Знайсці
30.12.2023 / 17:4321РусŁacБел

Як збіраліся ліквідаваць савецкую Беларусь. План, які памёр разам з яго ініцыятарам

Ад моманту свайго стварэння і амаль да самага развалу СССР савецкая Беларусь сутыкалася з пагрозамі свайму існаванню не толькі з боку знешніх ворагаў, але і з боку саюзнага кіраўніцтва. 

Па-першае, варта адзначыць, што стварэнне савецкай Беларусі ўвогуле стала ўспрымацца неабходным толькі ў піку абвяшчэнню Беларускай Народнай Рэспублікі. Але ва ўмовах набліжэння «сусветнай рэвалюцыі» прышлыя кіраўнікі Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) і Заходняй вобласці, як армянін Аляксандр Мяснікоў (Мяснікян), латышы Вільгельм Кнорын і Карл Ландэр ды яўрэй з расійскай глыбінкі Майсей Калмановіч, не бачылі прычын прызнаваць права беларускай нацыі на ўласную дзяржаўнасць. 

Тэрыторыя ССРБ у 1919 годзе пасля адабрання Масквой трох беларускіх губерняў — Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай. Фота: Wikimedia Commons

Па-другое, пад пагрозу існавання савецкую Беларусь ставілі і такія бальшавіцкія палітычныя ініцыятывы, як скарачэнне тэрыторыі да пары паветаў, аб’яднанне з Літвой, развязаная з Польшчай вайна, а таксама настроеныя па-антыбеларуску кадры, якія ставіліся на чале беларускіх рэгіёнаў. Толькі пасля Рыжскага мірнага дагавора і ўзбуйнення тэрыторыі спала пагроза ліквідацыі беларускай дзяржаўнасці ў яе савецкім фармаце.

Нягледзячы на ўсю прагрэсіўнасць рэвалюцыйных задум, дзяржаўныя ўтварэнні ўсё ж збольшага аформіліся па нацыянальнай прыкмеце, а не былі нарэзаныя зыходзячы выключна з эканамічных ці геаграфічных меркаванняў.

Карта Беларусі пасля другога ўзбуйнення. 1928. Фота: Wikimedia Commons

Ужо ў 1922 годзе БССР стала адной з заснавальніц СССР у адным шэрагу з РСФСР, УССР і Закаўказскай СФСР. Ізноў беларуская дзяржаўнасць спатрэбілася савецкаму кіраўніцтву пасля вайны ўжо на замежнапалітычнай арэне, калі СССР пажадаў убачыць усе 16 савецкіх рэспублік (тады яшчэ існавала Карэла-Фінская ССР) у якасці паўнапраўных сяброў навастворанай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Заходнія калегі, праўда, далі дабро толькі дзвюм — Беларускай і Украінскай ССР.

У сувязі з гэтым здавалася, што існаванне Беларускай ССР у складзе Савецкай дзяржавы не падлягае аніякаму перагляду. Але некаторыя звесткі кажуць, што глыбінны крызіс, які ўрэшце разбурыў савецкую імперыю, штурхаў кіраўніцтва да радыкальных планаў.

Этнаграфічная карта СССР станам на 1930 год. Фота: Wikimedia Commons

Да пачатку 1980-х гадоў у СССР адзначалася ўстойлівае зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту і пагаршэнне дынамікі прадукцыйнасці працы, якое пасля атрымае назву «перыяд брэжнеўскага застою». Тым не менш звонку падавалася, што адсутнічаюць якія-небудзь сур'ёзныя палітычныя ўзрушэнні і сацыяльная нестабільнасць. Але, нават калі адкінуць увязванне Савецкай дзяржавы ў непрадуманыя замежнапалітычныя авантуры кшталту вайны ў Афганістане, што моцна пахіснула грамадскую свядомасць, унутры краіны ўсё мацней разгараліся сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці, якія не былі вырашаныя ў папярэднія гады.

