У новы склад Міжведамаснай рады па рэкламе не ўключылі прадстаўнікоў бізнесу
У Беларусі — новы склад Міжведамаснай рады па рэкламе. У ёй больш няма прадстаўнікоў бізнэсу. Новы склад рады апублікаваны на сайце Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Ён зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 28 сакавіка 2022 года, звярнуў увагу marketing.bу.
З рады выключылі прадстаўнікоў пяці бізнэс-асацыяцый, якія мелі дачыненне да рэкламнай індустрыі.
Міжведамасная рада па рэкламе цяпер уключае 29 чалавек — прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, такіх, як МАРГ, Мінінфарм, Мінкульт, Мінспорту і турызму, аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, а таксама прадстаўнікоў БДУ.
Рада была створаная ў 2013 годзе ў мэтах удасканалення ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, вытворцаў рэкламы, рэкламараспаўсюджвальнікаў па пытаннях стварэння спрыяльных умоў для ўстойлівага развіцця рэкламнага рынку ў Беларусі, абароны грамадства ад неналежнай рэкламы, а таксама для выпрацоўкі рэкамендацый па правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў вобласці рэкламы і г.д.