Знайсці
06.09.2022 / 12:44РусŁacБел

Чыноўнікі па-ранейшаму хаваюць статыстыку па смяротнасці за 2020 год

Звесткі аб смяротнасці ў Беларусі ў апошні раз абнаўляліся больш чым два гады таму. Больш свежыя лічбы па гэтым паказчыку ў Белстаце дагэтуль не палічылі. Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце падчас прамой тэлефоннай лініі, піша Zerkalo.io.

Вось ужо больш чым два гады Белстат не абнаўляе даныя па нараджальнасці і смяротнасці беларусаў. Так супала, што публікаваць гэтую статыстыку перасталі ў перыяд пандэміі каранавіруса, калі беларускія чыноўнікі, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, адмаўлялі сур'ёзны ўплыў COVID-19, а да статыстычных даных Міністэрства аховы здароўя ў беларусаў было нямала пытанняў.

6 верасня ў Белстаце паведамілі, што інфармацыя па нараджальнасці і смяротнасці не падлічаная да гэтага часу.

— Яшчэ даных няма. Пакуль мы не можам сказаць, калі іх можна чакаць. Як толькі [яны будуць гатовыя], інфармацыя адразу з'явіцца на сайце, — адказалі ў Белстаце.

— Гэта неяк звязана з пандэміяй?.

— Не. Даныя яшчэ знаходзяцца ў працэсе апрацоўкі, — адказалі ў арганізацыі.

Нагадаем, Белстат не публікуе даныя аб нараджальнасці і смяротнасці ў Беларусі з мая 2020 года. Гэта значыць, самыя свежыя даныя па гэтых паказчыках грамадскасці вядомыя толькі за 2019 год.

Улетку 2020 года са статыстыкі ААН вынікала, што ў Беларусі смяротнасць па выніках першага паўгоддзя пабіла пяцігадовы рэкорд. Памерлых налічвалася 66,9 тысячы, хоць на працягу папярэдніх гадоў гэты паказчык не перавышаў 62,5 тысячы. А ў чэрвені 2020-га колькасць смерцяў на 3753 выпадкі перавысіла паказчык за той жа месяц 2019 года. Адразу пасля таго, як медыя апублікавалі гэтую інфармацыю, у базе даных ААН яе перасталі абнаўляць. Гэта можа сведчыць пра тое, што Беларусь больш не падавала арганізацыі гэтыя звесткі.

У лістападзе 2020 года ў Белстаце тлумачылі, што статыстыку да таго часу не апублікавалі, таму што «СААЗ пакуль яшчэ не распрацавала адзіную метадалогію ўліку колькасці памерлых ад наступстваў, звязаных з пандэміяй COVID-19».

Праз больш чым год пасля адсутнасці даных па смяротнасці ў статыстычным камітэце адказвалі, што даныя ўсё яшчэ знаходзяцца «ў працэсе распрацоўкі» і не ведалі, калі гэтая інфармацыя будзе гатовая да публікацыі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
7
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031