Знайсці
29.07.2023 / 23:049РусŁacБел

Сціплы фітнэс-бранзалет Церцеля і раскошныя гадзіннікі Баскава. Колькі каштуюць любімыя аксесуары чыноўнікаў

Разгледзелі гадзіннікі чыноўнікаў і падлічылі, колькі сярэдніх заробкаў давядзецца аддаць звычайнаму беларусу, каб купіць такія ж. На некаторыя з пазіцый прыйшлося б зарабляць амаль два гады, але ёсць і сціплыя дзяржслужбоўцы.

Андрэй Савіных і гадзіннік ад Franck Muller

У розны час Андрэй Савіных займаў пасады сакратара пры амбасадзе ў Нідэрландах, намесніка пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе, быў паслом Беларусі ў Турцыі і Іраку, а цяпер працуе ў айчынным парламенце. Савіных добра адукаваны: скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, а пазней атрымаў дыплом Брытанскага інстытута сертыфікаваных менеджараў у сферы фінансавага менеджменту і аналізу, таксама ён валодае дзвюма мовамі: англійскай і французскай.

Андрэй Савіных сочыць за пасадкай касцюмаў і разбаўляе кансерватыўныя вобразы рознакаляровымі гальштукамі.

Фота: інстаграм Андрэя Савіных

Палітык актыўна вядзе старонкі ў сацыяльных сетках. На адной з фатаграфій мы i заўважылі люксавы гадзіннік мадэлі Cintrée Curvex Classic з 18-каратнага золата ад швейцарскага брэнда FRANCK MULLER.

Фота: сайт chrono24.com 

Сёння такі каштуе 9450 еўра. Улічваючы сярэдні заробак у «моцнай і квітнеючай» — 1657 рублёў «чыстымі», — каб набыць такі аксесуар, звычайнаму беларусу спатрэбілася б адкладаць усе свае грошы цягам паўтара года.

Фота: сайт chrono24.com 

Дзмітрый Баскаў і калекцыя швейцарскіх гадзіннікаў

Імя былога гендырэктара хакейнага клуба «Дынама» часта згадвалася ў прэсе ў 2020 годзе — пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Мяркуецца, што падчас канфлікту, які прывёў да трагедыі, чыноўнік знаходзіўся на «Плошчы перамен», што было выяўлена па білінгу яго тэлефона.

Фота: hcdinamo.by

Баскава — цяпер сенатара — смела можна назваць самым вядомым метрасэксуалам у чыноўніцкай браціі Лукашэнкі. Палітык і бізнэсмен карэктуе форму броваў, сочыць за загарам і надае вялікую ўвагу свайму гардэробу. Ён носіць брэндавы абутак: напрыклад, макасіны знакамiтага італьянскага брэнда Louis Vuitton коштам 805 еўра.

Фота: інстаграм Андрэя Міхалёва/ сайт брэнда

Калекцыя гадзiннiкаў палітыка таксама здзіўляе. У ёй сустракаецца мадэль Skeleton Chronograph з жоўтага золата ад элітнага швейцарскага брэнда ChronoSwiss Opus.

Фота: Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь

Кошт гэтага гадзінніка залежыць ад года выпуску і вар'іруецца ад 7 да 14,7 тысячы еўра. Калі беларус з сярэднім заробкам вырашыў бы набыць сабе такі, яму спатрэбілася б збіраць ад 14 месяцаў да 2,5 года.

Фота: сайт брэнда

Яшчэ адзін швейцарскі гадзіннік Дзмітрыя Баскава належыць брэнду Ulysse Nardin.

Фота: Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь

Мадэль Diver Chronograph — верны кампаньён яхтсменаў і аматараў дайвінгу — са скураной папружкай сёння будзе каштаваць 11,5 тысячы еўра, або 23 сярэднія заробкі.

Фота: сайт брэнда

Раман Галоўчанка і Huawei Watch 2 Classic

Прэм'ер-міністр Беларусі намагаецца не выдзяляцца з акружэння і імкнецца выглядаць як мага прасцей. Ён любіць шэрыя касцюмы, паласатыя кашулі і няяркія гальштукі.

Фота: belta.by

Што да аксесуараў, то на некаторых мерапрыемствах Раман Галоўчанка з'яўляецца з простым для палітыка такога ўзроўню смарт-гадзіннікам Huawei Watch 2 Classic коштам каля 360 фунтаў (гэта 465 даляраў).

