Знайсці
05.07.2023 / 12:4118РусŁacБел

Асабісты кіроўца — кадэбіст, у сябрах — памочнік Лукашэнкі. Хто такая матушка Гаўрыіла з Гродна

Нарадзілася ў Расіі, часта ездзіць у Еўрасаюз. Кіроўцам у яе працаваў супрацоўнік КДБ. «Радыё Свабода» расказвае, чым вядомая матушка Гаўрыіла, ігумення жаночага манастыра ў Гродне.

Архіепіскап Арцемій, ігумення Гаўрыіла, Аляксандр Лукашэнка. Калаж

«У гэтым аддзеле працавалі людзі, якія супрацоўнічалі з КДБ»

Свецкае імя ігуменні Гаўрыілы — Марыя Мікалаеўна Глухава. Ёй 65 гадоў. Нарадзілася 12 чэрвеня 1958 году ў расійскім Саратаве, аднак з дзяцінства жыла ў Беларусі. Бацькі разышліся на глебе рэлігіі. Маці Галіна Клышэвіч разам з дачкой вярнулася на Гарадзеншчыну. Жылі ў Жыровічах. Там Марыя хадзіла ў школу, была старастай класа. Маці працавала пры манастыры, пад канец жыцця прыняла пострыг з імем Георгія. Памерла ў 2013 годзе.

«Яна была легендай Жыровіцкага манастыра, святога жыцця чалавек», — ананімна расказала пра манашку Георгію «Свабодзе» абазнаная крыніца.

Пасля школы Марыя Глухава адвучылася ў медыцынскім тэхнікуме ў Ленінградзе. Працавала там жа ў шпіталі. Потым паступіла паслушніцай у манастыр у Рызе. Неўзабаве мітрапаліт Філарэт забраў яе ў Маскву ў аддзел замежнацаркоўных сувязяў.

«У гэтым аддзеле працавалі людзі, якія супрацоўнічалі з КДБ», — адзначае крыніца «Свабоды».

На два гады Глухава пераехала ў Іерусалім, дзе выконвала абавязкі ігуменні манастыра Рускай духоўнай місіі. Калі манашцы было 33 гады, яе прызначылі ігуменняй жаночага манастыра ў Гродне. Яна кіруе ім ужо больш за 30 гадоў.

Манастыр наведваў Лукашэнка

Ігумення расказвала СТБ, наколькі ёй не спадабалася Гродна, калі яна прыехала туды ў 1992 годзе.

«Я калі прыехала сюды на гэтыя некалькі гадзін пасля Іерусаліма, пасля Масквы, там гэтыя пазалочаныя купалы, а тут гэты сакавік, абшарпаныя сцены, дзесьці дамы нейкія, гразь на вуліцах, гэтыя касцёлы. Шмат было недагледжанага, непрыбранага, толькі пачыналіся 1990-я. Я думаю: «Нават калі ўладыка мне прапануе, ні за што ў Гродна не застануся», — казала манашка.

У 1995 годзе гродзенскі манастыр наведаў маскоўскі патрыярх Аляксей ІІ. Тады ён надаў Гаўрыіле сан ігуменні. У 1998 годзе ў манастыр прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. Ён пакінуў у кнізе ганаровых гасцей запіс: «Захапляюся вашай мужнасцю і адданасцю вялікім каштоўнасцям чалавецтва». Храм манастыра распісалі да 2000 года дзякуючы падтрымцы Лукашэнкі і Аляксея ІІ.

Цяпер, паводле сайта манастыра, там жывуць 14 манашак. Аднак крыніца «Свабоды» перакананая, што колькасць значна меншая («Добра, калі чатыры манашкі ёсць»). Прычыну суразмоўца «Свабоды» бачыць у тым, што ігумення можа быць вельмі рэзкай з людзьмі, «да яе ў манастыр ніхто не хоча ісці».

На сайце манастыра таксама гаворыцца, што пры ім дзейнічае нядзельная школа. Крыніца «Свабоды» адзначыла, што ігумення мае дамоўленасць са школамі горада, якія пры неабходнасці дапамагаюць стварыць масавасць і скіроўваюць у манастыр дзяцей.

Сама матушка Гаўрыіла прапісаная ў манастыры і жыве ў адным з ягоных будынкаў. Гэта не проста келля, а цэлы дамок з мансардай, які яна займае адна і дзе прымае гасцей.

