Знайсці
03.10.2023 / 15:5673РусŁacБел

Красуліна распавяла новыя дэталі пра дні перад выбарамі-2020 і пра тое, што было з Ціханоўскай у кабінеце Ярмошынай

Прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна ў размове з «Радыё Свабода» згадала пра нюансы аб'яднання штабоў на выбарах у 2020 годзе, ноч 8 жніўня і паход Ціханоўскай у ЦВК.

Святлана Ціханоўская напярэдадні выбараў у 2020-м. Фота: «Наша Ніва»

Пачатак працы абʼяднанага штаба. «Бабарыканцы да канца верылі, што іх зарэгіструюць»

Ганна згадвае, што далучэнне да каманды Святланы Ціханоўскай каманд Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы адбылося дзякуючы мэсэджу, з якім Ціханоўская ішла на выбары: «Як толькі я прыйду да перамогі, то правяду чэсныя выбары». Ён на той момант азначаў, што для рэалізацыі неабходна, каб усе магчымыя кандыдаты, усе палітзняволеныя выйшлі на свабоду. Для таго, каб у будучых выбарах маглі ўдзельнічаць Бабарыка, Ціханоўскі і іншыя.

«Калі б Ціханоўская гаварыла «Я правяду такія і такія рэформы, але я буду прэзідэнтам пяць гадоў», то ні ў якім выпадку ні каманда Бабарыкі, ні Цапкалы не мелі б ніякай матывацыі далучыцца», — адзначае Красуліна і згадвае пра настроі ў штабах розных каманд:

«Бабарыканцы да канца верылі, што іх зарэгіструюць. Хаця ім адразу сказалі, што гэтага не адбудзецца. Але яны працягвалі быць упэўненымі. Гаварылі: «Мы ўчора сустракаліся з Ярмошынай. Яна так хваліла нашы спісы». Ім здавалася, што можна прайсці паміж кроплямі дажджу. Яны гаварылі, калі ўсё рабіць па законе, то атрымаецца. І гэта нягледзячы на тое, што Віктара Дзмітрыевіча пасадзілі.

Ганна Красуліна. Скрыншот відэа radio-svaboda / YouTube

Мы ж, маючы справу з Лукашэнкам доўга і ўсурʼёз, цудоўна ведалі, што, як толькі ў яго на шляху зʼявяцца перашкоды і яму будзе нейкі закон перашкаджаць, ён яго ў той жа момант прыбярэ. Мы цудоўна ведалі, што ён можа абяцаць усё, што заўгодна, але заўсёды кіне. Менавіта АГП прынесла гэты досвед з сабой. А яны нядаўна прыйшлі, хто з бізнэсу, хто з няўрадавых арганізацый. Яны з гэтым ніколі не сутыкаліся. Яны верылі ў ідэалы».

Ганна адзначае, што ў бабарыканцаў былі добрыя рэсурсы:

«Гэта была вельмі добра арганізаваная каманда. Там было ўсё падрыхтавана. У іх былі тры разборныя сцэны з усёй апаратурай». 

Каманда Бабарыкі, па словах Красулінай, спрабавала захаваць за сабой ініцыятыву, але Ціханоўская не з усім пагаджалася:

«Святлана кажа: «Пачакайце. У мяне тут каманда. Няхай тры чалавекі, але мае. А па-другое, чаму я павінна чытаць вашу прамову, сустракацца з тымі, з кім вы скажаце? У мяне ёсць свае пра гэта ўяўленні». Яны адказваюць: «Слухайце. Усе рэсурсы ў нас». Мы адказваем: «У нас самы галоўны рэсурс, якога ў вас няма. У нас ёсць кандыдат».

«А мы Чэрачня возьмем», — быў аднойчы адказ, кажа Красуліна.

Падзеі 8 жніўня 2020 года і ноч перад выбарамі. «Не, не тая жанчына»

Ганна згадвае, што адбывалася напярэдадні дня выбараў:

«Калі 8 жніўня запрасілі ў Следчы камітэт Алега Маісеева, мы былі ў суседнім доме і падпісвалі дамовы з юрыстам на ўсялякі выпадак. Каб ён мог да нас прыйсці і прынесці перадачу. Алег сказаў, што збегае ў Следчы камітэт. Ну, збегаў. Дзверы зачыніліся.

Праз пару гадзін мы ідзём па вуліцы і вакол людзі пазнаюць Ціханоўскую, вітаюцца, фатаграфуюцца. Мы падʼязджаем да нашага офіса (а гэта быў «Маскоўска-Венскі» гандлёвы цэнтр) каля шасці гадзін вечара. Маша Мароз адышла пакурыць.