Вяртання на гістарычную радзіму патрабавалі выселеныя калісьці «нядобранадзейныя» народы, але нацыянальныя рэспублікі супраціўляліся гэтаму: амаль мільёну немцаў у Казахстане мясцовыя ўлады адмовілі ў аўтаноміі, татарам не далі вярнуцца ў Крым, вяртанню туркаў-месхецінцаў чынілі перашкоды грузінскія ўлады, курдам не дазволілі прыехаць у Азербайджан, не было вырашана пытанне вяртання грэкаў. Гвалтоўныя формы набывалі канфлікты паміж дагестанскімі этнасамі, пераселенымі з высакагорных раёнаў, з чачэнцамі, што вярнуліся з высылкі, на чыіх землях яны былі паселеныя. Небяспечная сітуацыя склалася ў этнатэрытарыяльным канфлікце, які разгарэўся паміж асецінамі і інгушамі.

Не лепш сітуацыя складвалася і на Каўказе, дзе тлеў армяна-азербайджанскі канфлікт, які не скончыўся дагэтуль. Армяне Карабаха прасілі далучыць іх да Арменіі, але савецкае кіраўніцтва было глухім да іх просьбаў. Пры гэтым на «армянскай тэрыторыі» знаходзіўся Нахічэванскі эксклаў Азербайджана, што яшчэ больш пераконвала армян у несправядлівым падзеле. 

Фантан «Дружба народаў» на ВДНГ, у рэчаіснасці ж міжнацыянальная дружба ў СССР заставалася на ўзроўні дэкларацый. Фота: Wikimedia Commons

Шырылася русафобія (дакладней, славянафобія) на месцах. Газета «Праўда» складала рэгулярныя зводкі лістоў з нацыянальных рэгіёнаў і пад грыфам «абсалютна сакрэтна» накіроўвала ў ЦК КПСС. Здараліся выпадкі, калі рускім адкрыта казалі «вяртацца ў сваю Расію». «Наўмысна нядобразычлівае» стаўленне савецкія органы адзначалі ў краінах Балтыі. Адбываліся напады на славянскія пасяленні на Каўказе, што вымушала грамадзян пакідаць межы нацыянальных утварэнняў. 

Русафобіяй былі «заражаны» перш за ўсё нацыянальныя кіроўныя эліты, дакладней, «тытульныя кланы», якія для аблягчэння кіравання не толькі імкнуліся да асіміляцыі нацыянальных меншасцей у сваіх рэспубліках, але і былі гатовыя выкарыстоўваць нацыянальную кансалідацыю з мэтай барацьбы з «рускім» цэнтрам.

Падрываў савецкую сістэму і нацыянальны яўрэйскі рух, які штурхаў мільёны грамадзян яўрэйскага паходжання да выезду ў Ізраіль і краіны Захаду.

У 1977 годзе ў маскоўскім метро быў учынены тэракт, у выніку трох выбухаў загінулі 7 чалавек, яшчэ 37 былі параненыя. Па гэтай справе было схоплена трое армян, якія, як сцвярджалася, хацелі пакараць такім чынам рускіх за прыгнёт армянскага народа. 

Вагон маскоўскага метро пасля тэракта 1977 года, віна за які была ўскладзена на армянскіх нацыяналістаў. Фота: Wikimedia Commons

Нягледзячы на дэкларацыі аб дружбе народаў і стварэнні новай гістарычнай супольнасці — «савецкага народа», адсутнасці нацыянальных супярэчнасцяў у краіне, насамрэч нацыянальная сітуацыя ў той час выглядала як кіпячы кацёл, які мусіў узарвацца.

Добра ўсведамляў гэта і старшыня КДБ СССР Юрый Андропаў, праз чый кабінет праходзілі ўсе паведамленні пра нацыянальныя канфлікты. Дарэчы, існуе версія, што выбухі ў метро ў 1977 годзе былі выкананыя групай «Альфа» па ягоным заданні, каб расправіцца з дысідэнтамі і нацыяналістычнымі элементамі. 

Кіраваць КДБ партыйны работнік быў прызначаны пасля таго, як Брэжнеў зняў Уладзіміра Сямічаснага, якога дыскрэдытаваў правал савецкіх спецслужбаў у маі 1967 года — уцёкі ў ЗША падчас паездкі па Індыі Святланы Алілуевай, дачкі Іосіфа Сталіна. Андропаў на гэтую пасаду не рваўся, але актыўна ўключыўся ў працу. Пры ім структура выйшла з падпарадкавання Савету Міністраў, здабыла поўную самастойнасць і пачала кантраляваць на пачатку 1980-х усе сферы жыцця СССР.

