Знайсці
26.11.2021 / 15:26РусŁacБел

25-гадовы курд памёр у той самы дзень, калі дабраўся да Нямеччыны праз Беларусь

Калі ў курдскі горад Сулеймані прыйшла навіна пра смерць Бахціяра Анвара, які даехаў да Нямеччыны праз Беларусь, але ў той жа дзень памёр, у горадзе пачаліся шматтысячныя пратэсты моладзі. Пра роспач маладых курдаў, пратэсты і яшчэ адну смерць мігранта піша курдскі навінавы партал Rudaw.

Бахціяр Анвар памёр 23 лістапада, у той самы дзень, калі дабраўся да Нямеччыны. Фота: Rudaw

Адзін з удзельнікаў пратэсту, Муса Алі, расказвае, што ў аўторак даведаўся пра смерць свайго стрыечнага брата, Бахціяра, які за месяц да гэтага з’ехаў з Сулеймані ў Беларусь.

Бахціяру Анвару ўдалося перайсці мяжу, перажыць начныя маразы ў лесе і нават дабрацца да Нямеччыны, расказвае Муса Алі. Але пасля пераахалоджвання ў пушчы яго арганізм доўга не вытрымаў, і ў той жа дзень, калі дабраўся да запаветнай Нямеччыны, ён памёр.

Гэта была не першая спроба маладога курда прарвацца праз беларуска-польскую мяжу — у верасні яго дэпартавалі ў Ірак, але ён заплаціў яшчэ восем тысяч даляраў і ўсё ж паляцеў у Беларусь яшчэ раз.

Бахціяр быў бежанцам ад самага пачатку свайго жыцця — ён нарадзіўся ў 1996 годзе у лагеры для курдскіх уцекачоў у Іраку. Усё жыццё быў вымушаны пераязджаць, то ўцякаючы ад арабскіх сунітаў, то вяртаючыся ў Курдыстан. Пасля школы ён не знайшоў лепшай працы, як прадаваць шарбет (падсалоджаны фруктовы сок), але пры гэтым з захапленнем самастойна займаўся праграмаваннем.

Гэта ён вёў адзін з рэпартажаў з мітынгу мігрантаў у Мінску, бо меў надзвычай вялікую аўдыторыю ў Фэйсбуку — 10 тысяч чалавек.

«Дарагі Бахціяр, калі ласка, падыміся зноў, — напісаў адзін з яго сяброў, Сараван Азім, у сацыяльных сетках. — Ты нарэшце здзейснііў сваю мару — уратаваўся з гэтай праклятай зямлі. Маё сэрца разбітае. Гэта як сон, але няма каму мяне абудзіць».

Пратэсты моладзі ў Курдыстане былі выкліканыя не смерцю мігранта, а палітыкай урада Курдыстана, але мігранцкі крызіс сам па сабе — наступства гэтай палітыкі.

Палітычная цэнзура, беспрацоўе, палітыка жорсткай эканоміі і штурхаюць людзей на масавыя ўцёкі ў Еўропу любым коштам.

Пратэсты моладзі ў Сулеймані 23 лістапада 2021 году. Фота: Sulaimaniya Portest Committee

Чатыры дні запар, з нядзелі да серады, у курдскіх гарадах Эрбілі, Сулеймані ды іншых праходзілі шматтысячныя пратэсты. Пратэстоўцы патрабавалі рэформаў у Курдыстане, каб людзі не ўцякалі і не гінулі. Сілавікі стралялі па пратэстоўцах гумовымі кулямі, выкарыстоўвалі слезацечны газ, і нават ужывалі баявыя кулі. Адзін студэнт быў паранены.

«Студэнты выйшлі на дэманстрацыю, каб дамагчыся вяртання стыпендый, сваіх законных правоў, але ўлады выкарысталі супраць іх непрапарцыную сілу і гвалт», — расказаў Аль-Джазіры Мустафа Халід, жыхар Сулеймані.

«І калі кагосьці цікавіла прычына, чаму мігранты паехалі на мяжу Беларусі — дык вось вам прычына», — дадаў ён.

«Некаторыя гаварылі, што прадалі ўсё і гэтыя грошы ў іх тут адабралі». Настаўніца англійскай мовы з Ліды расказала, што ўбачыла ў «Брузгах»

«Мы цяпер захраслі тут на ўсё жыццё». Курды, якія вярнуліся з Беларусі тыдзень таму, трапілі ў яшчэ большую нявыкрутку

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930