сваю «Казу» далей.

Прыехаўшы ўвосень у Пецярбург, «Міхалку» змясціў я ў серыі сцэнічных твораў выдання суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца».

На памятку абставінаў, пры якіх нарадзіўся «Міхалка», падпісаў яго не сваім звычайным літарацкім прозвішчам «Вацюк Тройца», а «Долецкія». Якім парадкам з «Долецкіх» зрабіўся на афішы МБТ «Далецкі» — гэтага не цямлю.

Карыстаючы з гэтай нагоды, засылаю Вам, спадары Рэдактары, і сваё паважанне.

В.Іваноўскі, ён жа «Вайцюк Тройца», ён жа «Долецкія»

Паводле Іваноўскага, аўтарам «Міхалкі» быў ён, а астатнія ўдзельнікі пастаноўкі толькі дапамагалі яму перапісваць п'есу. Праўда, некаторыя даследчыкі, зыходзячы з таго, што псеўданім «Долецкія» мае множны лік, схільныя лічыць, што ў напісанні п'есы прымалі ўдзел і акцёры, найперш Ганна і Эдвард Сушынскія. Дарэчы сам псеўданім паходзіць ад назвы маёнтка.

Сядзібны дом у Малых Дольцах. Фота: «Віцебскаблмаёмасць»

У № 37-38 газеты «Наша Ніва» за 1911 год змешчаны артыкул, падпісаны псеўданімам «Цёска», за якім, верагодна, хаваецца Ганна Сушынская. У тэксце пішацца пра беларускі тэатр у маёнтку Дольцы ў Барысаўскім павеце і падкрэсліваецца, што аўтар артыкула быў адным са стваральнікаў п'есы «Міхалка»:

«… тутэйшы паніч Эдвард Сушчынскі ўстроіў у дварэ ў Дольцах беларускі тэатр. Ігралі ўжо другі раз тут намі пераробленую і намі першы раз пастаўленую камэдыю «Міхалка». Выйшла яна надта спрытна, бо сыграла яе з вялікім жыццём тутэйшая маладзеж».

Праз год у «Нашай Ніве» была апублікавана яшчэ адна нататка пра беларускі тэатр у маёнтку Дольцы, дзе ставілі ўжо тры камедыі: «Па рэвізіі» Марка Крапіўніцкага, «Сватанне» Антона Чэхава, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца.

Інтэр'ер мезаніна сядзібы. Фота: суполка «Тихая моя родина….»

П'еса «Міхалка» была немудрагелістай, яе поспех тлумачаць камедыйнай сітуацыяй і выразнымі характарамі дзеючых асоб.

Па сюжэце шляхціч Язэп Карыта хоча выдаць замуж сваю дачку Адэлю, якой ужо каля 40 гадоў. Стары сябра Язэпа даслаў яму ліст, што пачуў пра тое, што ў Язэпа ёсць васемнаццацігадовая дачка, а ў яго дваццацігадовы сын Міхалка, і што някепска было б іх пажаніць.

Міхалка прыязджае ў сядзібу Карыты. Але перш, чым пазнаёміцца з Адэляй, ён выпадкова сустракае пакаёўку Юльку і прымае яе за Адэлю. Узнікае характэрная для п'ес гэтага жанру блытаніна. Закаханыя Міхалка і Юлька ад'язджаюць у вялікі горад Мінск.

Трупа Ігната Буйніцкага. Фота: НГМБ

Камедыя Далецкіх «Міхалка» карысталася поспехам у рэпертуары Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, якая шмат гастраліравала па Беларусі, бывала ў Вільні, Пецярбургу ды Варшаве. 

Нягледзячы на вялікую папулярнасць п'есы, савецкія даследчыкі беларускай драматургіі ў сваіх працах не згадваюць пра «Міхалку». Рэч у тым, што ейны аўтар, Вацлаў Іваноўскі, у час Другой сусветнай вайны супрацоўнічаў з немцамі і нават быў прызначаны акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менска. 

Спіртзавод у пасёлку Пламя. Фота: «Віцебскаблмаёмасць»

Таксама на продаж у Віцебскай вобласці выстаўлены спіртзавод пры былой сядзібе Свяцкіх у пасёлку Пламя Сенненскага раёна і сядзіба Ваўжэцкіх у вёсцы Відзы-Лаўчынскія Браслаўскага раёна — помнікі архітэктуры рэспубліканскага значэння. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

У Лошыцкай сядзібе разабралі будынкі бровара, хоць абяцалі не чапаць

На адноўленай вежы Любчанскага замка ўсталявалі купал ФОТА

Уласнікаў помнікаў архітэктуры вызвалілі ад двух падаткаў

Генпракуратура хоча ўключыць Брэсцкую крэпасць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
17
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
7
1
Аляксандр Шлюбскi/адказаць/
05.04.2024
Gorliwy Litwin, так давай уже ты, без селянской массы, выховывай несурагатную.
1
Gorliwy Litwin /адказаць/
05.04.2024
Аляксандр Шлюбскi, дзе мне цягацца з табой і з красаўцамі хлебаробамт
0
Шлюбскi/адказаць/
05.04.2024
Gorliwy Litwin , дык кожнаму сваё!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031