І тут мы бачым, што яе нейкія людзі саджаюць у нейкую маршрутку. А мы стаім і трасёмся. І бачым, як трасе тых, хто схапіў Машу. Не ведаю, што было б, каб мы не адышлі. Мы адышлі. Машу забралі. Мы паехалі да Святланы дахаты. Я, наш ахоўнік і кіроўца па сумяшчальніцтве ад «Краіны для жыцця» Саша Лексус. Я не ведаю іх імён. Усе пад нікамі.

Мы падʼехалі да дома. Яна паднялася да сябе. Мы сядзім у машыне і чакаем. Саша кажа, што яму зусім не падабаецца сітуацыя. Мы паехалі вакол яе дома. Ён кажа: «Глядзі. Вось там бусікі таніраваныя. Вунь там мужыкі стаяць». Я кажу: «Ну і што, што мужыкі». Ён: «Ну, па-першае, прычоскі. А па-другое, яны там ужо гадзіну стаяць. Мужыкі гадзіну не размаўляюць. Гэта жанчыны маглі б».

І я званю Святлане: «Святлана, давай, сыходзім». Яна: «Што такое? Нічога страшнага, я закрылася». Я кажу: «Ну і што. Гэта зусім не перашкода». «Не, я нікуды не пайду. Я разгублена. Я не буду. Нічога са мною не адбудзецца». Я кажу: «Светачка, я такое ўжо бачыла». (А я спрабавала некалькі разоў распавесці гісторыю. Мне казалі: «Ну што вы нагнятаеце. Навошта? Гэта было даўно і няпраўда. Гэта старая апазіцыя любіць нагнятаць»).

У выніку мы з цяжкасцю ўгаварылі Святлану. Гадзіны паўтары на тое сышло. Я пазваніла ў штаб Бабарыкі і дамовілася прывезці яе ў офіс. Там шмат людзей. Гэта адзіная наша абарона. Прыйдуць журналісты. Мы са Святланай зʼехалі. І хіба што яны не адразу зразумелі гэтага. Мы зʼехалі зусім у іншае месца. А праз 15 хвілін, калі вы памятаеце, Марыя Калеснікава паехала са сваім бусікам на Камсамольскую ў рэстаранчык, то іх тармазнулі, яе выцягнулі, а потым кажуць: «Не, не тая жанчына». І вярнулі праз 15 хвілін».

На самай справе, як распавядае Ганна, Святлану адвезлі ў прыватны дом.

«Гэты домік быў ці пад будаўнічую брыгаду нашага кіроўцы, ці яны яго рамантавалі і дом быў у іх распараджэнні. У доме было шмат пакояў. На вуліцы была альтанка, абвітая вінаградам. І мы цудоўна пасядзелі. І Святлана сказала, што яе хоць трохі адпусціла.

Рэальна яна была ў вельмі дрэнным стане. Таму што забралі Алега і Машу. Яна вельмі адчувае адказнасць за людзей. Таму лічыла, што яна ў гэтым вінавата, што яна іх у гэта ўцягнула. Мы спрабавалі запэўніць, што гэта выбар кожнага чалавека, які выходзіць на пратэсты, становіцца з кімсьці побач плячо да пляча. Віны яе ў гэтым няма».

Паход у ЦВК 10 жніўня. «Святлану прымушалі чытаць тэкст. Пару гадзін яна не пагаджалася, плакала»

Ноч пасля выбараў Святлана Ціханоўская правяла ў штабе Бабарыкі. На наступны дзень на прэс-канферэнцыі Ціханоўская была засмучаная тым, што зʼявілася інфармацыя пра гвалт на вуліцах.

Ганна засталася на працы, апрацоўваць запыты на інтэрвʼю, даносіць інфармацыю. А Ціханоўская і Вольга Кавалькова паехалі па нейкіх справах, звязаных з Сяргеем Ціханоўскім. Красуліна не можа дакладна згадаць, ці гэта была сустрэча з адвакатам, ці перадача пасылкі.

«Праз гадзіну-паўтары я бачу, як падрываецца Максім Знак і некуды бяжыць. Я спытала, куды ён. Максім адказаў, што ідзе ў ЦВК падаваць заяву. Я кажу: «Якая заява. Мы ж дамовіліся на сераду, калі збяром усіх людзей. І гэта наша, умоўна, рэвалюцыя, якая прызначана на момант, калі мы ідзём падаваць гэтую заяву».

Ён адказвае: «Яны ўжо там. Вольга са Святланай». Я кажу: «Дык у цябе ж заявы». А Максім адказвае: «Дык Вольга ўзяла ранкам другі экзэмпляр». І Максім са сваімі — Іванам, хіба што Антонам, Марыяй — пабеглі туды. А Максім, як мы памятаем, адвакат Святланы. У іх падпісана дамова. І яны зʼехалі.

