Знайсці
01.05.2023 / 09:23РусŁacБел

Частыя ратацыі камандавання УС РФ дадаюць хаосу і зніжаюць эфектыўнасць кіравання арміяй — ISW

Інстытут вывучэння вайны (ISW) аналізуе  няспынныя перастаноўкі ў вышэйшым вайсковым камандаванні расійскімі войскамі ва Украіне. Паводле аналітыкаў, гэта зніжае палітычную вагу генералітэту, што выгадна для захавання ўлады Пуціна, але зніжае эфектыўнасць кіравання арміяй.

Частыя ратацыі камандавання УС РФ зніжаюць эфектыўнасць кіравання арміяй, мяркуюць аналітыкі ISW

Эксперты згадваюць гісторыі камандуючых Аляксандра Дворнікава, Генадзя Жыдко, Сяргея Суравікіна, Аляксандра Лапіна, Міхаіла Цяплінскага, Алега Макарэвіча і іншых людзей, якія то былі аператыўна звольненыя са сваіх пасад, то вярталіся з апалы з павышэннем.

ISW сцвярджае, што першапачаткова Пуцін не хацеў прызначаць камандуючага ўварваннем, каб прадставіць хуткую перамогу як сваю заслугу. Эксперты праводзяць паралелі з супрацьстаяннем Іосіфа Сталіна і Георгія Жукава падчас Другой сусветнай вайны. Пуцін не хацеў, каб з’явілася асоба, якая магла бы адцягнуць увагу на сябе.

Але хуткай перамогі не здарылася. Камандуючага войскамі прызначыць прыйшлося. Восьмага красавіка 2022 года ім стаў Аляксандр Дворнікаў. Тады ж Пуцін паставіў яму задачу цалкам захапіць Данецкую вобласць да Дня Перамогі 2022 года. Дворнікаў гэтых мэт не дасягнуў. Ужо 26 мая яму на змену прыйшоў Генадзь Жыдко.

Абодва камандзіры выконвалі двайную ролю — акрамя кіравання групоўкай расійскіх войскаў ва Украіне, яны заставаліся кіраўнікамі сваіх вайсковых акругаў, то-бок былі не вышэйшымі над іншымі, а «першымі сярод роўных». ISW звязвае такое кадравае рашэнне Пуціна з нежаданнем даваць генералам паўнату ўлады, а таксама каб мець магчымасць прыбіраць іх пасля няўдач без моцнага паніжэння, а пасля вяртаць па патрэбе.

ISW спыняецца на асобе кіраўніка Генштаба Валерыя Герасімава. Эксперты распавядаюць, як Пуцін то пераконваўся ў эфектыўнасці антыгерасімаўскай фракцыі, у першую чаргу ПВК «Вагнер» і войскаў Кадырава, то зноў прызначаў на вышэйшыя пасады падначаленых кіраўніка Генштаба. Падобныя дзеянні, мяркуе ISW, парушалі планаванне аперацый.

Прызначэнне Сяргея Суравікіна камандуючым уварваннем выклікала ўздым эфектыўнасці дзеянняў ПВК «Вагнер». Умацаванне іх пазіцый «нервавала многіх» як у Крамлі, так і ў Міністэрстве абароны. Пасля ўзяцця Салядара з непрапарцыйнымі стратамі, да студзеня 2023 года Герасімаў змог пераканаць Пуціна вярнуць звольненых камандзіраў — Лапіна, Дворнікава і іншых, а таксама прызначыць сябе на месца Суравікіна.

Так у камандаванні канчаткова склалася «двухпартыйная» сістэма — прыхільнікаў і праціўнікаў Герасімава, што ўнесла яшчэ большы хаос у кіраванне войскамі і пастаянную барацьбу падраздзяленняў адно з адным.

У некаторых дзеяннях эксперты нават бачаць помсту адных іншым з-за падрыхтоўкі суіцыдальных заданняў або абмежаванняў у чалавечых і лагістычных рэсурсах. 

ISW мяркуе, што Пуцін спрабуе захоўваць баланс паміж дзвюма гэтымі групоўкамі. Тым не менш, Герасімаву найбліжэйшым часам наўрад ці пагражае адстаўка, бо гэта ўдарыць па рэпутацыі Крамля і іміджы Міністэрства абароны як адзінай структуры. Таксама эксперты звяртаюць увагу на тое, што Пуцін не лічыць Герасімава за чалавека, які можа падарваць яго аўтарытэт як лідара ўварвання ва Украіну.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031