Лукашэнка зацвердзіў Кодэкс грамадзянскага судаводства
Аляксандр Лукашэнка 11 сакавіка падпісаў Кодэкс грамадзянскага судаводства. Гэты дакумент «закліканы ўсталяваць адзіныя правілы разгляду грамадзянскіх і эканамічных спраў у судах», паведаміла ягоная прэс-служба.
У кодэксе «вызначаюцца агульныя палажэнні па разглядзе адпаведных катэгорый спраў: прынцыпы судовай дзейнасці, падведамаснасць, правы і абавязкі ўдзельнікаў працэсу і іншае».
Паведамляецца, што ў дакуменце «замацаваны шэраг навацый, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці грамадзянскага судаводства», у прыватнасці, «прымяненне электронных доказаў, далейшай лічбавізацыі судовага працэсу, увядзенне інстытута калектыўных пазоваў, спрошчанае судаводства».
«Для забеспячэння належнай абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання прадугледжваецца пераход усіх судоў да перагляду судовых пастаноў па трох інстанцыях (апеляцыя, касацыя і нагляд)», — гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя гэтага, дакументам «пашыраецца выкарыстанне пазасудовых спосабаў урэгулявання спрэчак — з дапамогай медыяцыі, перамоў, прымірэнчай працэдуры». Гэтыя меры, як заяўляецца, будуць «садзейнічаць самастойнаму вырашэнню бакамі справы на ўзаемавыгадных умовах».
Кодэкс уступае ў дзеянне з 1 студзеня 2026 года.
Чытайце таксама:
У студзені па крымінальных палітычных справах судзілі мінімум 120 чалавек
Скарэктавалі закон «Аб мовах» у сферы афармлення дакументаў, судаводства і мовы адукацыі
«Гэта не пра пакаранне, а пра запужванне». Навошта патрэбны дамоклаў меч экстрэмізму?