Праз дзве гадзіны тэлефануе нам яшчэ адзін ахоўнік-кіроўца і паведамляе, што Святлана з Максімам зайшлі ў ЦВК і ўжо гадзіну, як не выходзяць. Потым зноў тэлефануе і кажа, што прайшло дзве гадзіны і яны не выходзяць.

Я званю Івану [Краўцову] з каманды Бабарыкі. А ён: «Ну што такога? Ну што вы зноў мітусіцеся? Ну гэта ж нармальна. Людзі гутараць». Я адказваю: «Не, Іван, так не гутараць. На гутарку людзі дамаўляюцца, у якім складзе, па якой тэме. Людзі прыходзяць добраахвотна. А гэта не яно». «Ну што вы пачынаеце». А я разумею, што ўсё не вельмі добра.

І калі мне тэлефануе пасол Японіі з нейкай прычыны (хіба што была прызначана сустрэча), я кажу: «Катастрофа. Яе няма». Тут ужо прыехаў мой муж. На офісе Бабарыкі ўжо сабралася наша каманда.

Тэлефануе супрацоўніца літоўскага пасольства. Я ёй кажу: «Усё, катастрофа. Яны ў ЦВК. І іх дзве гадзіны не выпускаюць». Яна спытала, ці збіраць усіх паслоў. Я не ведаю, збіраць ці не. Яны селі і паехалі. Яна кажа, што прастора вакол ЦВК агароджана. Нідзе нікога не відаць. Такім чынам, літоўскае пасольства было ў курсе, што нешта адбываецца.

Далей для мяне сітуацыя выглядае так. Зʼяўляецца Максім Знак з камандай — Іван, Антон [Раднянкоў], Марыя Калеснікава — і з імі Вольга Кавалькова».

Па словах Ганны, яна паспрабавала даведацца, што адбылося. Але Максім Знак не хацеў распавядаць. Красуліна выказала здагадку, што на дзяржаўных каналах можа зʼявіцца відэа, на якім Святлана выступіць з тым, што ад яе запатрабуюць сказаць».

Тады штабы выдалі паведамленне пра тое, што Святлана выкрадзена.

Красуліна адзначае, што яна нічога не ведае пра тое, што адбылося ў ЦВК, бо Ціханоўская спачатку была зусім не ў стане нешта гаварыць, а тым больш па гэтай тэме. Таму ў яе пра гэта не пыталі, каб яна не вярнулася ў драматычны стан.

Пазней выйшла відэа з Ціханоўскай, запісанае ў кабініце Лідзіі Ярмошынай. 

«Я ведаю некаторыя абрыўкі. У тым ліку, што Святлану прымушалі чытаць тэкст. Пару гадзін яна не пагаджалася, плакала. Яны не паспелі да вячэрніх навін. Гэта першае. Другое. Яна агучыла не ўсё. У яе атрымалася нейкі сказ выкінуць. Яна змагалася.

Яны былі ўпэўненыя, што поўнасцю яе разграмілі. Яна зацягнула час. Яны вырашылі: «Нічога страшнага. Заўтра апублікуем». Але заўтра для іх не спрацавала. Людзі не паверылі».

Чытайце яшчэ:

Якім быў апошні дзень перад выбарамі? Вядомыя беларусы згадваюць 8 жніўня 

Што члены штаба Бабарыкі шукалі ў Маскве

Два гады таму Марыю Калеснікаву і Максіма Знака асудзілі на гіганцкія тэрміны. Ужо некалькі месяцаў пра іх няма ніякіх звестак

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
58
Панылы сорам
9
Ха-ха
18
Ого
27
Сумна
47
Абуральна
97
1
Вілыshop/адказаць/
05.10.2023
Арні, сам хоць за словы свае адкажы, вызваліцель ты наш.
1
Арні/адказаць/
05.10.2023
мерваванне, агалдзелыя невераятныя яшчэ горш чым замшэлыя лукашысты!
05.10.2023
Вілыshop, вельмі верагодна, што каб не ціханоўская то і вайны не было бо менавіта яна дапамагла ўцягнуць нас у гэтую пуцінскую "гульню". Лукашэнка хацеў і далей працягваць гуляць у мнагавектарнасць і зарабляць на гэтым і гэтая недастаткова верная пазіцыя была зусім недаспадобы маскве і каб не 2020 то Беларусь не трапіла бы ў адназначную залежнасць ад масквы. Гэта відавочна ўсім акрамя невераятных.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031