«Ігуменскі домік увесь у мяшчанскім стылі: паўсюль фальбонкі, упрыгажэнні, дробязі. Залатых унітазаў, вядома, няма, але яна жыве багата», — расказаў суразмоўца «Свабоды».

Супрацоўнік КДБ быў асабістым кіроўцам

Матушка Гаўрыіла часта ездзіла за мяжу, як расказалі «Свабодзе» «Кіберпартызаны». З 2008-га па 2019 год Глухава выязджала ў Польшчу і Літву больш за 160 разоў, гэта ў сярэднім часцей, чым раз на месяц. Ездзіла звычайна на 1-3 дні як пасажыр.

Кіроўцам некалькі гадоў у яе быў, паводле тых жа «Кіберпартызанаў», супрацоўнік КДБ Аляксандр Сыраватка. Часта яна адпраўлялася ў замежныя паездкі на аўтамабілі Сяргея Раўнейкі, былога памочніка Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці. У 2018 годзе яго затрымаў КДБ. Раўнейку асудзілі на 12 гадоў калоніі нібыта за хабар у 200 тысяч даляраў. Часам ігумення падарожнічала таксама з протадыяканамі Мінскай духоўнай семінарыі Валянцінам Палонскім і Раманам Сабілам.

Да таго ж, паводле інфармацыі «Кіберпартызанаў», з 2012-га па 2018 год матушка Гаўрыіла больш за 10 разоў лятала ў Вену, Рым, Грэцыю.

Як расказаў суразмоўца «Свабоды», падчас працы ў Маскве Глухава наладзіла сувязі з замежнымі хрысціянскімі арганізацыямі. Паводле ягонай інфармацыі, у Італіі яна наведвала асацыяцыю ігуменняў манастыроў. Падчас паездак у Мінск Гаўрыіла заўжды спынялася ў гатэлі «Гарні» ў цэнтры.

«З адміністрацыйных спагнанняў у яе толькі штрафы за перавышэнне хуткасці», — паведамілі «Свабодзе» «Кіберпартызаны» пра дачыненні Глухавай з законам.

Канфлікт з уладыкам Арцеміем

Канфлікт ігуменні з гродзенскім епіскапам існаваў заўсёды, як расказала крыніца «Свабоды».

«Яна яму многа нерваў з'ела. Яны антыподы, гэта два абсалютна розныя праваслаўі, два полюсы. Уладыку Арцемію не падабалася «шаманства», якое яна ладзіла: святынькі, святая зямелька, рэлігійныя фетышы, нагнятанне рэлігійнага ажыятажу, спекуляцыя на рэлігійных тэмах. Уладыка заўсёды выступаў за здаровае, асэнсаванае хрысціянства», — кажа суразмоўца.

Першапачаткова ігумення Гаўрыіла мелася падпарадкоўвацца архіепіскапу Арцемію, аднак яна ігнаравала ягоныя рэкамендацыі.

«Што хоча, тое і робіць. Наадварот, стараецца насаліць епіскапу, выступіць насуперак яму з, прабачце, бабскай нахабнасцю. Гэта ўсё страшна раздражняла епіскапа», — успамінае крыніца «Свабоды».

Праз гэты канфлікт з 2002 года гродзенскі жаночы манастыр перастаў падпарадкоўвацца мясцоваму епіскапу і перайшоў у непасрэднае падпарадкаванне кіраўніку БПЦ.

У 2020 годзе, пасля таго як уладыка Арцемій асудзіў гвалт сілавікоў, пачалася кампанія па зборы подпісаў, каб зняць епіскапа з пасады. У ініцыятыве падазравалі ігуменню Гаўрыілу.

Марозіва «Пушок» і акрапленне святой вадой

Матушка Гаўрыіла вядомая нетыповымі для манашкі рэчамі.

У Горадні выпускалі марозіва «Пушок» у гонар ейнага белага ката. На абгортцы была выява Пушка і напісана, што прадукт выпускаюць з «добраслаўлення Філарэта».

«Ёй уласцівае самадурства. Асвячэнне святой вадой робіць звычайна святар. Ігумення ж можа сама на свята ўзяць крапіла і папырскаць вадой людзей, і нават біць іх па твары», — кажа пра свавольства манашкі суразмоўца «Свабоды».

