Пробашч бабруйскага касцёла: Усё не так страшна, тое-сёе напрыдумлялі
Сёння з'явілася інфармацыя, што касцёл Беззаганнага Зачацця Прасвятой Дзевы Марыі ў Бабруйску можа сутыкнуцца з сітуацыяй, якую ўжо мае Чырвоны касцёл у Мінску, калі ўлады прымушаюць плаціць арэндную плату, а ў перспектыве могуць і зусім выселіць. З'явіліся нават чуткі, што збіраюцца разбурыць касцельны арган. Але ксёндз Андрэй Яркавец, з якім паразмаўляў «Вячэрні Бабруйск», запэўнівае: усё насамрэч не так страшна.
«Так, днямі мы атрымалі пастанову ад выканкама Ленінскага раёна, дзе сказана, што з 1 лютага нам неабходна аплочваць арэнду сваіх памяшканняў. Раней нам ішлі насустрач і аплату за арэнду не налічвалі. Цяпер у наступныя паўгода трэба будзе плаціць.
Але рэч у тым, што, па дзяржаўных нарматывах, каб перадаць будынак ва ўласнасць касцёла, трэба, каб перад тым аплачвалася ягоная арэнда. Гэтаксама плаціў за арэнду магілёўскі касцёл, а потым атрымаў будынак на 5 год у бязвыплатнае карыстанне.
Таму мы будзем плаціць арэнду, а каб паменшыць яе памер, вызвалім частку памяшканняў, якія нам не вельмі патрэбныя. У тым ліку на другім паверсе. Але гэта не значыць, што трэба разбіраць арган, гэтыя ўжо чуткі самі напрыдумлялі».
Журналістка Любоў Лунёва ў фэйсбуку таксама на падставе сваіх крыніц сцвярджае, што журналісты сітуацыю занадта драматызуюць:
«Улады і раней прапаноўвалі перадаць супольнасці ўвесь комплекс: і будынак касцёла, і пяціпавярховую прыбудову да яго. Але праблема ў тым, што парафія не мае такіх сродкаў, каб знесці непатрэбную ёй прыбудову, якая толькі псуе выгляд святыні. Да таго ж, няма сродкаў, каб гэтыя плошчы ахоўваць».
п.с. цікавы сімбіоз будынкаў. і малавядомы. Беларусь глыбінная поўная сюрпрызаў)