Юрый Андропаў, генеральны сакратар ЦК КПСС, які задумаў ліквідацыю нацыянальных утварэнняў у СССР. Фота: Wikimedia Commons

У маі 1982 года Андропаў пакінуў пасаду старшыні КДБ СССР у сувязі з абраннем на пасаду сакратара ЦК КПСС, якая вызвалілася пасля смерці Міхаіла Суслава. На пасадзе кіраўніка дасведчаны спецслужбіст задумаў праз эканамічна-тэрытарыяльныя ператварэнні канчатковае вырашэнне нацыянальнага пытання. У лістападзе таго ж года, пасля смерці Леаніда Брэжнева, Андропаў узначальвае Савецкі Саюз.

Ужо ў адным з першых публічных выступленняў пасля прыходу да ўлады Андропаў раскрытыкаваў стан савецкай эканомікі і выступіў з заклікам да яе абнаўлення. Аднак у адказ на прапановы навукоўцаў-кансультантаў аб неабходнасці паступовай дэмакратызацыі СССР Андропаў заявіў: «Мы павінны спачатку накарміць і апрануць людзей», — успамінаў яго памочнік Георгій Шахназараў.

Марай Андропава было паўтарыць поспехі сацыялістычнай Венгрыі. Там камуністычным уладам удалося вырашыць праблему дэфіцыту тавараў, збудаваць «гуляш-сацыялізм»: любы венгр мог сабе купіць мяса ў той час, калі ў «звышдзяржаве» з гэтым былі адчувальныя праблемы.

Янаш Кадар, якога паставілі кіраваць Венгрыяй пасля здушэння савецкімі войскамі паўстання ў 1956 годзе, незаўважна адышоў ад татальнага дзяржаўнага планавання і даў прадпрыемствам самастойнасць, сялянам было дазволена мець вялікія прысядзібныя ўчасткі. А сама Венгрыя стала пазычаць у МВФ вялікія грошы, каб купляць на іх тэхналогіі. 

Але гэтак жа добра Андропаў з уласнага досведу ведаў і адваротны бок медаля. Калі ў Венгрыі выбухнула паўстанне, ён быў у Будапешце на пасадзе савецкага пасла.

З ім назаўсёды застаўся страх перад народнымі хваляваннямі. Савецкі дыпламат Алег Траяноўскі прыводзіў словы Андропава: «Вы не ўяўляеце сабе, што гэта такое — статысячныя натоўпы, нікім не кантраляваныя, выходзяць на вуліцы».

Для вывучэння мясцовага вопыту ў верасні 1983 года ў Венгрыю быў накіраваны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў.

Андропаў убачыў шлях, якім здолее «забіць двух зайцаў»: з аднаго боку, пагасіць небяспечныя для Саюза нацыянальныя канфлікты, а з другога — рэалізаваць свае эканамічныя мары.

У тым жа 1983 годзе ён даручыў свайму памочніку па эканоміцы Аркадзю Вольскаму і акадэміку Яўгену Веліхаву распрацаваць праект перафармавання Савецкага Саюза і яго падзелу на адмысловыя эканамічныя тэрыторыі, якія б замянілі сабой нацыянальныя рэгіёны. Няма тытульных нацый — няма нацыянальных канфліктаў. Вольскі праз гады распавядаў, што Андропаў прама паставіў задачу перакроіць карту краіны «па тыпу Штатаў»:

«Выклікае мяне аднойчы Юры Уладзіміравіч і кажа: «У нас занадта шмат суб'ектаў СССР. Давайце звядзём іх усе ў 15—16 эканамічных рэгіёнаў і зробім іх, як штаты ў ЗША, бо падзел па нацыянальнай прыкмеце не характэрны ніводнай краіне свету, акрамя нашай! Так што вы прадумайце і накрэсліце мне карту гэтых рэгіёнаў!»

У 2006 годзе, пасля смерці Вольскага, была надрукавана больш падрабязная перадача слоў Андропава:

«Давайце канчаць з нацыянальным падзелам краіны. Дайце меркаванне аб арганізацыі ў Савецкім Саюзе штатаў на аснове колькасці насельніцтва, вытворчай мэтазгоднасці, і каб утвараючая нацыя была пагашана. Намалюйце новую карту СССР».

