Знайсці
20.02.2024 / 07:007РусŁacБел

Як фальсіфікуюцца выбары ў Беларусі. Сем этапаў падману

У Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаванне — выбарчая кампанія на фінішнай прамой, але пакіньце ілюзіі, вынікі выбараў ужо даўно вызначаныя. Старшыня ЦВК Ігар Карпенка ўзяў практыкі Лідзіі Ярмошынай і ўдасканаліў іх. «Наша Ніва» вылучыла сем этапаў таго, як адбываецца падрыхтоўка да фальсіфікацый і непасрэдна падман. 

1) Вызначэнне будучых пераможцаў

Першы этап бадай самы важны. На ім адбываецца зацвярджэнне будучых пераможцаў выбараў — як парламенцкіх, так і мясцовых. Усё наступнае — проста працэдура па юрыдычным суправаджэнні гэтага рашэння.

Былыя дэпутаты падрабязна расказвалі «Нашай Ніве» пра тое, як узгадняліся іх кандыдатуры. Гэты працэс пачынаецца мінімум за год да выбараў. Яшчэ калі толькі адбываецца рэгістрацыя ініцыятыўных груп па зборы подпісаў, дакладна вырашана, хто пераможа, а хто складзе канкурэнцыю, але прайграе.

Чытайце таксама:

Галасуй не галасуй. Споведзь былых дэпутатаў пра тое, як Лукашэнка прызначаў іх у парламент

«Мне здавалася, што так робяць усе». Дэпутатка Мінгарсавета шчыра расказвае пра тое, як яна апынулася на пасадзе

З «пераможцам» на прэзідэнцкіх выбарах усё яшчэ больш зразумела, тут абмяркоўваць увогуле няма чаго.

2) Складанне тэрытарыяльных і выбарчых камісій

Агулам на гэтых выбарах створана каля 5500 участкаў. У кожнай з камісій можа быць ад 5 да 19 чалавек. Гэта значыць, што непасрэдна ў фальсіфікацыях прымаюць удзел мінімум 27500 чалавек, а насамрэч значна больш.

Прапускаць «чужога» чалавека ў камісію не хочацца, але нават калі ён патрапіць, нічога страшнага ў гэтым няма. У выпадку сумленнага падліку вынікі будуць скарэктаваныя на раённым узроўні.

Тым не менш камісіі стараюцца набіраць з калег, якім трэба будзе працаваць і пасля сканчэння выбараў — з работнікаў школы ці іншай дзяржаўнай установы. Псіхалагічна складаней выступіць супраць «свайго» калектыву, чым супраць незнаёмых людзей.

Сістэма дала збой у 2020-м, калі сотні членаў выбарчых камісій пад ціскам грамадства (а ў некаторых выпадках пад ціскам сумлення) адмовіліся выконваць злачынны загад і зафіксавалі перамогу Святланы Ціханоўскай. Праца над памылкамі была зробленая — ненадзейных людзей памянялі, а спісы членаў выбарчых камісій больш не публікуюць у адкрытым доступе.

Чытайце: Як галасавалі за Ціханоўскую. Несфальсіфікаваныя пратаколы прэзідэнцкіх выбараў

3) Допуск кандыдатаў

Будучыя пераможцы і іх спарынг-партнёры вызначаюцца задоўга да выбараў, але што рабіць з тымі, хто вырашыў балатавацца па ўласнай ініцыятыве, сабраўшы подпісы ў сваю падтрымку? У кампаніі-2024 было прынята прынцыповае рашэнне — не рэгістраваць лішніх людзей. Паколькі апазіцыйных прэтэндэнтаў і так не было, удар быў нанесены па амбіцыях прарасійскіх актывістаў. Ніводнага з іх не зарэгістравалі.