Фота: сайт брэнда

Андрэй Хмель і Huawei Watch 2 Classic

Такую ​​ж мадэль, як у Галоўчанкі, мы заўважылі і ў новага мэра Гродна (былога міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі) Андрэя Хмеля — ён таксама намагаецца не адставаць ад тэхнічнага прагрэсу i аддае перавагу кітайскаму гаджэту.

Фота: smartpress.by

Іван Церцель і фітнэс-бранзалет Xiaomi

Кіраўнік КДБ Іван Церцель аддае перавагу фітнэс-бранзалету брэнда Xiaomi.

Фота: сайт Лукашэнкі

Каштуюць такія амаль 50 еўра — і гэта самы бюджэтны аксесуар у нашай падборцы. Купіць такі можа любы беларус з сярэднім прыбыткам.

Фота: сайт брэнда

Юрый Караеў і «Луч»

Тры гады таму Юрый Караеў змяніў міліцэйскую форму на цывільную. У сваім новым жыцці экс-міністр унутраных спраў і цяперашнi інспектар па Гродзенскай вобласці носіць чорныя і цёмна-шэрыя касцюмы. Змрочныя вобразы палітык разбаўляе чырвонымі гальштукамі — менавіта ў іх ён з'яўляецца часцей за ўсё.

Фота: belta.by

У адрозненне ад калег, у выбары аксесуараў Юрый Караеў аддае перавагу айчынным брэндам. Так на руцэ чыноўніка бачны гадзіннiк мінскага завода «Луч» з лімітаванай калекцыі, прысвечанай 75-годдзю Перамогі. У гэтай лінейцы тры мадэлі — кожнай выпушчана ўсяго па 200 экзэмпляраў.

Фота: region.grodno.by

Дызайн гэтага гадзінніка звязаны з гістарычнай тэхнікай ваенных гадоў: танкам T-34, грузавіком Studebaker US6 і знішчальнікам Supermarine Spitfire. Папружкі для яго ўручную выраблялі беларускiя рамеснікі, а на заднім вечку з нержавейкі можна разгледзець персанальны парадкавы нумар.

Фота: сайт брэнда

Каштуе такi гадзіннік 107 еўра, альбо чвэрць ад сярэдняга заробка — цалкам пад'ёмная сума для простага грамадзяніна.

Ігар Брыло i Samsung Galaxy Watch Active 2

Былы міністр сельскай гаспадаркі і цяперашні памагаты Лукашэнкi па Віцебскай вобласці Ігар Брыло імкнецца выглядаць крэатыўна, але, відавочна, перабірае з акцэнтнымі дэталямі. Самая частая памылка чыноўніка — мiкс двух відаў палоскі, якія не спалучаюцца паміж сабой.

Фота: vitbichi.by

Палітык дапаўняе свае смелыя лукі сціплым смарт-гадзіннікам Samsung Galaxy Watch Active 2. Актуальны кошт такога 284 даляры, або ўсяго толькі палова сярэдняга заробку.

Фота: amazon.com

Юрый Шулейка i «Аднастрэлачнік»

Губернатар Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка любіць прынтаваныя гальштукі. У яго калекцыі можна сустрэць аксесуары ў індыйскія «агуркі», далікатны гарошак і ромбік.

Фота: belta.by

Але ж у выбары гадзінніка палітык больш стрыманы: у ліку нямногіх, Шулейка носіць гадзіннік мінскага завода «Луч». На яго руцэ можна заўважыць унісэкс-мадэль з калекцыі «Аднастрэлачнік» коштам 122 еўра. Беларус з сярэднім заробкам заробіць на такі гадзіннік за некалькі тыдняў.

Фота: сайт брэнда

Даведацца, колькі каштуюць аксесуары чыноўніц і фаварытак Лукашэнкі, можна ў яшчэ адным нашым матэрыяле.

Чытайце таксама:

«Шанэль» і Apple Watch за $17 000. Што носяць беларускія чыноўніцы ВІДЭА

Што ў гардэробе Святланы Ціханоўскай і колькі каштуе

Кашулі на гумцы і штаны на выраст. Новы дрэс-код Лукашэнкі можа нас многаму навучыць

Кацярына Гардзеева

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
даведка/адказаць/
30.07.2023
Савиных легко мог позволить себе часы за одну свою зарплату постпреда при отделении ООН в Женеве.
0
даведка/адказаць/
30.07.2023
Караев предпочитает краповые галстуки под цвет берета и красные под цвет лампас и петлиц внутренних войск. ))
30.07.2023
Какой же хитрый этот Басков.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031