Этнаграфічныя карта СССР станам на 1970-я гады. Падзел на эканамічныя макрарэгіёны мусіў пагасіць нацыянальныя рухі, якія раздзіралі Саюз. Фота: Wikimedia Commons

Было падрыхтавана 15 варыянтаў новага адміністрацыйнага дзялення СССР, дзе колькасць макрарэгіёнаў вагалася ад 29 да 41. Андропаў быў гатовы даць новым штатам СССР вялікую эканамічную самастойнасць і «марыў аб міжрэгіянальных рынках».

На вялікі жаль, іншых дакументальных сведчанняў аб праекце, акрамя слоў Вольскага, пакуль не апублікавана, таму меркаваць пра новы падзел тэрыторыі СССР можна толькі тэарэтычна.

Калі зыходзіць з колькасці насельніцтва СССР і колькасці запланаваных рэгіёнаў, то ў адным штаце мусіла пражываць ад 7,2 да 10 мільёнаў жыхароў. У той час насельніцтва Беларускай ССР складала каля 9,5 млн. Гэта значыць, што яна магла як цалкам утвараць адзін штат, так і быць падзеленай на некалькі частак, аб’яднаных з часткамі сумежных рэспублік. Улічваючы антырасійскія настроі ў краінах Балтыі, частка Беларусі магла быць аб’яднаная з часткай Літвы, утварыўшы своеасаблівую рэінкарнацыю ЛітБела, а іншая частка — з украінскімі ці расійскімі тэрыторыямі. 

У любым выпадку гэта азначала ліквідацыю савецкай Беларусі як палітычнага і нацыянальнага суб’екта, канчатковае растварэнне беларускай нацыі ў «савецкім народзе» з супольнай культурай і мовай (якімі чамусьці аказаліся руская культура і руская мова).

Антыкамуністычны мітынг апазіцыі 7 лістапада 1990 года на плошчы Леніна ў Мінску. Фота: Wikimedia Commons

Рэформа так і засталася ў архіве, таму што Андропаў хутка захварэў і ў 1984 годзе памёр, а Чарненка і Гарбачоў, якія прыйшлі яму на змену, пра ідэю свайго папярэдніка нават не ўспаміналі. Першы з-за цяжкай хваробы быў амаль непрацаздольны і таксама хутка далучыўся да «гонкі на лафетах», другі распачаў перабудову краіны па сваім уласным разуменні.

Андропаў, які быў гатовы да радыкальных мер для нейтралізацыі ўнутраных канфліктаў, сам жа «падклаў міну» пад савецкае грамадства. Як вынікае з успамінаў, у 1979 годзе менавіта ён, будучы старшынёй КДБ, разам з міністрам замежных спраў Андрэем Грамыкам настаялі на рашэнні забіць прэзідэнта Хафізулу Аміна і ўвесці «абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў» у Афганістан. 

Унутраныя супярэчнасці, у тым ліку нацыянальныя, падмацаваныя замежнапалітычнымі і эканамічнымі няўдачамі, падарвалі савецкую імперыю і, урэшце, прывялі да з'яўлення незалежнай беларускай дзяржавы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Праз сакрэтнасць як след не папярэдзілі нават сваіх. Як ДнепраГЭС двойчы падарвалі падчас вайны — спачатку рускія, а пасля немцы

Калі ў Беларусі з’явілася слова «дранікі»? Вы здзівіцеся, як позна

Праскрыпцыі Сулы — «Чорная кніга Рыма»? Як рымскі консул вынішчаў ворагаў рэспублікі

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Кажан/адказаць/
30.12.2023
Хай бы ўжо кацапстан распаўся на 25 дзяржаў. Само існаваньне Расеі пагражае ўсяму цваілізаванаму сьвету.
0
Аххаха/адказаць/
30.12.2023
Руский мне не брат!!!, сам сябе выкрываеш? Правільна, малойца!  
31.12.2023
Анфиса, о-о! "анфис" выпусцілі пабрахаць. Ну а як жа, такая тэма!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031