Чытайце таксама:

Галоўны адэпт рускага міра і СССР праляцеў міма парламенцкіх выбараў

У Бабруйску не зарэгістравалі «лішняга» кандыдата ў парламент — не дапамагло нават тое, што ён з сілавікоў

Работнік Следчага камітэта пайшоў у дэпутаты не ад праўладнага спіса. І нават не дайшоў да выбараў

Арганізатар аўтапрабегаў за Лукашэнку пайшоў на выбары без дазволу зверху. Яго нават не зарэгістравалі

Апроч таго, свайго кандыдата на мясцовыя і парламенцкія выбары можа вылучаць любая зарэгістраваная партыя. Раней, калі апазіцыйныя партыі мелі легальны статус, колькасць кандыдатаў была фактычна неабмежаванай. Цяпер, ва ўмовах абсалютнай стэрыльнасці, засталіся толькі чатыры дэкаратыўныя партыі. Іх прадстаўнікоў пераважна рэгістравалі — як даносчыцу-камуністку Вольгу Бондараву, — але шанцаў на перамогу гэтыя няўзгодненыя персанажы не маюць. Іх чакае апошняе месца. 

Ідэальная акруга — 2024 на парламенцкіх выбарах уключае ў сябе двух ці трох кандыдатаў, у абласны савет — двух кандыдатаў, у мясцовыя саветы дастаткова і аднаго.

4) Датэрміновае галасаванне

Калі сістэма фальсіфікацый толькі фарміравалася і ўмацоўвалася, датэрміноваму галасаванню надавалася важная роля. Укінутыя ўначы бюлетэні дазвалялі накруціць яўку да патрэбнага ўзроўню, бо на мясцовых і парламенцкіх выбарах трэба было прадэманстраваць, што прагаласавала 50,01% выбарцаў. Цяпер абмежаванне знятае, выбары адбудуцца, нават калі на ўчасткі прыйшоў адзін чалавек.

Апроч таго, датэрміновае галасаванне дазваляла сфарміраваць для шараговых членаў камісій імітацыю справядлівага падліку. Прынамсі яны маглі апраўдваць сябе тым, што насамрэч пералічвалі сотні бюлетэняў з птушкамі ў падтрымку Лукашэнкі. Не задумваючыся, адкуль узяліся гэтыя стосы бюлетэняў, калі яўка насамрэч была мінімальная.

Цяпер датэрміновае галасаванне — абсалютна другасны этап. Яго можна было б адмяняць — і не памянялася б нічога. У яго застаецца толькі псіхалагічная функцыя. Датэрміновае галасаванне прывучае да бездапаможнасці — калі яшчэ да дня асноўнага галасавання дэманструецца, што прагаласавалі больш за 50%, то чаго можна яшчэ чакаць?

4а) Наступным этапам фальсіфікацый можна было б назваць змаганне з незалежнымі назіральнікамі, але ў цяперашніх умовах дыктатуры такой з’явы проста не засталося. Пільнаваць фальсіфікатараў не будзе ніхто.

5) Падлік бюлетэняў

Як ні жахліва гучыць, але і гэты этап у беларускіх рэаліях цяпер губляе сэнс.

Пакуль тэхнічна гэта выглядае так — кожны член камісіі атрымлівае свой стос бюлетэняў, у цішыні падлічвае яго і ў цішыні перадае свае лічбы старшыні камісіі. У выніку агульную карціну бачыць толькі старшыня камісіі (можа, яшчэ і сакратар). Старшыня запаўняе выніковы пратакол з тымі лічбамі, якія палічыў патрэбным запісаць. Астатнія падпісваюць яго з адваротнага боку, часцяком нават не паглядзеўшы на першую старонку.

Якія лічбы запісвае старшыня камісіі? Тыя, што яму загадалі зверху. Пакуль не было выпадкаў, каб хтосьці са старшыняў выехаў за мяжу і падрабязна апісаў гэты механізм. Спускаюць канкрэтныя лічбы за кожнага кандыдата? Ці даюць толькі арыенціры? Ці кажуць, колькі патрэбна пісаць у радкі «супраць усіх» і сапсаваных бюлетэняў?

