Знайсці
02.09.2022 / 14:07РусŁacБел

«Фізічная цэласнасць АЭС была парушаная некалькі разоў». Кіраўнік МАГАТЭ распавёў пра стан Запарожскай АЭС

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі вярнуўся на падкантрольную Украіне тэрыторыю і расказаў журналістам пра стан Запарожскай АЭС. Ён правёў на станцыі некалькі гадзін.

«Відавочна, што фізічная цэласнасць электрастанцыі была парушаная некалькі разоў. Так не можа працягвацца», — цытуе словы Гросі «Бі-бі-сі».

Паводле Гросі, яму ўдалося абысці ўсю Запарожскую АЭС і ўбачыць ключавыя часткі станцыі. У прыватнасці, аварыйныя сістэмы і дыспетчарскія. Цяпер яго каманда, якая засталася на АЭС, будзе аналізаваць тэхнічныя аспекты.

«Мы нікуды не адыходзім. МАГАТЭ цяпер там, на электрастанцыі, і інспектары не сыходзяць — яны застануцца там», — падкрэсліў Гросі.

Ён таксама адзначыў, што спецыялісты агенцтва дадуць бесстароннюю, нейтральную і тэхнічна абгрунтаваную ацэнку таго, што адбываецца на Запарожскай АЭС.

Акрамя таго, Гросі распавёў пра абстрэлы ў раёне Запарожскай АЭС, якія яму ўдалося асабіста ўбачыць.

«Былі моманты, калі было відавочна, што страляюць: кулямётны агонь, мінамёты. Два-тры разы было сапраўды вельмі трывожна, я б сказаў, для ўсіх нас», — сказаў ён.

Расія і Украіна абвінавачваюць адно аднаго ў абстрэлах станцыі і горада Энергадара. Агонь не спыняўся нават у дзень прыезду місіі МАГАТЭ, з-за чаго экспертам давялося затрымацца на тры гадзіны.

Расійскія войскі захапілі Запарожскую АЭС неўзабаве пасля пачатку ўварвання ва Украіну, у сакавіку 2022 года. З таго часу Кіеў і Масква неаднаразова абвінавачвалі адно аднаго ў абстрэлах тэрыторыі побач з АЭС. На пачатку жніўня ў МАГАТЭ казалі, што на Запарожскай АЭС масава парушаюць пратаколы бяспекі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
0
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031