Гаўрыіла, са словаў крыніцы журналістаў, блізка камунікуе з намеснікам Жыровіцкага манастыра епіскапам Гурыем, той часта бывае ў жаночым манастыры.

«Там няма ніякіх амурных справаў. Але яна ўмешваецца ў справы Гурыя, маніпулюе ім, уплывае на тое, якое рашэнне прыняць у дачыненні таго ці іншага святара», — кажа суразмоўца.

Дапамагла святару атрымаць кватэру ад дзяржавы

Пра ўплыў матушкі Гаўрыілы на чыноўнікаў можа сведчыць гісторыя, якая адбылася ў 2012 годзе. Тады святар Аляксандр Грыб на час службы ў гродзенскім жаночым манастыры атрымаў кватэру па паперы з подпісам прэм’ер-міністра Мясніковіча. Пра гэта пісала «Еўрарадыё».

«Ён дзякуючы ёй атрымаў жылле. Не сам ён атрымаў, а хай моліцца за яе, яна паклапацілася. Яна ўваходзіць у дзяржаўныя структуры, бо яна ў нас адна такая. Тым больш манастыр праводзіць вялікую працу, многія там прытулак знаходзяць, а ўмей узяць, умей і аддаць», — такі каментар далі журналістам у аддзеле рэлігіі і нацыянальнасцяў Гродзенскага аблвыканкама.

Тарты для міліцыянтаў і крыж для ўцекачоў

Ігумення аддана падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Гэта стала відавочна ў 2020 годзе. На жаночым форуме «За Беларусь» у верасні 2020-га яна рэзка раскрытыкавала пратэсты. Назвала пратэстоўцаў «натоўпам вар’ятаў» і «сектантамі». Потым яна выбачалася за гэта. Вядомае фота, на якім ігумення дорыць гродзенскім міліцыянтам тарты ў лістападзе 2020 года.

Ігумення жаночага манастыра ў Гродне Гаўрыіла пачаставала сілавікоў тортамі.10 лістапада 2020 года

Падчас мігранцкага крызісу, які штучна стварыў рэжым Лукашэнкі ў 2021 годзе, ігумення Гаўрыіла наведвала лагістычны цэнтр у Брузгах, дзе размясцілі ўцекачоў. Яна рабіла знак крыжа над дзецьмі курдаў, нягледзячы на тое, што многія з іх мусульмане.

«Яна на любыя глупствы гатовая, каб паказаць сваю прыхільнасць Лукашэнку», — кажа суразмоўца.

На ягоную думку, ігумення хутчэй і выразней за многіх даказала, што яна на баку рэжыму.

Ігумення жаночага манастыра ў Гродне Гаўрыіла пачаставала сілавікоў тортамі. 10 лістапада 2020 года

Матушка Гаўрыіла мае шмат узнагародаў ад царквы і дзяржавы. Сярод іх ордэн Францішка Скарыны, прэмія Лукашэнкі «За духоўнае адраджэнне», званне «Жанчына года», ордэн БПЦ Еўфрасінні Полацкай. Нядаўна Марыю Глухаву ўнеслі ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці.

Чытайце таксама:

Патрыярх Кірыл павіншаваў беларусаў. У віншаванні няма слова пра незалежнасць Беларусі

СМІ: Швейцарскія спецслужбы яшчэ ў 1970-я ідэнтыфікавалі будучага патрыярха Кірыла як агента КДБ 

Святар Георгій Рой — пра даносы на яго, малітвы за Расію, якія дасылалі зверху, надзеі на Сусветны патрыярхат і страх прывыкнуць да несвабоды

Святар Кухта ў «Жыцці-маліне» расказаў пра асаблівасці мітрапаліта Веніяміна, кантраст двух патрыярхаў і сваю працу ў ІТ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
31
Ха-ха
10
Ого
10
Сумна
11
Абуральна
75
3
гоблен/адказаць/
05.07.2023
православие правильно славит! Что в Белоруссии, что в России Религия мира, чё Вон, какие торты силовикам
0
хвізіянаміст/адказаць/
05.07.2023
беснаватая цётка, на твары напісана
0
Победобесие/адказаць/
06.07.2023
Политическая матушка? Это так по православному....ну-ну
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031