Важны момант: у выніковым пратаколе няма ўвогуле ніводнай сапраўднай лічбы. Яны УСЕ напісаныя з галавы. Бо калі пачаць лічыць рэальна, то на звычайным участку ў Мінску атрымаецца яўка 20-30%, калі не менш. І ўсе астатнія лічбы таксама пачнуць скакаць — атрымаецца, што за пераможцу прагаласавалі 15% ад агульнай колькасці выбарцаў. Такі пратакол проста не прымуць у раённай камісіі, бо ён занадта выбіваецца з шэрагу астатніх і дыскрэдытуе самі выбары.

6) Карэкціроўка вынікаў на раённым узроўні

Тэарэтычна можна дапусціць, што на нейкім участку члены камісіі ўсё ж падлічаць галасы адносна сумленна. Старшыня перадасць пратакол у раённую камісіію — і ніколі не даведаецца, што з гэтам аркушам адбылося пасля. На месцы яго могуць проста перапісаць, і пракантраляваць гэта немагчыма.

Нагадаем, што ў 2020 годзе сума галасоў за Святлану Ціханоўскую на тых нямногіх участках у Мінску, дзе вывесілі хаця б якія пратаколы, перавышала лічбу галасоў, якую ЦВК залічыў Ціханоўскай у сталіцы. Гэта значыць, што частка пратаколаў была падмененая.

Калі ва ўчастковую камісію яшчэ можа патрапіць непадкантрольны чалавек, то на раённым узроўні гэта немагчыма. Нават у 2020 годзе не было ніводнага выпадку зліву інфармацыі адтуль.

7) Канчатковае звядзенне вынікаў і іх публікацыя

Праз некалькі дзён пасля выбараў Цэнтрвыбаркам публікуе канчатковыя вынікі. Звесткі па канкрэтных участках невядомыя, ёсць толькі агульны паказчык па акругах. Гэта ўскладняе пошук канкрэтных фальсіфікацый на нізавым узроўні, але аматары электаральнай статыстыкі штораз знаходзяць відавочныя правалы арганізатараў выбараў.

Выдумванне лічбаў — чалавечы фактар, і ад збояў не застрахаваны ніхто. Такія выпадкі дазваляюць чарговы раз пацвердзіць усеагульнасць фальсіфікацый.

Часам арганізатары забываюцца дамовіцца пра сапсаваныя бюлетэні, бо гэты радок адсутнічае ў выніковых табліцах. У выніку на адной акрузе дэкларуюць, што не быў сапсаваны ўвогуле ніводзін бюлетэнь. А на суседняй акрузе робяць іначай, і ў іх вылазяць 200-300 сапсаваных. Відавочна, што так не можа быць.

Часам на нейкай акрузе выніковыя лічбы выглядаюць больш-менш рэалістычнымі. Але калі даследчык глядзіць на іх без акруглення, атрымліваецца, што ўсе яны выглядаюць ненатуральна — напрыклад, 55,000%, 25,000%.

***

Няма ніякіх прыкмет таго, што парламенцкія выбары-2024 адбудуцца па іншай схеме, чым абмалявана вышэй. Але варта нагадаць, што,

паводле Крымінальнага кодэкса, заведама няправільны падлік галасоў ці іншае скажэнне вынікаў галасавання (артыкул 192) пагражае фальсіфікатарам тэрмінам да 5 гадоў зняволення.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
22
Панылы сорам
1
Ха-ха
9
Ого
4
Сумна
8
Абуральна
45
0
театр/адказаць/
20.02.2024
В округах по 2-3 кандидата, и все из одной партии «Белая Русь». https://d-zholik.livejournal.com/112479.html
0
зачем ?/адказаць/
20.02.2024
НН, зачем называете выборами процедуру, которая ими не является с 1996 года ? С помощью этой процедуры, скотный двор, внутри скотного двора, решает вопросы легитимизации захваченной власти.
20.02.2024
Сарцір, адное што прыбіральшчык туалетаў - нармальная і карысная для грамадства прафесія  
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031