Знайсці
01.07.2021 / 16:37РусŁacБел

У вёсцы на Ясельдзе хлопец выратаваў дзвюх пляменніц, а сам патануў — падрабязнасці трагедыі

Увечары 30 чэрвеня адбылася трагедыя на рацэ Ясельда, непадалёку ад вёскі Буса Іванаўскага раёна. Малады хлопец пасвіў кароў. Да яго прыйшла жонка з дзвюма малымі пляменніцамі, якія вырашылі пакупацца ў рацэ. У нейкі момант яна пачала клікаць на дапамогу. Мужчына кінуўся іх ратаваць. Жонка выбралася з вады самастойна, муж паспеў выпхнуць дзяўчынак да берага, аднак сам патануў. Хлопца звалі Уладзіслаў Сахарэвіч. Яму было 22 гады. 

«Ён з праблемнай шмадзетнай сям’і. Выпівалі.

Але сам Уладзіслаў — вельмі парадачны чалавек. Ён сам карабкаўся па жыцці, але ніколі не піў, заўсёды добра працаваў. Адвучыўся ў ліцэі ў Пінску, але вярнуўся да нас, бо не было дапамогі і грошай, каб застацца ў горадзе, — расказвае Людміла Мельнік, намесніца па жывёлагадоўлі прадпрыемства «Моладава-Агра», дзе працаваў хлопец. — Працаваў у нас жывёлаводам: зімой даглядаў кароў, летам пасвіў.

Нічога кепскага не магу ўзгадаць пра яго. Заўсёды дапамагаў, заўсёды добра працаваў. Просты харошы хлопец».

У кастрычніку 2020 года Уладзіслаў ажаніўся. Сёлета 13 красавіка ў яго нарадзіўся сын Арсеній.

«Сына вельмі любіў. Я была на выпасе, пыталася: «Ну як, Улад, там твой сынок?» А ён як пра сына расказваў, то ўвесь аж свяціўся. Планаваў купіць дом тут, у Моладаве, як заробіць грошай. Але пакуль жыў у Бусе разам з бацькамі, дапамагаў ім. Казаў: «Не магу пакуль ад бацькоў з’ехаць, бо трэба маці дапамагаць», — узгадвае Людміла Мельнік. — Быў фактычна адзіным кармільцам: бацька ляжыць пасля інсульта, прыкуты да ложка. Сёстры жывуць асобна са сваімі сем’ямі».

Дзяцей адной са сваіх сясцёр Уладзіслаў і выратаваў коштам уласнага жыцця.

«Не скажаш, што там, дзе ўсё адбылося, небяспечна, але там не плаваюць. Але вось неяк знайшлося глыбокае нейкае месца… Уладзіслаў палез ратаваць тых дзяцей. Іх змог выштурхнуць, але сам не выратаваўся», — кажа Людміла Мельнік.

Пахаваюць хлопца 2 ліпеня ў яго роднай вёсцы.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера