Дзяніс Знак, які сказаў Лукашэнку пра недавер народа да дзяржаўнай прапаганды, расказаў, дзе чытае навіны сам
Студэнт біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніс Знак, які падчас адкрытага ўрока паведаміў Лукашэнку, што «большая частка народа адмаўляецца слухаць праўладную інфармацыю», у эфіры «Беларусь 1» расказаў, якія крыніцы інфармацыі ў яго самога
Скрыншот з відэа
Пытанне Дзянісу задала ў эфіры 4 верасня ў сюжэце, дзе апытваліся некалькі ўдзельнікаў той сустрэчы, прапагандыстка Анастасія Бенедзісюк. Хлопец адказаў, што мэтанакіравана нібыта нічога не чытае, а інфармацыю чэрпае з алгарытмаў Google.
«Проста адкрываю мабільны Chrome і ён мне выдае нейкія навіны, якія мне могуць быць цікавыя. Ну і часам з'яўляецца нешта пра палітычную сітуацыю ў свеце», — сказаў Дзяніс Знак.
Бенедзісюк тады згадала, што Лукашэнка падчас свайго адказу закрануў «многія тэмы» і запыталася, ці ўзяўся Дзяніс іх цяпер штудзіраваць.
«Шчыра кажучы, было не да гэтага. Таму, што вельмі шмат людзей пачало пісаць і ўрэшце было занадта шмат адрэналіну, каб успрымаць новую інфармацыю», — адказаў студэнт.
Адносна ж таго, ці будзе ён гэтым займацца хоць пазней, паведаміў, што плануе гэта рабіць «у перспектыве, маленькімі крокамі».